К 125-летию Фаины Раневской телеканалы ОНТ и «Культура» покажут документальные фильмы, посвященные великой советской актрисе

Прыгажосць — страшная сiла!

Кажуць, калi бацька Фаiны Ранеўскай, багаты таганрогскi прамысловец, даведаўся аб жаданнi дачкi стаць актрысай, яго ахапiў жах. «З такой знешнасцю, як у цябе, актрысамi не становяцца!» — крычаў ён у лютасцi. Але ўпартая Фанi бацьку не паслухала i насуперак усiм абставiнам здзейснiла дзiцячую мару. I стала знакамiтай актрысай — яе ўдзел у любым спектаклi або фiльме адразу станавiўся падзеяй. 27 жнiўня, у дзень нараджэння знакамiтай актрысы, на тэлеканале «Культура» пакажуць новы выпуск праекта «Астравы», ёй прысвечаны. А пасля ў 12:25 у гледачоў будзе магчымасць убачыць Фаiну Ранеўскую на сцэне тэатра iмя Массавета. Разам з Расцiславам Плятам яна сыграе ў спектаклi Анатоля Эфраса «Далей — цiшыня» паводле п’есы амерыканскага драматурга Вiньi Дэльмар. Крыху пазней, у 15:05, на «Культуры» пакажуць культавую музычную камедыю «Вясна» Рыгора Аляксандрава, дзе Ранеўская выканала ролю ахмiстрынi Маргарыты Львоўны.

Фаiна РАНЕЎСКАЯ ў фiльме «Падкiдыш».

I смех, i слёзы, i любоў

«Шкадую, што парвала дзённiкi — там было ўсё», — пiсала артыстка. З разрозненых запiсаў, фрагментаў дзённiкаў, успамiнаў людзей, якiя акружалi яе, аўтары праекта «Астравы» на тэлеканале «Культура» паспрабуюць скласцi гiсторыю яе жыцця, у якой у тым лiку было сяброўства з вялiкiмi людзьмi: паэткай Ганнай Ахматавай, рэжысёрамi Сяргеем Эйзенштэйнам i Мiхаiлам Ромам, акцёрам Васiлём Качалавым. У апошняга, казалi, Фаiна Георгiеўна была нават закахана.

Але галоўным у яе жыццi стаў тэатр. Больш за чвэрць стагоддзя Ранеўская адпрацавала ў тэатры iмя Массавета, на сцэне якога выканала свае самыя славутыя тэатральныя ролi: Этэль Сэвiдж у камедыi Джона Патрыка «Дзiўная мiсiс Сэвiдж» i Люсi Купер у пастаноўцы Анатоля Эфраса «Далей — цiшыня». Пры досыць банальным сюжэце гэтая пранiзлiвая гiсторыя пра ўзаемаадносiны бацькоў з дарослымi дзяцьмi мела ў Маскве велiзарны поспех — у першую чаргу дзякуючы таленавiтай iгры Ранеўскай i Плята. У гэтым жа спектаклi 24 кастрычнiка 1982 года Фаiна Ранеўская выйшла на сцэну ў апошнi раз.
Паказ спектакля «Далей — цiшыня» на канале «Культура», прымеркаваны да юбiлею актрысы, таксама стане часткай вялiкага тэлепраекта «Фестываль спектакляў тэатра iмя Массавета», якi пачнецца на «Культуры» ўжо ў панядзелак

Каралева другога плана

Тэлеканал АНТ, у сваю чаргу, таксама не абмiне ўвагай юбiлей вялiкай актрысы. У суботу 28 жнiўня ў 15:00 тут пакажуць дакументальны фiльм «Прыгажосць — страшная сiла!», вядучым якога стане Леанiд Якубовiч. Пра Ранеўскую раскажуць яе калегi па сцэне, вядомыя акцёры i рэжысёры. У фiльме выкарыстаны фотаматэрыялы з дамашняга архiва Аляксея Шчаглова, а таксама архiўныя вiдэакадры iнтэрв’ю з Фаiнай Ранеўскай, фатаграфii з архiва тэатра iмя Массавета.

...Яна валодала надзвычайным пачуццём гумару. Афарызмы Фаiны Ранеўскай разляталiся па ўсёй краiне, яе гiсторыi ператваралiся ў анекдоты, якiя перадавалiся з вуснаў у вусны, а трапных выразаў Фаiны Георгiеўны пабойвалiся нават савецкiя чыноўнiкi. Пры гэтым у жыццi вялiкая актрыса была вельмi адзiнокая, зусiм бездапаможная ў побыце, i жарты ўсё часцей станавiлiся для яе смехам скрозь слёзы.

19 лiпеня 1984 года Ранеўскай не стала. Яна памерла ў клiнiчнай бальнiцы i была пахавана на могiлках Данскога манастыра. Праз некаторы час побач з яе помнiкам з’явiлася маленькая бронзавая фiгурка сабачкi — апошняй роднай для яе iстоты, яе Мальчыка, якi стаў памяццю аб адданасцi i вернасцi, так неабходнай для яе ўсё жыццё. Для яе, «вялiкай i страшнай» Фаiны Ранеўскай.

«Мне хапiла розуму неразумна пражыць сваё жыццё» — так сказала актрыса за два гады да свайго сыходу. Што стаяла за гэтай фразай? Аб гэтым i многiм iншым гледачам раскажуць аўтары i журналiсты дакументальнай карцiны «Фаiна Ранеўская. Прыгажосць — страшная сiлa!»

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter