«Пры ім заўсёды была манета з лічбай 1914»

Валянціна Куляшова — пра бацьку, містыку і знішчаныя рукапісы

Валянціна Куляшова — пра бацьку, містыку дат і знішчаныя рукапісы

Сёння, 6 лютага, — 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова. З нагоды юбілейнай даты мы сустрэліся з яго дачкой, каб пагутарыць пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка.

— Валянціна Аркадзьеўна, ваш бацька вельмі рана пачаў пісаць. Як ён ставіўся да сваіх здольнасцей?

— Ён аддаў іх развіццю ўсё жыццё, шмат пісаў. За гэтым заняткам мы, члены сям’і, бачылі яго заўсёды. Ён альбо зачыняўся ў сваім пакоі, альбо ляжаў на канапе. Звычайна працаваў лежачы: гэтая поза давала яму магчымасць засяродзіцца. Яму рух нават перашкаджаў.

Ён, канешне, ведаў меру сваёй адоранасці. Рана зразумеў (у 8 гадоў, тады толькі пазнаёміўся з паэмай «Мцыры»), што яго прызначэнне ў жыцці, як у М.Ю. Лермантава. Да свайго прызначэння бацька ставіўся сур’ёзна і лічыў яго галоўным у жыцці, таму ўсю сваю энергію аддаваў паэзіі.

— Многія прыпісвалі яго поспех сяброўству з вядомымі майстрамі слова. Як ставіўся да крытыкі сам Куляшоў?

— Не лічыў яе істотнай. Бацька быў знаёмы, і гэта праўда, з рознымі вядомымі людзьмі, многія з іх былі яго добрымі сябрамі. Калі Расул Гамзатаў дазнаваўся, што Куляшоў у Маскве, ён стараўся знайсці яго, каб па-сяброўску пагутарыць. Сябраваў мой бацька і з паэтам Кайсынам Куліевым. Той пазнаё-міўся з паэзіяй Куляшова ў 1943 годзе, калі ў перакладзе Ісакоўскага прачытаў паэму «Сцяг брыгады». Тады Куліеў адзначыў, што гэта твор вя-лікага паэта. І потым ён працягваў сачыць за творчасцю Куляшова. Беспадстаўна крытыкаваць і наводзіць паклёп мог толькі той, хто не ведаў сітуацыі.

— Якія з уласных вершаў былі найдаражэйшымі Аркадзю Аляксандравічу?

— Усё, над чым ён працаваў, было яму дорага ўжо таму, што прыцягнула да сябе ўвагу. Кожны верш быў адказам на пэўнае пытанне. Мяне, можна сказаць, выхаваў бацька. Не было мне і двух гадоў, як нарадзіўся брат Валодзя. Ён з’явіўся на свет раней, чым трэба, таму патрабаваў шмат увагі ад маці. За мной наглядаў бацька, часта гушкаў і спяваў песні — рускія, беларускія, украінскія. Ён альбо спяваў (і трэба адзначыць, што вельмі хораша!), альбо чытаў вершы, але не свае, а пісьменнікаў-класікаў. Чытаў арыгіналы, бо лічыў, што самы добры пераклад усё роўна значна слабейшы за арыгінал. Памятаю, як бацька заўсёды вылучаў Лермантава, які, здаецца, эмацыянальна быў яму блізкі.

— Вядома, што Куляшоў не захоўваў рукапісаў, акрамя паэмы «Сцяг брыгады»…

— Так, рукапісы бацька знішчаў, але «Сцяг брыгады» быў асаблівым творам. Гэта паэма, напісаная па фактах вайны, яна не толькі праўдзівая, але і эмацыянальная, а эмоцыі — галоўны фактар паэзіі. За гэтую паэму ў 1946 годзе бацька атрымаў Сталінскую прэмію I ступені. Вялікія рускія паэты Твардоўскі, Сіманаў высока ацанілі гэты твор. І, як паказалі далейшыя гады, лепшай паэмы пра вайну ў савецкай літаратуры не было. Гэта тлумачылася і талентам аўтара, і тым, што ён быў сведкам падзей.

— Ці можна назваць гэты твор вянцом творчасці паэта?

— Хутчэй, адным з вянцоў, бо Куляшоў увогуле не быў паэтам аднаго моманту ў жыцці краіны. Ён развіваўся паралельна, нават абганяў тыя падзеі, якія здараліся. Напрыклад, у вершы «Ранак» 1939 года Куляшоў вёў гаворку пра магчымую вайну. Ён шмат ведаў пра імперыялістычную вайну, у якую ваявалі яго дзядзькі, абдумваў ваенную сітуацыю і паводзіны чалавека ў ёй, яго гэта цікавіла, бо мела дачыненне да яго родных. Бацька разумеў, адзін з нямногіх, што набліжаецца яшчэ адна вайна. Ён асэнсоўваў сітуацыю ў краіне, бо быў асобай, якая думала сацыяльна.

— Ці лічыце вы, што твор можа прадвызначыць ход гістарычных падзей?

— Канешне, не. Іншая справа — інтуітыўнае ўспрыманне будучыні, таго, што можа адбыцца. Куляшоў быў паэтам, які сваё светаадчуванне звязваў з космасам. Бацька думаў і пра Зямлю як адзін з фактаў кас-мічнай прасторы, і чамусьці пра Марс, пра які тады не ведалі нічога, акрамя колеру планеты. Быў 1961 год, калі з’явіўся верш «Пра Марс», у якім бацька імкнуўся разважаць пра незнаёмую планету, навука ж толькі зараз дае нам адказы на многія пытанні. Куляшоў меў філасофскі склад розуму. І роздум пра Сусвет быў яго звычайным заняткам. У савецкай літаратуры ён, можна сказаць, першым уздымае пытанне Сусвету. Напрыклад, верш «Зямля» быў напісаны яшчэ ў 1947 годзе. Прачытаўшы яго, школьнік Пётр Клімук вырашыў стаць касманаўтам.

— Сапраўдным гімнам каханню з’яўляецца верш «Бывай», які Ігар Лучанок пераўвасобіў у знакамітую песню «Алеся». Вядома, што прататыпам «смуглявай каханай» стала рэальная дзяўчына, першае каханне маладога паэта…

— Верш быў прысвечаны школьнаму каханню. Бацьку было 14 гадоў, Алесі — 16. Яна паехала вучыцца далей у Пецярбург. Так іх лёсы разышліся. Пасля 1971 года яны перапісваліся. У сваіх лістах ён дзеліцца з Алесяй самотай. Гэта, відаць, натуральнае пачуццё для творчага чалавека. Бацька хацеў пабачыцца з Алесяй. Нават дамовіўся сустрэцца ў Быхаве. Не ведаю, ці сустрэліся яны, але бацька расказваў, што зазірнуў у акно пошты, дзе была прызначана сустрэча, і… напалохаўся. Ён убачыў жанчыну, прывабнасць якой была падточана часам. Бацька расказваў, што нібыта кінуўся наўцёкі. Відаць, каб не сапсаваць свае светлыя ўспаміны.

— Куляшоў, кажуць, заўсёды насіў з сабой манету з лічбай 1914. Якую сімволіку бачыў Аркадзь Аляксандравіч у годзе свайго нара-джэння?

— Дакладна не ведаю, але, сапраўды, пры ім заўсёды знаходзілася срэбная царская манета з лічбай 1914. Некалі адна паэтка (відаць, са слоў бацькі) распавяла, што Куляшоў вялікае значэнне надаваў таму факту, што нарадзіўся праз 100 год пасля з’яўлення на свет Лермантава, чый паэтычны лёс звязваў з уласным.

Куляшоў быў, увогуле, містычна настроеным чалавекам, калі разумець, што містыка — гэта рэальнасць, але не пазнаная намі. Чалавек-містык успрымае свет не толькі ўсімі вядомымі нам пачуццямі, але і інтуіцыяй.

Калі лічыць, што пэўная дата мае магічнае значэнне, то мой бацька павінен быў загінуць у 1941 годзе, калі небяспека вісела над кожным беларусам. Як толькі пачалася вайна, ён яшчэ з дваімі хлопцамі, што таксама шукалі ваенкамат, пешкі дайшоў да Оршы ў натоўпе бежанцаў пад бамбёжкай. Але яму пашанцавала выжыць.

— «Не был флюгером и не подстраивался под сиюминутные ситуации мой замечательный друг Аркадий Александрович Кулешов», — пісаў калмыцкі паэт Давід Кугульцінаў. А якія чалавечыя якасці паважаў Куляшоў у людзях?

— Тыя, хто добра ведаў майго бацьку, маглі б сказаць, што самымі важнымі чалавечымі якасцямі для яго былі сумленнасць і самастойнасць. Ён лічыў, што рабіць справу трэба так, каб за яе вынікі не было сорамна, каб не баяцца паказацца перад людзьмі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter