Да Дня беларускага пісьменства ў Гомелі і Рагачове прэзентавалі “паэтычныя” аўтобусы

Прыемныя спадарожнікі

Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна даўно “пайшла ў народ” — яна вядомая сваімі інтэрактыўнымі акцыямі і мерапрыемствамі. Бо не заўсёды з-за занятасці сучасны чытач ідзе ў бібліятэку. Таму сучасная бібліятэка сама ідзе да чытача.


Бібліятэка  плануе працягнуць супрацоўніцтва з транспартнікамі, дапаўняючы і пашыраючы падборкі вершаў. Фота Алены Парфіяновіч

На гэты раз з нагоды Года культуры і напярэдадні Дня беларускага пісьменства абласная бібліятэка і ААТ “Гомельаблаўтатранс” арганізавалі сумесны праект “Паэтычны аўтобус”. Яго прэзентацыя адбылася ў Гомелі і Рагачове. На маршруты выйшлі два аўтобусы з партрэтамі класікаў беларускай літаратуры і ўрыўкамі з іх вершаў. У салонах з’явіліся своеасаблівыя расцяжкі-візітоўкі паэтаў. Падчас паездкі гучаць урыўкі з твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Караткевіча, М.Танка, Н.Гілевіча, Я.Сіпакова, Э.Агняцвет, Е.Лось. Падабраныя і агучаныя супрацоўнікамі абласной бібліятэкі паэтычныя радкі ствараюць сапраўды ўзнёслую атмасферу.

— Мэта праекта — папулярызацыя беларускай паэтычнай спадчыны і роднай мовы, — паведаміла дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Марына Рафеева. — У перспектыве плануецца працягнуць супрацоўніцтва з транспартнікамі, дапаўняючы і пашыраючы падборкі вершаў.

Гэтая цікавая акцыя — адна з многіх дзясяткаў мерапрыемстваў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства. Яны праходзяць па ўсёй краіне — вялікія і маленькія, складаючыся ў маштабнае мазаічнае святочнае палатно. Дарэчы, сёння першакурснікаў Гомельскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІПСА” таксама чакае “рыфмаванае спатканне” з беларускай паэтэсай Аленай Парфіяновіч (яе матэрыялы добра вядомыя пастаянным чытачам “Народнай газеты”). Удзельнікі літаратурнай сустрэчы змогуць не толькі пазнаёміцца з творчасцю Алены Парфіяновіч, але і самі прачытаюць вершы класікаў беларускай літаратуры. Якія? Гэта сюрпрыз — прапанаваныя для чытання вершы выкладуць, як экзаменацыйныя білеты. Сярод іх ёсць і сур’ёзныя, і лірычныя, і гумарыстычныя. Таксама будуць гучаць беларускія песні.

Раней Алена Парфіяновіч пісала вершы выключна на рускай мове, і вось ужо два гады спрабуе рабіць гэта на беларускай. Каб найбольш поўна пагрузіцца ў родную мову, Алена Георгіеўна нават ходзіць на спецыяльныя беларускамоўныя курсы “Мова нанова”, актыўна займаецца самаадукацыяй.

— Прыклад Алены Парфіяновіч вельмі важны для моладзі, ён паказвае вернасць народнай прымаўкі “Вучыцца заўсёды спатрэбіцца”, — лічыць арганізатар літаратурнай сустрэчы загадчыца бібліятэкі Таццяна Кузаўлева.

А напрыканцы радок з верша Алены Парфіяновіч:

Хай жа свет упрыгожаць,
як кветкі
ў красе, —
Мова, слова
і родная песня!
Каб паўсюдна, навечна
каб ведалі ўсе:
Беларускае — гэта пачэсна!

Алена ЛЕСІНА, infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter