У перыяд правядзення Еўрапейскіх гульняў задзейнічаюць лепшых экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў

Пройдземся па-спартыўнаму

Наша краіна па праву лічыцца спартыўнай. Яна ўваходзіць у дваццатку мацнейшых краін свету, якія прымаюць удзел у Алімпійскіх гульнях. Знакавых спартыўных аб'ектаў у нас таксама хапае. Даведацца пра іх больш можна падчас экскурсіі «Мінск спартыўны». Яе плануецца абнавіць да Еўрагульняў-2019. Неўзабаве пералік аб'ектаў, даступных для наведвання турыстаў, папоўніць стадыён «Дынама», які нядаўна адкрыўся пасля рэканструкцыі. Чым Мінск рыхтуецца здзіўляць турыстаў падчас правядзення Еўрагульняў, даведалася карэспандэнт «Рэспублікі».

Экскурсія «Мінск спартыўны» разлічана на тры астранамічныя гадзіны.

— Экскурсія «Мінск спартыўны» распрацавана яшчэ ў 1978 годзе да летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года, — праводзіць кароткі экскурс у гісторыю тура кансультант Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова. — З таго часу яна перыядычна змянялася. У яе ўключаліся ўсё новыя і новыя сучасныя спартыўныя комплексы, што ўводзіліся ў эксплуатацыю пасля будаўніцтва ці рэканструкцыі. Апошняе абнаўленне адбылося ў 2014 годзе да чэмпіянату свету па хакеі.

Сёння экскурсійны маршрут «Мінск спартыўны» ўключае ў сябе самыя знакавыя і сучасныя спартыўныя аб'екты горада. У тым ліку цэнтры алім-пійскай падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў і найбольш яркія спартыўныя збудаванні горада. Гэта спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», Рэспубліканскі Палац спорту, Футбольны манеж, Палац тэніса, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле, Палац воднага спорту... Да Еўрапейскіх гульняў-2019 гэты спіс папоўніць абноўлены стадыён «Дынама», які падчас рэканструкцыі быў недаступны для наведвання турыстаў. Адкрыццё арэны адбудзецца 22 чэрвеня лёгкаатлетычным спаборніцтвам. Паглядзець тут сапраўды будзе на што. Кошт абнаўлення стадыёна склаў 200 мільёнаў долараў.

— Не выключана, што спіс аб'ектаў папоўніцца і іншымі спартыўнымі комплексамі, — працягвае Марына Масташова. — Магчымасць іх наведвання арганізаванымі групамі турыстаў для папулярызацыі таго ці іншага віду спорту будзем узгадняць з адміністрацыямі гэтых аб'ектаў.

Экскурсія «Мінск спартыўны» — аўтобусна-пешаходная. Яна разлічана на тры астранамічныя ці чатыры акадэмічныя гадзіны. Гэта аптымальная працягласць для аглядных і тэматычных экскурсій. Турыст паспявае даведацца шмат новай інфармацыі і пры гэтым не стаміцца. Экскурсія заклікана выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго здароўя і папулярызаваць заняткі спортам. Таму падчас яе правядзення гучаць імёны нашых лепшых спартсменаў, чые дасягненні ўжо сталі здабыткам не толькі нашага спорту, але і сусветнага спартыўнага руху. Турыстаў таксама знаёмяць з маладымі спартсменамі, якія сёння паспяхова адстойваюць гонар нашай краіны на міжнародных спартыўных арэнах.

Турыстычныя кампаніі, якія займаюцца арганізацыяй экскурсіі «Мінск спартыўны», могуць карэкціраваць маршрут у залежнасці ад пажаданняў заказчыка. Напрыклад, для груп гасцей, якія цікавяцца тэнісам, больш увагі і часу ў туры надаюць Палацу тэніса. Там жа ёсць магчымасць сустрэцца з нашымі вядомымі тэнісістамі і іх трэнерамі. Гэта дадае ўдзельнікам экскурсіі яркіх уражанняў.

Як і падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, напярэдадні Еўрапейскіх гульняў значная ўвага надаецца падрыхтоўцы экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. У тым ліку для тураў спартыўнай тэматыкі.

З 2007 года ў нашай краіне вядзецца прафесійная атэстацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Сёння ўжо атэставана 1067 чалавек, у тым ліку каля 900 экскурсаводаў. Гэта спецыялісты з веданнем 11 моў. Існуе электронны рэестр гідаў-перакладчыкаў і экскурсаводаў. Яго можна знайсці на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, якое з'яўляецца атэстуючым органам.

 — Патрабаванні да экскурсаводаў прад'яўляюцца строгія. На Еўрапейскія гульні прыедуць не толькі звычайныя балельшчыкі, але і вядомыя дзеячы спорту. Мы павінны быць упэўненыя, што экскурсавод зможа годна расказаць гасцям аб спартыўным руху ў нашай краіне. Ён павінен быць, што называецца, у тэме, — пералічыла крытэрыі Марына Масташова.

Для атрымання дазволу на правядзенне экскурсіі спартыўнай тэматыкі неабходна падаць дакументы ў Нацыянальнае агенцтва па турызме. Пасля камп'ютарнага тэсціравання кандыдата чакае субяседванне. Перад атэстацыйнай камісіяй ён павінен бліснуць ведамі ў пытаннях спорту.

У перыяд правядзення Еўрапейскіх гульняў задзейнічаюць лепшых экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. У сувязі з гэтым Марына Масташова дадае:

— Ідзе падбор кадраў, кіраўнікі курсаў па падрыхтоўцы экскурсаводаў рэкамендуюць найбольш паспяховых выпускнікоў, якія маглі б смела, прафесійна працаваць з гасцямі. Як са спартсменамі, так і з заўзятарамі. Праблем з недахопам гідаў-перакладчыкаў няма. Мы цесна супрацоўнічаем і з Нацыянальным агенцтвам па турызме, і з Інстытутам прадпрымальніцкай дзейнасці, дзе арганізаваныя адпаведныя курсы падрыхтоўкі.

Дарэчы, аналагічныя экскурсіі спартыўнай тэматыкі ёсць і ў абласных цэнтрах. Іх праграму таксама мадэрнізуюць да Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter