Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На Міжнародным конкурсе-фестывалі “Великая Душа России” дыплом І ступені атрымала салістка гурта “Купалінка” з Тальяці Алена Марозава

Прыгажосць душы

Вельмі рады за Алену! На маскоўскай сцэне выступала ўпершыню — і такі поспех! Міжнародны конкурс-фестываль “Великая Душа России” задуманы арганізатарамі, каб спрыяць духоўна-маральнаму й культурна-гістарычнаму адраджэнню рускага свету, традыцыйных каштоўнасцяў рускіх людзей. Ладзілі ж фестываль Фонд “Наследие митрополита Питирима”, Рускі культурны цэнтр і Палац культуры Расійскага ўніверсітэта транспарту (Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту).

Алена Марозава паспяхова выступіла ў Маскве
Фота: Анастасія Дарожкіна
Адкрываўся гала-канцэрт відэафільмам пра жыццёвы шлях мітрапаліта Піцірыма Нячаева, асаблівае месца ў падзвіжніцкай працы якога заўсёды займала моладзь. Уладыка ў свой час адкрыў першую ў Расіі кафедру тэалогіі на базе Расійскага ўніверсітэта транспарту, ён цягам 20 гадоў узначальваў выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі, у якім выйшлі тысячы кніг, прысвечаных культуры і гісторыі Расіі. Таму гала-канцэрт пераможцаў конкурсу-фестывалю стаў і вечарам памяці Уладыкі Піцірыма.

Беларусы Тальяці палічылі за гонар паўдзельнічаць у конкурсе-фестывалі: прапанову нам зрабіў дырэктар Рускага культурнага цэнтра Уладзімір Патакаў, які мае беларускія родавыя карані па маці. Потым арганізатары пісалі: “На гэтае грандыёзнае мерапрыемства прыехалі творчыя калектывы й салісты з розных куткоў Расіі: ад Хабараўскага краю да Варонежскай вобласці, а таксама ад брацкай Беларусі”. А беларускую песенную культуру якраз прадставіла Алена Марозава. Гала-канцэрт пераможцаў праходзіў у Маскве 16 лістапада, у Зале ўрачыстасцяў Расійскага ўніверсітэта транспарту. Гасцей прыгожа віталі вядомыя людзі Расіі, працавала выстава вырабаў майстроў народнай творчасці з розных месцаў краіны.

Выступленні калектываў, сольных выканаўцаў былі на высокім узроўні. Калі ж на сцэну выйшла наша Алена Марозава, зала заціхла. Пранікнёна, душою спяваля яна беларускія песні “Журавы”, “А гармонік грае, грае”, рускую “Лети, перышко!”. І пяшчота была, і энергетыка, сіла духоўная. Лена заваявала ўсіх. Пасля гала-канцэрта ўсе яе хвалілі, мне ж дзякавалі за такую артыстку. Сярод гасцей, дарэчы, быў і Аляксандр Міхайлавіч Касьянаў, які ў свой час працаваў кіраўніком гарадміністрацыі Бабруйска.

На наступны год, мяркую, мы паедзем на фестываль-конкурс поўным складам: усёй “Купалінкай”.

Людміла Дзёміна, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні “Купалiнка”, г. Тальяці

Голас Радзімы № 46 (3550), чацвер, 7 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter