Хлопчыкаў і дзяўчынак гатовы прыняць на адпачынак 5 500 дзіцячых аздараўленчых лагераў. Асноўныя работы па іх падрыхтоўцы ужо закончаны. Хутка прыёмка: усё павінна быць не толькі прыгожа, але галоўнае — бяспечна. Да персаналу дзіцячых аздараўленчых устаноў высокія патрабаванні. Прафесіяналізм, выкананне санітарных нормаў. Актуальнасці не губляюць і часовыя рэкамендацыі па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Як будзе праходзіць аздараўленне дзяцей гэтым летам, даведалася карэспандэнт «Р».

— Плануецца, што сёлета ў лагерах усіх тыпаў адпачнуць каля 342 тысяч дзяцей. З іх на дзённым знаходжанні застануцца 198 000 дзяцей, на кругласутачным — 144 000, — агучыў актуальныя лічбы намеснік дырэктара — начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.
Ён таксама падкрэсліў, што сёлета попыт на пуцёўкі на аздараўленне больш высокі, чым летась. Таму і прыцягнутыя сродкі немаленькія — на арганізацыю летняга адпачынку і аздараўлення з рэспубліканскага бюджэту цэнтру выдзелілі 45 мільёнаў рублёў. На захаванне і ўмацаванне інфраструктуры стацыянарных лагераў і яе падрыхтоўку да працы летам пайшло каля 15 мільёнаў рублёў з розных крыніц фінансавання.
Добрая навіна: вызначаны аб’ёмы змяншэння кошту пуцёвак. Чакаецца, што сярэдні цэннік дзіцячага адпачынку з кругласутачным знаходжаннем на 18 і больш дзён складзе да 520 рублёў (памер патаннення пуцёўкі за кошт дзяржсродкаў — 215 рублёў, пры гэтым бацькоўская даплата — не менш за 10 працэнтаў). У дзённыя лагеры пуцёўка на 18 дзён у сярэднім абыдзецца ў 127 рублёў (памер патаннення — 89 рублёў).
Аляксандр Цай падкрэсліў: галоўная ўмова — бяспека дзяцей. Сачыць за гэтым дапаможа доўгі спіс прафілактычных мер. Напрыклад, маніторынг захавання санітарных нормаў і правілаў, часовых рэкамендацый, тэхнікі бяспекі, стану здароўя дзяцей і персаналу.

Традыцыйна адкрыццё першай змены намечана на першую дэкаду чэрвеня. Магчымы і кропкавыя зрушэнні. Прычынай можа стаць неспрыяльная эпідсітуацыя або адсутнасць неабходных умоў. Рашэнне аб пераносе — за мясцовымі органамі ўлады.
— Цяпер мы пачынаем аздараўленчую кампанію ў іншай сітуацыі, чым летась. Сёння няма рэзкага ўздыму колькасці зарэгістраваных хворых, яна складае каля васьмі тысяч на працягу тыдня. Мяркуем, такая сітуацыя будзе да канца чэрвеня. Тым не менш на асобных тэрыторыях назіраем значны ўздым захворвання. Адсюль рэкамендацыя — пачатак першай змены будзе вызначацца мясцовымі выканаўчымі органамі з улікам эпідсітуацыі на тэрыторыі, віду ўстановы і яго ўмоў, — абгрунтавала загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахова.
Май не радуе высокімі тэмпературамі, таму актуальным будзе напамін: калі сярэднясутачная тэмпература на працягу трох дзён ніжэй за 15 градусаў, дзеці не могуць заязджаць у лагер. Што тычыцца палатак, іх пажадана разбіваць толькі на тэрыторыі стацыянарнага лагера. Там у выпадку неабходнасці ёсць хуткі доступ да медыцынскай дапамогі.
Летась бацькам не дазвалялі наведваць дзяцей на тэрыторыі лагера. У гэтым сезоне правіла захаваецца.
— Бацькоўскіх дзён не будзе, мам і тат не пусцяць у карпусы, — папярэдзіла Ала Малахова. — Калі бацькі прыедуць, то змогуць сустрэцца з дзіцем ля ўвахода ў лагер (у тым ліку ў спецыяльнай альтанцы) на адкрытым паветры, але з захаваннем неабходных мер і рэкамендацый.
Дарэчы, вопыт папярэдняга сезона паказаў: без бацькоўскіх дзён дзеці, асабліва ў кругласутачных лагерах, больш дысцыплінаваныя, часовая адсутнасць кантакту з роднымі не шкодзіла. Але калі думка пра расстанне невыносная, спецыялісты супакойваюць: індывідуальна падыдуць да кожнай сустрэчы дзіцяці з мамай і татам.
У лагерах забяспечаць сацыяльную дыстанцыю. Напрыклад, на працягу першых пяці дзён не рэкамендуецца праводзіць мерапрыемствы, выключаць кантакт паміж атрадамі. Праз час прапануюць збіраць дзяцей невялікімі групамі: па 2–3 атрады. Лепш абмежаваць выязныя экскурсіі, наведванне кінатэатраў, а пры перевозцы груп дзяцей у лагеры і назад таксама выконваць меры засцярогі.
Зараз статыстыка па кавіду нядрэнная: хварэе каля 10 працэнтаў дзяцей, каля 8 працэнтаў — школьнікі. Нягледзячы на гэта, стан адпачывальнікаў будзе пад пільным кантролем. Штодзённае вымярэнне тэмпературы і апытанні дапамогуць своечасова дыягнаставаць захворванне. Пры неабходнасці дзіця ізалююць.
Персаналу пры ўладкаванні на працу трэба падаць меддаведку аб стане здароўя і адсутнасці кантакту першага ўзроўню. Перавага пры прыёме на працу за тымі, хто ўжо прайшоў вакцынацыю ад COVID-19. Са спісу патрабаванняў выключылі абавязковую самаізаляцыю на працягу пяці дзён і бязвыезны рэжым працы. Праўда, гэтыя меры могуць прымяняцца па рашэнні кіраўніцтва лагера, калі будуць зафіксаваны выпадкі інфекцыі.
У цэлым уваходны кантроль у лагерах будзе даволі жорсткі: правядзенне бескантактавай тэрмаметрыі работнікаў, штодзённае апытанне аб стане здароўя, агляд на наяўнасць прыкмет ВРВІ.
tychko@sb.by