Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Якім запомніўся Іван Пятровіч мне?..

Прычасце ў Шамякiна

Сёння спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Якім запомніўся Іван Пятровіч мне?..

Мікола МЯТЛІЦКІ, Фама ЛЯШОНАК і Іван ШАМЯКІН у Глыбоцкай раённай бібліятэцы (2001 г.)

ЗДАРЫЛАСЯ гэта ў канцы студзеня 2001 года. Набліжалася вельмі значная дата — васьмідзесяцігоддзе народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Мы збіраліся павіншаваць яго ў дзень нараджэння, 30-га. Аднак мой сябар, паэт Мікола Мятліцкі, параіў:

— Валодзя, 30-га тут будзе такое, што вы ніяк не трапіце да Івана Пятровіча. Лепш наведайцеся наперад. А я дамоўлюся!

І вось мы — старшыня Глыбоцкага райсавета Мікалай Стоцік, дырэктар глыбоцкай СШ № 3 Віталь Гарановіч, загадчык аддзела райвыканкама па фізкультуры і спорту Міхаіл Арэхаў і аўтар гэтых радкоў — едзем у сталіцу.

Стоцік напачатку ўздыхнуў, што з начальства на раён застаўся толькі ён, а спраў — не перарабіць, але тут жа сам сябе супакоіў:

— Шамякін — адзін! Больш такога выпадку не будзе.

Дарога да Мінска няблізкая, і пакуль ехалі, некалькі разоў наплывалі думкі пра сустрэчу з народным пісьменнікам. Так атрымалася, што Іван Пятровіч, сам не ведаючы пра гэта, адыграў у маім лёсе ці не галоўную ролю. А выйшла вось што. Вучыўся я ў апошнім, дзясятым класе вясковай школы. Куды паступаць, яшчэ не ведаў. Ды і шанцаў асаблівых не было. Хутчэй за ўсё, папрацаваў бы год-другі паштальёнам, бо надта падабалася гэтая прафесія, а там пайшоў бы ў армію. Аднак трэба ж мне было напісаць першае ў жыцці апавяданне “Гнілы яблык” і адаслаць яго, ні на што асабліва не спадзеючыся, у раённую газету. Мала таго што яго надрукавалі, дык, акрамя ганарару, у якасці падарунка атрымаў ад рэдакцыі раман Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”. Не трэба гаварыць, што некалькі разоў перачытаў кнігу, а потым і ўсё астатняе, што было напісана пісьменнікам. Краналі вострыя сюжэты, яркія жыццёвыя вобразы, нязмушаныя дыялогі. Само сабой вырашылася пытанне, куды ісці. Так апынуўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ужо ў час вучобы, здаецца, на другім курсе, мне ўпершыню пашчасціла пабачыць самога Івана Пятровіча. Было гэта так. У бібліятэцы Палаца прафсаюзаў праходзіла абмеркаванне часопіснага вырыянта рамана “Снежныя зімы”. Чытачоў набілася поўная зала. Некаторым нават і крэсла не дасталася. Спрэчкі былі вельмі гарачыя. Асобныя прыхільнікі творчасці Шамякіна кідаліся на сваіх апанентаў ледзь не з кулакамі. Усе былі вельмі ўзрушаныя, усхваляваныя. Толькі адзін Іван Пятровіч, магчыма знешне, захоўваў спакой і нешта ўсё запісваў у блакнот. Аб атмасферы сустрэчы гаворыць і той факт, што разам з кветкамі яму падарылі калючы кактус. Потым, калі выйшла кніга, можна было пабачыць, што ў ёй шмат чаго перароблена. А гэта сведчыць аб тым, наколькі моцная была сувязь пісьменніка з чытачом, наколькі ён прыслухоўваўся да яго.

У ТОЙ раз я так і не адважыўся падысці да Івана Пятровіча. Падумаў, што яму не да мяне. Ды і вясковая сарамлівасць стрымлівала. Сустрэліся і пагаварылі толькі праз... чвэрць веку. І звёў нас выпадак.

Прыехаў у Мінск да Міколы Мятліцкага, а той рады як ніколі:

— Вось добра, Воўк, што завітаў на сваіх “Жыгулях”. А то Івану Шамякіну трэба на сустрэчу ў школу, народ сабраўся, а дабрацца няма на чым.

Шпарым па праспекту да цырка, непадалёку ад якога жыў народны пісьменнік. Ён чакаў нас ужо на тратуары. Сеў у машыну, прывітаўся нібыта з даўно знаёмым і пачаў апавядаць пра сваю бяду:

— Вы прабачце, хлопцы, за турботы. Гэта ж свая машына ёсць, і разлічваў на яе. Акумулятар падвёў. Спёкся... Даўно б пара новы купіць, ды не выпадае.

Мне неяк дзікавата было чуць, што такі вялікі чалавек, народны пісьменнік, кнігі якога надрукаваны на ўсіх кантынентах свету, на сотні мовах, не можа набыць звычайны аўтамабільны акумулятар. Аказваецца, грошы ў банку падчыстую злізала пасля развалу Саюза інфляцыя. На тое, што засталося, нельга было купіць не толькі машыну, але нават акумулятар да яе.

У школу мы паспелі. І тут надарыўся эпізод, які характарызаваў Івана Пятровіча як вельмі сардэчнага, уважлівага да людзей чалавека. Справа ў тым, што з намі ў машыне ехаў малады негр Хусейн родам з Судана. Вучыўся ў Мінску. Закахаўся ў студэнтку-глыбачанку Наташу Радзько і жаніўся на ёй. Пасля вучобы маладыя прыехалі ў Глыбокае да бацькоў і былі нават маімі суседзямі. Толькі вось Хусейну, а ён тады быў адзіны негр у Глыбокім, не знаходзілася работы па спецыяльнасці. А жыць жа на нешта трэба. Дзіцё малое ў іх было. Вось і падаліся мы ў сталіцу, каб паспрыялі нам знаёмыя ў гэтай справе.

Хусейн хацеў застацца ў машыне, але Іван Пятровіч угаварыў яго пайсці ў школу. Мала таго, пасадзіў з сабой за стол перад усёй залай і нават папрасіў, каб прадстаўніку Афрыкі далі слова. У сувязі з гэтым частка кветак, якія неслі Шамякіну, перапала Хусейну. Той да самага Глыбокага не мог ачомацца, што гэта адбылося з ім сапраўды. Не верыла ў гэта ні яму, ні мне і жонка Хусейна Наташа, пакуль не ўбачыла ў газеце здымак суджанага з народным пісьменнікам.

Іван Пятровіч не пакінуў так гэтае пытанне і звёў потым Хусейна з міністрам замежных спраў Беларусі. Карацей кажучы, Хусейн сваё месца ў жыцці знайшоў.

З ГЛЫБОЧЧЫНАЙ Івана Пятровіча ў апошнія гады жыцця звязвала трывалая нітачка. Ён некалькі разоў наведваўся ў райцэнтр. Дзякуючы Шамякіну глыбачане першымі ў рэспубліцы паглядзелі фільм “Эпілог” па яго аповесці “Вернісаж”. Гэты фільм Іван Пятровіч прывёз разам з рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым. Паказвалі карціну ў зале Дома Саветаў. Сабралася публіка з усяго раёна. Фільм гэты пра трагічны лёс інтэлігенцыі ў гады так званай “дэмакратыі” нікога не пакінуў раўнадушным. Ды іначай і быць не магло. Застаецца толькі пашкадаваць, што наш кінематограф не можа ўгнацца за вялікім майстрам слова, і некаторыя яго раманы або не экранізаваны, або зроблены далёка не так, як патрабуе творчасць Шамякіна.

Пасля дэбюту карціны была арганізавана прэс-канферэнцыя. У самым яе канцы актыў Глыбоччыны чакала сенсацыйная заява Івана Пятровіча:

— Дарагія глыбачане, таварышы: ідзе агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета. Я б вельмі хацеў, каб вы падтрымалі вашага земляка-драматурга Уладзіміра Сауліча! 

 Каб разарвалася бомба, мо не было б такога шоку, як гэта заява. І залу можна было зразумець. Былі куды больш дастойныя кандыдаты. Дзякуючы ў многім Івану Пятровічу я не заняў сярод шасці кандыдатаў апошняе месца, хаця, шчыра кажучы, і не надта імкнуўся ў дэпутаты.

Запрашаў некалькі разоў Шамякіна, калі ён быў у Глыбокім, да сябе ў госці, але ён усё аднекваўся:

— Тваёй Таццяне Дзмітрыеўне з-за мяне адны турботы. Лепш у рэстаране перакусім.

І ўсё ж адзін раз Іван Шамякін пабываў у нашым доме. 5 верасня 1995 года ён падарыў нам на наваселле ікону. Разам з ім былі паэт Мікола Мятліцкі з жонкай Ірынай, пісьменнік Генадзь Шупенька і яшчэ некалькі чалавек. 

Іван Пятровіч доўга хадзіў каля новага катэджа. Надта ж упадабаў і сам дом з авальнымі вокнамі, і месца. Запытаў, як удалося такі ўзвесці.

— Пяць гадоў аддаў на будоўлю, Іван Пятровіч! — адказваю. — Добра сіл выцягнула. Ніводнага радка за гэты час не напісаў.

Іван Пятровіч пазмрачнеў:

— Пяць ненапісаных п’ес або... пяць раманаў?! Не, я на такое не адважыўся б.

Пасля ў рэспубліканскім часопісе, друкуючы ўспаміны пра паездку ў Глыбокае, Іван Пятровіч напіша: “Харошы дом пабудаваў драматург!”

Прыемна было пачытаць гэту пахвалу ад народнага пісьменніка, але сапраўды, лепш бы я напісаў ну не пяць, а хоць дзве ці нават адну п’есу. І, відаць, нездарма ў віншавальнай тэлеграме ў сувязі з маім пяцідзесяцігоддзем Шамякін жадаў поспехаў у творчасці!..
Іван Пятровіч падтрымліваў творчых людзей, стараўся дапамагчы ім. Неяк мы абедалі ў глыбоцкім рэстаране, і там нам падвярнуўся мясцовы, амаль нікому не вядомы паэт Фама Ляшонак. Пісаў ён гадоў сорак, падышоў пад пенсію, а ўсё ці то саромеўся паказаць свае вершы, ці то проста не верыў у сябе. Адабралі мы ў яго ледзь не сілком папку з яго творамі і перадалі Івану Шамякіну. Той пачытаў некалькі вершаў, усклікнуў:

—Дык гэта ж паэт!

 Паабяцаў выдаць. І сапраўды, праз два месяцы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік Ляшонка “Запознены дар”. У такі рэкордны тэрмін Іван Пятровіч не выдаваў нават свае кнігі. Фаму Ляшонка тэрмінова прынялі ў Саюз пісьменнікаў, аб чым таксама патурбаваўся Шамякін.

...І ВОСЬ мы ў Мінску. Праспект. Цырк. Вуліца Купалы. Не верыцца, што праз некалькі хвілін пераступім парог кватэры, дзе нарадзілася столькі самабытных твораў, з героямі якіх знаёміліся ў школе, а потым ішлі па жыцці.

Дзверы адчыніў сам Шамякін:

— Праходзьце, даражэнькія! Як дабраліся? Ці не надта слізкая была дарога?..

 Іван Пятровіч апрануты па-дамашняму — спартыўныя штаны, кашуля. Здаецца, і не змяніўся надта, вось толькі галава стала зусім сівой.

Ён вядзе нас па кватэры. Мінаем адзін пакой, другі. Усюды паліцы з кнігамі! І раптам — цацкі!.. На падлозе. На канапе.

— Гэта мой унук Іван жыве са мной! — ахвотна патлумачыў гаспадар. — А тут апартаменты малодшай дачкі Алесі і яе мужа Сяргея Махоня, дарэчы, ураджэнца Докшыцкага раёна.

Кабінет народнага пісьменніка быў застаўлены стэлажамі з кнігамі аж пад столь. Канапа. Ля самага акна — столік і крэсла. Тут нараджаліся “Сэрца на далоні”, “Атланты і карыятыды","Снежныя зімы"... Нягледзячы на свае восемдзесят, Іван Шамякін пісаў і друкаваў столькі, як ні адзін празаік у Беларусі!

Ён нават пажартаваў з гэтай нагоды:

— Пісаў бы і больш, але ж не паспяваюць друкаваць!

Аднак юбілей ёсць юбілей. Мы ўручылі Івану Пятровічу карціну “Алені” работы мясцовага разьбяра па дрэве.

— Хто аўтар? — ажывіўся  Шамякін.

— Ды звычайны хлопец з гарадскога пасёлка Падсвілля, — разгубіліся мы.

— Не перавялася яшчэ беларуская зямля на таленты! — адзначыў з годнасцю Іван Пятровіч і пачаў распытваць пра Глыбоччыну: як людзі жывуць, як у горадзе, як у вёсцы? Называў тых, з кім сустракаўся. І не толькі прозвішча, але і імя, па бацьку.

Міша Арэхаў неўпрыкмет крануў мяне за локаць:

— Во памяць! 

Віталь Гарановіч зачытаў верш, прысвечаны юбіляру:

“Глыбокай плынню” і “Трывожным шчасцем”

Нярэдка ў школе поўніцца ўрок.

І кожны твор як для душы прычасце,

Хто робіць першы самастойны крок.

Усё нібыта ў сне. Голас у Віталя ад хвалявання дрыжаў...

А потым былі аўтографы і падарункі. Першы — кніга пісьменніка ў краязнаўчы музей Глыбокага. Яго супрацоўнікі такога падарунка не чакалі.

Падаю Івану Пятровічу раман “Снежныя зімы”, набыты яшчэ ў студэнцкія гады.

На лісце з’яўляюцца словы: “Саулічам,Таццяне Дзмітрыеўне і Уладзіміру. Творчых поспехаў Вам, дарагія сябры, шчасця Вам, Вашым дзецям. Дзякую за гасціннасць, за памяць. З глыбокай павагай Іван Шамякін. 

26 студзеня 2001 г.”

— Снежныя зімы, — некалькі разоў паўтарыў услых Іван Пятровіч, укладваючы ў гэтыя словы асаблівы сэнс.

І я, здаецца, зразумеў яго: мо прыгадаў той кактус, які падарылі вельмі даўно чытачы ў прафсаюзнай бібліятэцы... А хутчэй за ўсё, што раман яму гэты нечым вельмі дарагі. На вуліцы — зіма. І наогул не лепшая пара ў жыцці пісьменніка і народа. Але ён глыбока верыць. Верыць, што перажывём усе цяжкасці, і за зімой абавязкова будзе вясна!

Праводзячы нас да дзвярэй, злёгку паскардзіўся:

— Усё добра, хлопцы. Вось толькі ногі пабольваюць!

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter