Дзе апранаюцца і робяць прычоскі жыхаркі сёл з Глускага раёна

Прыгажосць выратуе вёску

Ці лёгка быць абаяльнай і прывабнай у глыбінцы
Гадоў яшчэ дзесяць таму, сустрэўшы на вуліцы даму з прэтэнзіяй на элегантнасць, можна было лёгка здагадацца, гараджанка яна ці жыхарка сяла. І апраналіся, і прычэсваліся сельскія жыхаркі зусім не так, як гарадскія. І макіяж на іх выглядаў інакш, не кажучы ўжо пра абутак і галаўныя ўборы. Але ўсё мяняецца. Сёння незалежна ад месца жыхарства многія нашы прыгажуні добра разбіраюцца ў модзе, наведваюць касметычныя салоны. Хаця, вядома, магчымасцей быць у трэндзе ў гараджанак па-ранейшаму больш: на кожным кроку цырульні, салярыі, трэнажорныя залы. Як жа ўдаецца выглядаць на ўсе сто жыхаркам глыбінкі, дзе няма пералічаных вышэй устаноў для навядзення глянцу?

Наталля Пугачова, прыёмшчык комплекснага прыёмнага пункта, мужчынскія стрыжкі навучылася рабіць сама. А вось з жаночымі прычоскамі спраўляецца толькі прыезджы майстар.

Глускі раён — адзін з самых аддаленых на Магілёўшчыне. І ў самім райцэнтры не так ужо і многа гандлёвых кропак, у якіх прадаюцца модныя рэчы, а цырульняў усяго дзве на раён. Што ўжо казаць, да прыкладу, пра аграгарадок Калацічы, які хаця і размешчаны ўсяго ў чатырох кіламетрах ад Глуска, але магазіна адзення тут няма зусім, а жаночы цырульнік толькі зрэдку прыязджае, у асноўным па пятніцах, у ранішні час, калі амаль усе тутэйшыя прыгажуні на працы, і толькі на чатыры гадзіны!

Але ж у Калацічах жыве каля 650 чалавек, сярод якіх нямала моладзі. Толькі дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў тут больш за 150. І каму ж яшчэ, як не старшакласніцам, цікавіцца модай?!

Я дабралася да аграгарадка бліжэй да поўдня, усё ж такі шлях няблізкі: спачатку ад Магілёва на маршрутцы да Бабруйска, затым яшчэ 49 кіламетраў зноў жа на маршрутцы да Глуска, а ўжо адтуль на папутцы да месца прызначэння.

Вуліцы аграгарадка ў гэты час пустыя, дарослыя на працы, дзеці ў школе. Хіба што некалькі пенсіянераў ішлі мне насустрач з магазіна.

Дарэчы, магазінаў тут цэлых два, але абодва харчовыя, па прамтавары ўсё роўна трэба ездзіць у горад.


Зоя Сіраж упэўнена, што дырэктар — твар Дома культуры, таму заўсёды трэба быць пры парадзе і ў настроі.
А ў вестыбюлі сельскага Дома культуры мяне сустракае яго дырэктар Зоя Сіраж, з прычоскай, макіяжам і прамяністай усмешкай. Яна ўпэўнена, што дырэктар — твар Дома культуры, таму заўсёды трэба быць пры парадзе і ў настроі. Зою цалкам можна лічыць ужо карэннай мясцовай жыхаркай. Пасля заканчэння Магілёўскага культасветвучылішча выйшла замуж. Працуе ў Калацічах ужо 30 гадоў.

Яна гаворыць шчыра:

— Да нас часта прыязджаюць з канцэртамі знакамітасці, да прыкладу, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, і, разумееце, вельмі не хочацца на іх фоне выглядаць не на ўзроўні. Так што мы, работнікі культуры, стараемся адпавядаць. Як вядома, заробкі ў нас невялікія, даводзіцца апранацца нядорага, але з густам. У Глуску ёсць пара выдатных камерцыйных кропак, якія гандлююць моднымі рэчамі, часам можна набыць нешта вартае і ва ўнівермагу райпо. Ну а каб прыбрацца да сур’ёзнага ўрачыстага мерапрыемства — вялікага канцэрта, фестывалю, — заўсёды адпраўляемся ў Бабруйск або Мінск, прычым не ў магазіны, а на кірмашы, дзе цэны цалкам дэмакратычныя і велізарны выбар.

Як высветлілася, прычоску, даволі складаную, дырэктар Дома культуры даўно навучылася рабіць самастойна, паназіраўшы аднойчы, як працуе цырульнік-прафесіянал з Глуска. Бо не наездзішся ў райцэнтр кожную раніцу. Тое ж самае і з макіяжам.

А вось крэмамі для твару яна амаль не карыстаецца, аддае перавагу касметыцы натуральнай. Пэўныя старадаўнія рэцэпты садавінных і ягадных масак ёй даўно, у ранняй маладосці, перадала бабуля, іншыя падгледзела ў інтэрнэце. Так што хаця б у гэтым у сельскай жыхаркі ёсць перавага перад гараджанкай, уся прыродная касметыка расце на ўласным агародзе. Бо Зоя жыве ў сваім доме, трымае гаспадарку і пры гэтым умудраецца манікюр не сапсаваць.

Працуе самастойна над сваім іміджам і мастацкі кіраўнік Дома культуры Наталля Юрчанка. Яна смяецца:

— Мы такія работнікі сферы культуры: не толькі самі прыбяромся-падфарбуемся, але і другіх зробім прыгожымі, асабліва нашых удзельніц мастацкай самадзейнасці перад выступленнем.

А наогул, кожны на сяле прыстасоўваецца наводзіць марафет як можа. Сёння, да прыкладу, вельмі папулярныя машынкі для стрыжкі з рознымі насадкамі. Некаторыя сяльчанкі іх ахвотна купляюць і стрыгуць мужоў, дзяцей, а заадно ўжо і суседзяў, і аднакласнікаў сваіх сыноў-падлеткаў. Аднак іншы раз нават прадстаўнікі моцнага полу не пагаджаюцца стрыгчыся дома, не кажучы ўжо пра дам.

Для многіх, як распавядаюць самі вяскоўцы, паход у цырульню — гэта падзея, рытуал.

Зрабіць прычоску для мужчыны ў аграгарадку не праблема. На шчасце, гэтаму рамяству навучылася прыёмшчыца комплекснага прыёмнага пункта, размешчанага ў будынку сельсавета, Наталля Пугачова. І хаця сярод яе кліентаў трапляюцца часам вельмі капрызныя, нават людзі старэйшага ўзросту нярэдка патрабуюць не проста пакараціць валасы, а зрабіць нешта асаблівае, пакуль яна спраўляецца. Горш з дамамі, ім дагадзіць можа толькі прыезджы жаночы цырульнік з Глуска. Але патрапіць да майстра можна толькі па папярэднім запісе. Вось і даводзіцца шматлікім мясцовым модніцам ездзіць у цырульню ў Глуск або нават у Бабруйск.

Што праўда, прадаецца адзенне і ў комплексным прыёмным пункце ў Наталлі Пугачовай, ды толькі асартымент тут, мякка кажучы, зусім небагаты. У асноўным гэта камізэлькі, штаны вытворчасці ААТ “Глускія бытпаслугі”. Усё цёплае, недарагое, але, на жаль, “моднымі” гэтыя вырабы не назавеш нават з нацяжкай. Адзіны плюс — кошт. Дзе яшчэ купіш уцепленую камізэльку з плашчоўкі на маланцы за 18 рублёў? Але ўсё ж... Таму і самой Наталлі даводзіцца час ад часу ездзіць па адзенне ў бліжэйшыя гарады.

А ўжо з абутку ў прыёмным пункце прадаюцца наогул толькі гумовыя боты ды галошы, так што без выязнога шопінгу ніяк не абыдзешся.

Але мясцовыя даўно прызвычаіліся да “качавога” ладу жыцця. Здаецца, ён іх не напружвае, быццам так і трэба. Ездзіць прыходзіцца ў буйныя гарады і па “галівудскую ўсмешку”, да стаматолагаў. Зубы жыхары Глускага раёна ставяць у асноўным у Бабруйску, Магілёве ці ў сталіцы. Вядома, аплата паездак — дадатковыя выдаткі. Затое ёсць магчымасць “выйсці ў людзі”, пабываць у вялікіх гарадах, палюбавацца на іх адметнасць, паназіраць, як апранаюцца гараджане, каб улавіць апошнія павевы моды.

Дарэчы, фітнес-трэнер у Калацічы прыязджае з Глуска па некалькі разоў на тыдзень, праводзіць заняткі, якія сталі вельмі папулярнымі ў сельскіх прыгажунь усіх узростаў. Бо знешняя прывабнасць — гэта не толькі прыгожыя сукенка і прычоска, але і постаць, адсутнасць лішніх кілаграмаў. Здаровы лад жыцця ў аграгарадку даўно ўвайшоў у моду.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter