Приболовичи: прибыль родительских усадеб

Прыбалавічы: прыбытак бацькоўскіх сядзіб


Побач з паўднёвым ускрайкам Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» ў некалькі кіламетрах ад мяжы з Украінай прытулілася лельчыцкая вёска Прыбалавічы. Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца ў 1451 годзе як уласнасць вялікага князя Свідрыгайлы ў Трокскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Уладар падараваў палескі маёнтак і суседнюю Букчу князю Міхаілу Васільевічу Чартарыйскаму. Бяскрайнія балоты акружалі глухі куток. Стагоддзі таму праз Прыбалавічы пралегла грэбля да шляху са старажытнага Турава да ўкраінскай сталіцы. 

У 1565 годзе шляхетны маёнтак перайшоў да Пінскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Праз стагоддзе паселішча ўпрыгожыла драўляная царква. Пазней да яе дабудавалі званіцу з шатровым дахам. Свята-Пакроўскі храм, які дзейнічае, — помнік архітэктуры драўлянага дойлідства. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Прыбалавічы адышлі да Тураўскага казённага памесця Мінскай губерні Расійскай імперыі. У канцы ХІХ стагоддзя вёска ўвайшла ў Тонежскую воласць Мазырскага ўезда Мінскай губерні. Сяляне апрацоўвалі лапікі зямлі сярод балот, займаліся бортніцтвам, зборам ягад і грыбоў, паляваннем. 

На пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў Прыбалавічах быў арганізаваны калгас «Чырвоны памежнік». Першы трактар у ім з’явіўся ў 1935-м. Вёска забудоўвалася новымі драўлянымі дамамі. Дзейнічалі школа, сельскі клуб з бібліятэкай, пошта. 

Не абмінулі палескую глыбінку ваенныя падзеі. На пачатку зімы 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты акружылі вёску. За сувязь з партызанамі людзей сагналі ў магазін, што стаяў побач з храмам. Будынак падпалілі з чатырох бакоў. Зажыва згарэлі 47 дарослых і дзяцей. Мемарыяльным комплексам у цэнтры вёскі ўшанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 

Вёска Прыбалавічы Мілашэвіцкага сельвыканкама — цэнтральная сядзіба адной з найбольш буйных гаспадарак Лельчыцкага раёна. Тут дзейнічаюць лясніцтва, сярэдняя школа, дзіцячы садзік, сельскі Дом культуры, сацыяльныя службы.


АДПРАЎЛЯЮЧЫСЯ ў вандроўку на Гомельскае Палессе, узгадаў літаратурныя нататкі беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча. Ён часта бываў там: разам з плытагонамі плыў па Дняпры, Прыпяці, Гарыні, Сажы і іх прытоках, сустракаўся з палешукамі. Не мінаў цікавыя мясціны. Запала ў сэрца яго апавяданне «Дрэва вечнасці», у якім расказваецца пра тысячагадовы дуб. Густая шапка цар-волата ўзвышаецца над лясным масівам каля вёскі Данілегі, што непадалёку ад Прыбалавіч.

Яшчэ не было Рыма, Парыжа і Лондана, а лясны волат ужо стромка красаваўся. На цара палескіх дубоў квапіліся ворагі. У Вялікую Айчынную хацелі з каранямі вывезці ў Нямеччыну. Спецыяльную вузкакалейку пракладвалі ў лясны гушчар. Але не ўдалося. Другое тысячагоддзе адлічвае цар-дуб.

Непадалёку ад яго на полі ўзвышаюцца два валуны. У час адной з камандзіровак пачуў паданне пра сялянку і яе дачку, што працавалі на полі. Маці азірнулася і, незадаволеная адставаннем памочніцы, папракнула: чаго ты, маўляў, быццам камянем стала. Калі ў другі раз азірнулася, замест дачкі ўбачыла камень. Ад жаху сама акамянела. Так і стаяць два валуны: маці і дачка.

Шмат іншых гісторый давялося чуць у палескай глыбінцы. Цудоўнымі самародкамі-спева­камі славіцца самабытны куток, які называюць салаўіным берагам Палесся. 

Вандраваць тут вялікае задавальненне. У аддаленых ад Мінска амаль на 400 кіламетраў Глушкавічах дыхтоўныя дамы, як харомы. У гэтым суседнім з Прыбалавічамі аграгарадку некалі пачуў пра наравістую карову. Яна нікога, акрамя гаспадыні, не падпускала да сябе. Аднойчы жанчына адлучылася па справах. Раніцай муж пайшоў даіць карову, але нічога не выйшла. Вырашыў схітраваць: апрануў жончын халат і накінуў на галаву хусцінку. Моўчкі падышоў і стаў даіць. Але карова распазнала хітрык і ўмомант выбіла даёнку з малаком. 

УСЁ гэта ўсплывала ў памяці па дарозе ў Прыбалавічы. З райцэнтра туды мы адправіліся са старшынёю Лельчыцкага райсавета дэпутатаў Сяргеем Касінскім. Раней ён узначальваў раённы аддзел унутраных спраў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яго выбралі кіраўніком райсавета.

Старшыня Лельчыцкага райсавета дэпутатаў Сяргей КАСІНСКІ і ляснічы Аляксандр КОЛАС.

Асфальтаваная аўтатраса пралягае праз цэнтр сельсавета — аграгарадок Мілашэвічы. Па­абапал дарогі акультураныя палі і сенажаці. Сяргей Міхайлавіч расказаў пра багатыя запасы сапрапелю ў гэтых мясцінах. Служба райаграсэрвісу наладзіла ў Лельчыцах яго перапрацоўку. Расфасаваны ў поліэтыленавыя ўпакоўкі сапрапель рэалізуецца на корм буйной рагатай жывёле і як арганічнае ўгнаенне. На вытворчасці вяскоўцы атрымалі рабочыя месцы. 

Багатыя на прыродную даніну навакольны лес і балоты вякамі падтрымлівалі палешукоў. С кіраўніком райсавета завіталі ў лясніцтва, адміністрацыйны будынак якога акружаюць маладыя дрэўцы экзатычных парод. У дэндрарыі сустрэлі ляснічага Аляксандра Коласа. Вырас ён у сям’і лесніка. Дзядуля ў пасляваенныя гады кіраваў калгасам. Пасля атрымання дыплома інжынера-механіка ў расійскім Вялікім Ноўгарадзе Аляксандр Колас вярнуўся ў родныя Прыбалавічы. Узначальваў інжынерную службу гаспадаркі. Пазнаёміўся з дзяўчынай Наталляй з Тонежа. На вяселле прыязджаў дзядзька нявесты — народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Дрынеўскі. 

Маладая сям’я атабарылася ў вёсцы. Незаўважна выраслі два сыны. Аляксандр Пятровіч усё больш адчуваў, што яго стыхія — лес. Перайшоў працаваць у лясніцтва. Завочна скончыў сталічны ўніверсітэт і атрымаў дыплом спецыяліста лясной гаспадаркі. Калектыў у лясніцтве невялікі: 25 пра­цаўнікоў абслугоўваюць звыш 11000 гектараў лесу. Аляксандра Пятровіча ўсцешвае, што агульнымі стараннямі спынілі наступ караеда. Да мінімуму зве­дзены плошчы пашкоджаных дрэў. 

Багата наваколле Прыбалавіч на грыбы і ягады. Вяскоўцы сем’ямі збіраюць даніну прыроды і здаюць нарыхтоўшчыкам. Раней працаваў грыбаварны пункт. Многія сушаць чарніцы, грыбы і гандлююць імі. Лес падступае да падворкаў. Жылыя дамы вяскоўцаў згуртаваны ў чатырох жылых масівах. У паўднёвай частцы дугой выцягнулася вуліца, забудаваная пераважна драўлянымі харомамі. Да вуліц прымыкаюць невялікія завулкі. Зарэчную частку ад цэнтральнай аддзяляе канава. Вакол вёскі пракладзена сетка меліярацыйных каналаў, злучаных з ракой Убарць. Былыя балоты пераўтвораны ў хлебныя нівы ААТ «Прыбалавічы». Гаспадарка завяршыла жніво. Вынікамі яго дырэктар Сяргей Неўмяржыцкі задаволены. Кожны з тысячы гектараў збожжавых даў па 25 цэнтнераў зерня. На чарзе — уборка кукурузы на сілас на 1300 гектарах і на 200 — на зерне. 

З КІРАЎНІКОМ гаспадаркі пад’ехалі да механізатара Аляксея Грэчкі. Восем сезонаў ён убіраў збожжавыя. Пасля таго як камбайн спісалі, перасеў на трактар і косіць сеяныя травы. Расказаў Аляксей Рыгоравіч, што пасведчанне трактарыста атрымаў у сярэдняй школе. Пасля яе заканчэння папоўніў атрад механізатараў. На гусенічным ДТ-74 рыхтаваў палі пад азімую сяўбу. Потым перасеў на МТЗ. У жніво працаваў на камбайне. Ад гаспадаркі атрымаў новы дом. У вёсцы застаўся і сын Аляксей. Ён выкладае фізкультуру ў Мілашэвіцкай сярэдняй школе. Сям’я рыхтуецца да вяселля. З бацькам абнаўляе дзедаў дом, дзе плануюць жыць маладыя.

Трактарыст Аляксей ГРЭЧКА.

Завіталі з Сяргеем Неў­мяржыцкім і на луг да пастухоў дойнага статку — Аляксея Акуліча і Віктара Калёснага. У іх гурце 200 кароў. Кожная ў суткі дае звыш 20 кілаграмаў малака. На трох жывёлагадоўчых фермах звыш 3500 галоў буйной рагатай жывёлы. Летась ад кожнай атрымана звыш 5200 кілаграмаў малака. Пастухі пастаянна мяняюць загонкі, каб жывёле хапала корму. Ад надояў залежаць iх заробкі.

Жывёлаводы Аляксей АКУЛІЧ і Віктар КАЛЁСНЫ.

Сямейны бюджэт вяскоўцаў мацуе і хатняя гаспадарка. На падворку ў Аляксея Акуліча карова, свінні, куры. Плануюць набыць яшчэ адну рагулю. Гаспадар сам будаваў дом. Сям’я шматдзетная: шасцёра сыноў. Восенню будуць жаніць Яўгена. Ён пасля заканчэння Мазырскага педуніверсітэта імя Івана Шамякіна настаўнічае ў Баранавічах. 

У шматдзетнай сям’і Марыны і Уладзіміра Калёсных сямёра дзяцей. Сваіх трое і ўсынавілі асірацелых чатырох дзетак брата гаспадара. Жывуць у бацькоўскім доме. На летніх канікулах усёй сям’ёю збіралі чарніцы. Штодзённа набіралі па 70 кілаграмаў і здавалі нарыхтоўшчыку. Дзеці выхоўваюцца працай: усім хапае спраў на падворку. Восем свіней, шмат качак, кур трэба дагледзіць. Паўтара гектара бульбы і гарбузоў. Набылі два трактары. На іх гаспадар апрацоўвае свой агарод і суседзям дапамагае. Шматдзетная сям’я настроена будаваць новы дом. 

Шматдзетная сям’я Марыны і Уладзіміра КАЛЁСНЫХ.

Старшыня Мілашэвіцкага сельвыканкама Галіна Гаўры­лавец, з якою сустрэліся, адзначыла, што ў Прыбалавічах, дзе пражывае 845 чалавек, кожная дзясятая сям’я шматдзетная. Трэцяя частка вяскоўцаў ва ўзросце да 30 гадоў. 

Загадчыца дзіцячага садзіка Святлана АКУЛІЧ, старшыня Мілашэвіцкага сельвыканкама Галіна ГАЎРЫЛАВЕЦ і дырэктар сярэдняй школы Любоў АКУЛІЧ.

ВЫХАВАНЦАМІ запоў­нены дзіцячы садзік, якім загадвае выпускніца сярэдняй школы Святлана Акуліч. Дырэктара СШ Любоў Акуліч суцяшае, што стабільна трымаецца колькасць вучняў. Летась для старшакласнікаў адноўлена прафарыентацыя. Юнакі атрымліваюць прафесію меха­нізатара, дзяўчаты — швачак. Практычныя заняткі на трактары праводзіць Рыгор Калёсны, а за швейнымі машынкамі — Валянціна Дзекавец. Амаль усе настаўнікі школы — выхаванцы Людмілы Сопат. Паўвека таму яна прыехала ў Прыбалавічы па размеркаванні пасля заканчэння Мазырскага пед­інстытута выкладаць родную мову і літаратуру. Потым стала дырэктарам школы. Выйшла замуж за калгаснага інжынера Міхаіла Іванавіча. Нарадзілася дачка. Як і маці, Алена Міхайлаўна ў роднай школе настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Педкалектыў сёлета папоўніўся маладымі спецыялістамі. У школе створаны краязнаўчы музей «Сялянская хата». Кіруе ім настаўніца Святлана Акуліч. Экскурсіі праводзіць шасцікласніца Алеся Лукашэ­віч. 

Ветэран працы, педагог Людміла СОПАТ.

Завіталі ў дом-музей. У гэтым будынку некалі жыла адзінокая бабуля. Калі яе не стала, гаспадарка выкупіла хату і перадала школе. Па вёсцы збіралі экспанаты. Атрымаўся цудоўны музей палескага побыту. Тут праводзяцца заняткі па гісторыі і культуры Беларусі. 

Ушанаваны ў музеі выпускнікі, якімі ганарацца Прыбалавічы: Васіль Акуліч, першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, Сяргей Акуліч, пракурор Архангельскай вобласці Расіі, Юрый Лоска, выкладчык Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Многія выпускнікі школы застаюцца ў роднай вёсцы. Механізатарамі сталі Сяргей Акуліч, Юрый і Мікалай Смуты, Уладзімір Гайкевіч, брыгадзірам Алена Лоская, жывёлаводам Алена Міхаленя, бухгалтарам Людміла Гай­кевіч. Агранамічную службу ўзначаліла Наталля Меляшчэня. 

Кіраўнік школьнага музея «Сялянская хата» Святлана АКУЛІЧ і вучаніца Алеся ЛУКАШЭВІЧ.

Цікавай выдалася сустрэча з мастацкім калектывам «Купалінка». Кіруе ім дырэктар Дома культуры Леанід Дрынеўскі. Акампаніруюць спевакам музыкі Іван і Пятро Акулічы. Дзейнічаюць у Доме культуры два танцавальныя калектывы, гурткі для аматараў спеваў. У ліпені самадзейныя артысты выступалі ў Ельску на фестывалі «Іграй, гармонік». Старэйшай спявачцы калектыву Хрысціне Акуліч — 84 гады. Многае перажыла яна. У вайну шасцігадовай дзяўчынкай цудам засталася жывою. Ра­зам з іншымі вяскоўцамі яе нямецка-фашысцкія карнікі загналі ў хлеў. Ёй і яшчэ траім землякам удалося ўратавацца. Дванаццаць чалавек зажыва згарэлі. 

Удзельнікі самадзейнага мастацкага калектыву «Купалінка» Іван АКУЛІЧ, Любоў КАЎБЕНЯ, Галіна САГАЙДАК, Хрысціна АКУЛІЧ, Леанід ДРЫНЕЎСКІ, Кацярына і Пётр АКУЛІЧЫ.

З ХРЫСЦІНАЙ Іванаўнай падышлі да драўлянай царквы, якой два стагоддзі. Высока ў небе перад адлётам у вырай парылі буслы. Панавала цішыня. Мая спадарожніца прыпынілася каля помніка. Адчувалася яе хваляванне: 

— Тут да вайны стаяў магазін. 22 снежня 1942 года азвярэлыя акупанты акружылі вёску і сталі зганяць сюды людзей. Дзверы магазіна зачынілі, а памяшканне падпалілі. Згарэла 47 чалавек. Сярод іх былі і дзеці...

Хрысціна Іванаўна замаў­чала. Яе вусны дрыжэлі. 

Помнік спаленым ахвярам стромкімі салдатамі ахоўваюць высокія дрэвы. Падумалася, як важна зберагчы і захаваць для нашчадкаў самае галоўнае — мірнае жыццё.

Лельчыцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter