Кліентам цырульняў прапануюць планшэты

Прычоска ў стылi андроiд

Мінску клiентам цырульняў прапануюць новую паслугу — планшэты з незвычайным праграмным забеспячэннем. Карэспандэнт «Р» адправілася ў салон прыгажосці, дзе цяпер падчас працэдур можна правесці час з карысцю — паглядзець сацыяльныя ролікі, кіно, праграмы і нават пачытаць навіны.

Сумна сядзець у крэсле цырульніка? З планшэтам не  засумуеш.

Ідэя стварэння такой паслугі ўзнікла ў кіраўніка праекта кампаніі PR-Storyга, якая і распрацавала праграмнае забеспячэнне для планшэтаў у цырульнях.

— Неяк майстар мяне вельмі доўга стрыг. Я сядзеў і не ведаў, чым заняцца. Літаральна праз тыдзень у адным з аўтамабільных цэнтраў я зноў правёў некаторы час у чаканні, — расказвае Сяргей Кур'ян, распрацоўшчык новай праграмы для планшэтаў. — Але там мая ўвага была занята ролікам: як стваралі маю машыну, якія цікавыя функцыі ў ёй ёсць. Я быў уражаны! Па-першае, шмат патрэбнай інфармацыі атрымаў, а па-другое, правёў час з карысцю. Падумаў: чаму ў цырульні не было нічога, што магло б мяне заняць?

З Сяргеем мы заходзім у адзін з салонаў прыгажосці на вуліцы Чэхава, дзе ўжо ўстаноўлены планшэт з новай праграмай, аналагаў якой у свеце пакуль няма. Дырэктар салона Таццяна Маргевіч садзіць мяне ў крэсла. Як і заўсёды — перад вачамі люстэрка, а на ім 10-цалёвы планшэт. Як толькі я зірнула на планшэт, на ім імгненна пачаў круціцца відэаролік. Майстар Наталля пачынае рабіць мне ўкладку на галаве, а я гляджу на планшэт. Спецыяльная праграма адсочвае, куды накіраваны ваш позірк. Адарваліся ад экрана? Стоп-кадр! 

Пакуль планшэты з новай праграмай устаноўлены ў трох цырульнях — дзвюх у Мінску і адной у Брэсце
Фота keywordteam.net


— Экран устаноўлены так, каб глядзець мог толькі кліент і менавіта рухі яго галавы і, адпаведна, вачэй магла лавіць праграма, — тлумачыць Сяргей Кур'ян. — Вось у гэтым планшэце загружаныя ролікі аб навінках у горадзе. Праграма, якая ловіць ваш погляд, — аўтарская распрацоўка. Над ёй працавалі 8 праграмістаў больш за год. Пакуль у Мінску толькі ў двух салонах ёсць такія планшэты. Яшчэ адзін — у Брэсце. Ужо на наступным тыдні яны будуць устаноўлены ў 10 салонах Мінска. А на працягу года плануем размясціць у 80—100 салонах па ўсім горадзе.

У планах распрацоўшчыкаў прадаваць гэты прадукт і за мяжу. Зараз вядуцца перамовы з Расіяй, Украінай, ААЭ, Латвіяй, Эстоніяй, Літвой і Польшчай. Перш чым укараніць праграму, кампанія апытала некалькі тысяч кліентаў цырульняў з розных краін, ці патрэбна ім забаўка падчас той жа стрыжкі? 92 працэнты далі станоўчы адказ.

Дарэчы, арыентавана гэтая праграма не толькі на цырульні. У будучыні праграмнае забеспячэнне будзе распаўсюджана і на карпаратыўныя сегменты, і на сферу адукацыі. Вось, напрыклад, дзіця просіць паглядзець на планшэце мульцік.

— Мама згаджаецца, дае яму планшэт, але, перш чым ён прыступіць да мультфільма, яму трэба будзе прагледзець, напрыклад, 30-хвілінны ўрок англійскай мовы. Пераключыць яго ён не зможа, бо праграма кантралюе ўвагу і паварот галавы да экрана. Калі малы адвярнуўся, то ўрок не скончыцца, — кажа Сяргей Кур'ян. — Ці вось — як прымусіць прачытаць вашых супрацоўнікаў службовую інструкцыю? Усё тое ж самае: пакуль не прагледзяць, дапускацца далей не будуць. Таксама на планшэце адразу можна здаць тэст па гэтай жа інструкцыі. 



Тым часам наш фатограф круціць галавой у крэсле ля люстэрка, правяраючы, як уключаецца забаўляльны кантэнт і зноў становіцца на паўзу, калі адварочваецца. Ён кажа: «А калі я хачу залезці ў сацсетку, пагля-дзець тыя навіны, якія менавіта мне цікавыя, ці магу я поглядам кіраваць, як рука —камп’ютарнай мышкай?»

Сяргей Кур'ян адказвае:

— Толькі ўявіце, колькі будзе каштаваць такая тэхналогія. Калі-небудзь мы да гэтага, вядома, дойдзем. Думаю, да 2020 года гэта будзе шмат дзе магчыма. Паглядзім!

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter