Прыемны погляд збоку

3 ліпеня — не толькі чарговыя ўгодкі вызвалення, але і Дзень Незалежнасці, Дзень Рэспублікі

Такія святы, як тое, якое мы адзначылі 3 ліпеня, не цьмянеюць. Таму што яны — ад жыцця. Вялікую цану заплаціла Беларусь  у гады Вялікай Айчыннай  вайны, каб ў сям’і іншых рэспублік СССР застацца на карце. Народ праявіў мужнасць і стой­касць, каб супрацьстаяць бязлітаснаму ворагу, больш за тое, перамагчы яго. Гонар і хвала за гэта пераможцам!  У гэтым сэнсе асабліва красамоўнае свята 3 ліпеня. Яго лейтматыў — вечная ўдзячнасць вызваліцелям Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў тады, у ліпені 1944-га. А з гэтай датай непасрэдна звязана і сучаснасць. Бо 3 ліпеня — не толькі чарговыя ўгодкі вызвалення, але і Дзень Незалежнасці. Дзень Рэспублікі. Галоўнае дзяржаўнае свята сучаснай Беларусі.


Для грамадства яно ў нейкай меры  ўжо прывычнае. Зрэшты, вялікае бачыцца збоку. Літаральна напярэдадні, 2 ліпеня, у галаўны офіс медыяхолдынга “СБ-Беларусь сегодня”  прыязджалі на сустрэчу дыпламаты, дакладней, ваенныя аташэ пасольстваў, акрэдытаваных у Беларусі. Давялося быць на сустрэчы — выступаў перад аўдыторыяй, расказваючы ў тым ліку і пра часопіс “Беларусь.Belarus”, яго ролю ў наладжванні камунікацый з замежнымі чытачамі. Усё было, па-мойму, цікава абодвум бакам. Затым у гутарцы з канадскім дыпламатам Крэйгам Фолерам пачуў яго ўражанні пра Беларусь.  Ён прыехаў з Масквы, увечары 2 ліпеня ўжо ў Мінску гля­дзеў па TV выступленне Аляксандра Лукашэнкі і святочны канцэрт з нагоды Дня Незалежнасці. Крэйг Фолер быў захоплены дзействам на сцэне, урачыстасцю і прыгажосцю моманту. Нават адкрыта сказаў, што канадская гісторыя кароткая і не займае такога значнага месца ў грамадстве. А вось, маўляў, вы, беларусы, малайцы: у вас багатая гісторыя і вы яе цэніце. Погляд збоку. Але прыемны для ўспрымання погляд збоку.

І напрыканцы акцэнт яшчэ на адным факце. У Беларусі свята паважаюць і заўсёды будуць памятаць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У пацвярджэнне гэтага — мітынг-рэквіем, прысвечаны адкрыццю пад Мінскам мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Менавіта тут, у наваколлях беларускай вёсачкі Малы Трасцянец, дзейнічаў самы буйны на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер. Тут абарвалася жыццё больш як 200 тысяч чалавек. Сярод іх былі не толькі ваеннапалонныя, партызаны, але і мірныя жыхары — старыя, жанчыны, дзеці. Цэлымі эшалонамі сюды звозілі людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Не толькі нашых суайчыннікаў, але і жыхароў Польшчы, Германіі, Аўстрыі... Працаваў страшны канвеер смерці. Нельга забываць, што на тэрыторыі Беларусі было каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месцаў зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 яўрэйскіх гета.

Бясспрэчна, мемарыял у Трасцянцы — гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў да­чыненні мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Ён яшчэ ўзводзіцца. Перад архітэктарамі стаіць няпростая задача — увекаве­чыць памяць аб ахвярах фашызму, захаваць гістарычную дакладнасць і стварыць поўную карціну перажытых пакут. Мемарыяльная кампазіцыя павінна стаць сведчаннем страшэннай трагедыі, якая разгарнулася на беларускай зямлі.

Чытайце публікацыі “У імя дабрыні і міласэрнасці”, “Брама памяці”. І, вядома ж, іншыя матэрыялы нумара.

Віктар Харкоў
Автор фото: Виталий ГИЛЬ
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости