Прыгажосць народнай дыпламатыі

Беларусы Прыбайкалля выйшлі з прапановаю да гарадскіх улад Іркуцка аб наладжванні пабрацімскіх сувязяў з гарадамі Беларусі
Беларусы Прыбайкалля выйшлі з прапановаю да гарадскіх улад Іркуцка аб наладжванні пабрацімскіх сувязяў з гарадамі Беларусі. І нават абгрунтавалі, чаму добрым варыянтам для такога супрацоўніцтва можа стаць Віцебск.


Алег Рудакоў (у цэнтры) з блізкімі па духу людзьмі ў Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы

Розных беларускіх арганізацый, або суполак, як часам гавораць, кіруючыся народнай традыцыяй, актывісты, у Расіі шмат. Для таго ёсць прычыны: беларусаў у брацкай краіне, паводле апошніх дадзеных, больш за 500 тысяч. Зрэшты, як лі­чыць пісьменнік Валерый Казакоў, які кіраваў Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй “Беларусы Расіі” з 2010 года, іх колькасць можна смела памнажаць на тры: культуры, мовы ж нашы блізкія, і ў рускамоўным асяроддзі вельмі хутка ідуць працэсы асіміляцыі беларусаў. Нагадаем, ФНКА “Беларусы Расіі” была створана 24 красавіка 1999 года — у адпаведнасці з Федэральным законам Расійскай Федэрацыі “Аб нацыянальна-культурнай аўтаноміі”. Зарэгістравана Мінюстыцыі Расіі 6 жніўня 1999 года. А першым старшынёй на I з’ездзе быў абраны Францішак Каўрыга. Цяпер на чале ФНКА — прафесар, доктар навук, ураджэнец Мінска Сяргей Кандыбовіч. Яго абраў старшынёй Шосты з’езд, на якім былі дэлегаты амаль ад трыццаці нацыянальна-культурных аўтаномій — членаў ФНКА. З’езд праходзіў год назад — 22 мая 2015 года ў Маскоўскім доме нацыянальнасцяў.

 На тым жа з’ездзе намеснікам старшыні ФНКА “Беларусы Расіі” быў абраны актывіст беларускага руху з Іркуцка Алег Рудакоў. Яго, дарэчы, адзін час называлі “галоўным беларусам у Прыбайкаллі”. Ураджэнец Віцебшчыны яшчэ ў 1996 годзе разам з аднадумцамі стварыў і доўгі час, да 2013 года, пакуль не саступіў нялёгкую пасаду Алёне Сіпаковай, узначальваў Рэгіянальную грамадскую арганізацыю “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” (ІТБК). Цяпер Алег Рудакоў — ганаровы член Аб’яднання беларусаў свету “Бацькаўшчына” (абраны на з’ездзе ў 2013 годзе ў Мінску) і член яго “Вялікай Рады”.

У нашу рэдакцыю Алег Васільевіч даслаў “для інфармацыі” зварот, адрасаваны мэру горада Іркуцка Дзмітрыю Берднікаву. Перш чым выказаць прапанову, ён сцісла расказвае пра сваю грамадскую работу, скіраваную на аб’яднанне беларусаў Прыбайкалля ў адзіную культурную дыяспару. Намаганняў было прыкладзена нямала. Яшчэ ў верасні 1995-га Рудакоў быў дэлегатам на IV з’ездзе Таварыства беларускай мовы (ТБМ) у Мінску, выступаў з дакладам пра жыццё беларусаў у Сібіры. І ўжо ў лістападзе пачаў збіраць актыў будучай суполкі. “За 20 гадоў мы правялі мноства сацыяльна-значных мерапрыемстваў, культурна-асветніцкіх святаў, — паведамляе Алег Рудакоў. — Работа ІТБК вялася па 20 асноўных напрамках. Вялікую ўвагу мы надаём рабоце з ветэранамі вайны, моладдзю і дзецьмі. Дзякуючы дзейнасці ІТБК беларусы Іркуцка змаглі выкарыстаць сваё канстытуцыйнае права на адраджэнне, захаванне і развіццё культурных традыцый сваіх продкаў, права на вывучэнне роднай мовы і гістарычнай спадчыны”.

Сам Алег Рудакоў быў удзельнікам розных навуковых канферэнцый, якія праходзілі ў Мінску, Новасібірску, Іркуцку, Маскве. У яго некалькі дзясяткаў публікацый, навуковых прац. У снежні 2010 года арганізаваў у Іркуцку міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “100-годдзе Сталыпінскай рэформы, самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле”. Удалося прыцягнуць да яе работы навукоўцаў з Мінска, Масквы, Екацерынбурга, Новасібірска, Іркуцка, удзельнічалі краязнаўцы з беларускіх вёсак Іркуцкай вобласці. За сваю падз­віжніцкую працу Алег адзначаны дыпломамі, граматамі, падзякамі, у тым ліку і на ўрадавым узроўні, і расійскім, і беларускім бокам. Увесну 2010-га ўзнагароджаны Урадавым медалём Беларусі імя Францыска Скарыны, у 2011-м — Юбілейным медалём (абласным) і Ганаровым знакам (гарадскім), прысвечаным 350-годдзю Іркуцка. Важна, што пры гэтым Алег Рудакоў, што называецца, не трымаецца за ўладу: “Падрыхтаваўшы маладую змену, якая вырасла ў арганізацыі, я вырашыў перадаць маладым руль кіравання ў ІТБК, пры гэтым актыўна працуючы ў беларускім руху па захаванні і развіцці беларускай культуры”.

Можна лічыць у немалой меры заслугай Алега і тое, што цяпер у Іркуцку дзейнічаюць дзве грамадскія беларускія арганізацыі: ІТБК і Маладзёжны клуб “Крывічы”. Абедзве, піша ён, маюць свой актыў, творчыя сілы і рухаюцца ў адным напрамку, выконваючы некалькі розныя задачы. 

Ну а сутнасць прапановы Алега Рудакова такая: “Паколькі Іркуцк ужо мае даўнія гістарычныя і культурныя сувязі з Беларуссю, то, на мой погляд, было б вельмі дарэчы ўстанавіць і пабрацімскія сувязі паміж ім і беларускім горадам Віцебскам. А паспрыяе паглыбленню, пашырэнню рознабаковых сувязяў і беларуская дыяспара: на нашу актыўнасць вы таксама можаце смела абаперціся”. Далей Алег абгрунтоўвае свой выбар на карысць горада на Дзвіне. Паміж Іркуцкам і Віцебскам, лічыць ён, існуе даўняя і трывалая сувязь. Да прыкладу, яе стваралі два выдатныя навукоўцы: Мікола Віткоўскі — археолаг, кансерватар музея (1874), член распарадчага камітэта “Усходнесібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства”, і Ян Чэрскі — геолаг, географ, даследчык Байкала. Абодва яны нарадзіліся недалёка ад Віцебска: першы — у вёсцы Мокшына Суражскага павета (да Віцебска 26 км), другі — у маёнтку Свольна Дрысенскага павета (да Віцебска 150 км). Абодва ўдзельнічалі ў Паўстанні 1863 года на тэрыторыі Беларусі, знаходзіліся ў Віцебску перад адпраўкай у ссылку. Лёс закінуў іх у далёкі Іркуцк, дзе яны і сталі вялікімі навукоўцамі. Ян Чэрскі прыехаў увосень 1871-га, Мікола Віткоўскі — у 1873 годзе. Абодва памерлі ў Сібіры. Дарэчы, жонка Яна Чэрскага Маўра Паўлаўна пасля смерці мужа (у 1892 годзе) паехала ў Віцебск і жыла там даволі доўга, да 1935 года. Захаваўся і дом Маўры Чэрскай у Віцебску. Цяпер, паведамляе Алег, вядуцца перагаворы, каб у тым доме стварыць музей не толькі сям’і Чэрскіх, але і іншых беларусаў, якія апынуліся ў Сібіры, а пасля сталі вядомымі даследчыкамі.

Другі пласт сувязяў — рэаліі Вялікай Айчыннай вайны. Многія іркуцяне прынялі ўдзел у вядомай “Аперацыі Баграціён”: дзякуючы ёй пачалося вызваленне Беларусі. Менавіта пад Віцебскам і Полацкам іркуцкія воіны змагаліся ў бязлітасных баях. Беларусы Іркуцка ўжо сабралі матэрыялы, правялі некаторыя даследаванні па гэтай тэме. Дарэчы, вядомая ў Іркуцку Віцебская гвардзейская ракетная дывізія таксама прымала ўдзел у той аперацыі — была яшчэ артылерыйскаю і вызваляла Віцебск. І паспяхова, раз атрымала званне Віцебскай гвардзейскай! Пасля вайны, прайшоўшы пераўзбраенне і стаўшы ракетнай, яна дыслакавалася ў Віцебскай вобласці. Пасля развалу Савецкага Саюза пачаўся вывад ракетных войскаў з Беларусі — і вось лёс закінуў гвардзейцаў у Іркуцк. 

І трэці аргумент Алега Рудакова: “Цяперашні час таксама падказвае выбраць для Іркуцка пабрацімам у Беларусі менавіта абласны горад Віцебск. Там ёсць шэраг вядомых заводаў і прадпрыемстваў: завод тэлевізараў “Віцязь”, касметычная фабрыка “Вітэкс”, абутковыя фабрыкі “Марко” і “Белвест”, многія іншыя. Некаторыя з іх ужо прабілі сабе дарогу ў наш горад: адкрыты прадстаўніцтвы фабрыкі “Белвест” і канцэрна “Віцебскі лён”. 

Ёсць і заслуга Алега Рудакова ў тым, што паміж гарадамі ўжо ўсталяваны культурныя сувязі. Так, іркуцкі ансамбль аўтэнтычнай песні “Крывічы” быў запрошаны на “Славянскі базар у Віцебску” у 2011 годзе і стаў там лаўрэатам Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. А ў 2012-м “Крывічы” былі на святкаванні 1150-годдзя горада Полацка, Віцебскай вобласці: іх туды запрасілі. “Вядома, калі гарады стануць пабрацімамі, то культурныя, эканамічныя, грамадскія сувязі значна паглыбяцца, пашырэюць, — перакананы Алег Рудакоў. — Так, напрыклад, магчымыя гастролі віцебскага Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Якуба Коласа ў Іркуцк. Спадзяюся, паскорыцца адкрыццё Дома-музея Чэрскіх у Віцебску, атрымаюць развіццё іншыя значныя праекты”.

Ці спраўдзяцца мары і прапановы Алега Рудакова? Час пакажа…

Іван Іваноў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter