Об уроках, которые преподносят нам соседи

Пры чым тут туі

Мая бабуля заўсёды казала, што суседзяў, як і бацькоў, не выбіраюць. Хочаш змяніць суседа — замест таго, каб сварыцца, лепш прадай дом і купі ў іншай мясцовасці. Калі не — цярпі. Аднак дзе гарантыя, што і ў новай лакацыі ўсё будзе ідэальна ва ўзаемаадносінах з тымі, хто жыве па суседстве?

фото из архива.

З чаго я раптам пра гэта ўзгадваю, спытаюць чытачы «Прызбы». А вось адказ: у рэдакцыю прыйшоў ліст ад нашага чытача са Смалявіцкага раёна. Анатоль Канстанцінавіч з вёскі Перамежнае не можа зразумець, чаму ў яго садзе ўсе грушы сёлета пасохлі. І выказвае меркаванне: «А ці не таму, што сусед пасадзіў у гэтым годзе на сваім участку цэлую плантацыю туй?» І раптам робіць выснову: «У мяне грушы з-за гэтага ўсе згнілі». Збянтэжаны мужчына просіць: «Раскажыце, што рабіць?»

А што тут параіш? Дастаткова ўспомніць, якім засушлівым было лета, і ўсё адразу стане на свае месцы, і будзе зразумела: туі тут ні пры чым. Дрэвам не хапіла вільгаці, таму яны і завялі раней часу! Але пенсіянер цвёрда стаіць на сваім: суседзі вінаватыя — і ўсё тут!

Як усё ж такі цікава ўладкавана свядомасць чалавека: з некалькіх варыянтаў адказа на хвалюючае пытанне выбірае менавіта той, на які прасцей абаперціся. А калі капнуць глыбей і падумаць: а што ты зрабіў для таго, каб тваім суседзям жылося камфортна побач з табой?

Вось зусім свежы выпадак: суседка на лецішчы маёй мамы ўчыніла скандал пасярод вясковай вуліцы з-за таго, што наш малады пеўнік перашкаджае ёй раніцай салодка спаць. «Засячы пеўніка, — крычыць кабета, — а інакш у суд на цябе падам! Зашмат шуму з твайго двара зыходзіць!»

Ясная справа: па законе за крык пеўня нават пасля 23:00 і штраф ніхто не выпіша. Што ўжо казаць пра прымусовае прыгатаванне з яго поліўкі. Як бачым, суседка заўважыла парушынку ў нашым воку ў выглядзе пеўня, а ў сваім і бервяна не разгледзела. Кожны дзень, ад’язджаючы на машыне ад свайго дома, сігналіць у знак развітання з роднымі. Нічога, што правілы дарожнага руху гэта забараняюць? Але аматарку цішыні гэта мала хвалюе. Атрымліваецца: галоўнае — тое, што зручна ёй, а на астатніх — пляваць?

Вось яшчэ выпадак. Адзін сусед скардзіўся на іншага з нагоды незаконна пастаўленага плота на грамадскай тэрыторыі. А ў выніку аказалася, што ён сам прыхапіў да свайго ўчастка лішніх чатыры метры зямлі. Відавочна, хацеў, каб мясцовая ўлада зацікавілася суседам, думаў тым самым адвесці ўвагу ад сябе. Не вый­шла!

Праўду гавораць: суседзі часам ведаюць пра нас больш, чым сам Бог. Мо таму з даўніх часоў нашы продкі імкнуліся з імі сябраваць. Дастаткова ўспомніць традыцыйны беларускі звычай — талака, калі тым, хто асабліва меў патрэбу, дапамагалі ўсёй вёскай. А на ўсе сямейныя святы, вяселлі, хрэсьбіны, праводзіны ў армію суседзі былі не проста ў спісе абавязковых гасцей, а нават больш — былі «правай рукой» гаспадароў: і стол маглі дапамагчы накрыць, і гасцей на начлег размясціць.

Менавіта на такім, як бабуля казала, боскім стаўленні да тых, хто ведае пра нас усё, і грунтуецца сапраўднае добрасуседства.

А якія казусныя сітуацыі з суседзямі ўзнікалі ў вас? Раскажыце нам, якім чынам складаныя пытанні ўдалося вырашыць.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter