Что нужно изменить в законе, чтобы запустить пилотный проект государственно-частного партнерства?

Пройдзем гэты шлях разам

Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве ў нас шмат гавораць, але такіх праектаў у краіне пакуль яшчэ не было. Схема супрацоўніцтва зразумелая. Але вось адладзіць яе механізм усё ніяк не атрымліваецца. Восенню прад-прымальнікі павінны дапамагчы дзяржаве з рэканструкцыяй аўтадарогі М-10: мяжа Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын. За іх грошы плануюць пракласці 85 кіламетраў гэтай трасы. Але не ўсё так проста — Мінэканомікі разам з расійскімі экспертамі вырашылі перагледзець нормы заканадаўства, каб потым не ўзнікала спрэчных момантаў. Падрабязнасці  высвятляла карэспандэнт «Р».

Фота з архіва sb.by

Штогод у свеце траціцца на сацыяльную інфраструктуру каля 2 трлн долараў. А колькі праектаў так і застаецца на паперы з-за недахопу казённых сродкаў! Не выключэнне і наша краіна. Паводле ацэнак Мінэканомікі, у нашым бюджэце знаходзяцца грошы толькі на 20—30% «сацыялкі» ад неабходнага. І разрыў гэты, не скрываюць у ведамстве, будзе павялічвацца. Розніца паміж жаданнем укласціся ў развіццё інфраструктуры і магчымасцямі бюджэту, згодна з Нацыянальным інфраструктурным планам на 2016—2030 гады, у сярэднім штогод будзе складаць 1,7 млрд долараў. Таму і вырашана падключаць да працэсу іншых інвестараў.

Але ўсё вялікае пачынаецца з малога. Малым у нашым выпадку стане пілотны праект дзяржаўна-прыватнага партнёрства (ДПП) — рэканструкцыя ўчастка дарогі М-10. Перспектывы, па словах першага намесніка міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі, у магістралі ўражальныя:

— У далейшым па гэтай аўтадарозе мяркуецца праходжанне аднаго з маршрутаў Шаўковага шляху з наступнай інтэграцыяй у еўрапейскую транспартную сістэму. Развіццё міжнародных транспартных калідораў надае дадатковы імпульс прамысловасці і дзелавой актыўнасці, павышае мабільнасць працоўнай сілы і грузаў, прыносіць шэраг дадатковых эканамічных выгад ва ўзаемадзеянні краін.

Конкурс па выбары прыватнага партнёра плануецца пачаць гэтай восенню. А ў другой палове наступнага года чакаецца, што пачнецца рэканструкцыя магістралі. Зараз жа на завяршальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка дакументаў, якія ўключаюць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, пашпарт праекта, праект пагаднення аб ДПП і праект пацвярджаючага ўказа. Апошні ўпаўнаважыць Мінтранс на падпісанне пагаднення ДПП, акрэсліць умовы, магчыма, замацуе шэраг ільгот і прэферэнцый для прыватніка.

Пілотным праектам ДПП абрана рэканструкцыя ўчастка дарогі М-10
Фота Артура ПРУПАСА

Без дапамогі кваліфікаваных спецыялістаў было б складана, адкрыта гаворыць Аляксей Аўраменка:

— Дзякуючы актыўнай працы ЕБРР у падрыхтоўцы нашага праекта задзейнічаны кваліфікаваны кансорцыум кансультантаў. Паспяхова завершаны першы этап дыялогу з удзельнікамі рынку ДПП, падчас якога вялікая колькасць найбуйнейшых ігракоў выказала высокую цікавасць да нашага праекта, таксама як і міжнародныя фінансавыя інстытуты.

Намеснік міністра эканомікі Павел Уцюпін у сваю чаргу запэўніў: у краіне сфарміравана асноўная заканадаўчая база для рэалізацыі праектаў ДПП. Але практычны бок пакуль адстае ад тэарэтычнага. Таму ў Мінск запрасілі экспертную групу. Дарэчы, у Расіі ўжо рэалізавана больш за 1,65 тысячы праектаў узаемавыгаднага партнёрства, у Казахстане — больш за сотню.

Варта адзначыць, што гэта ўжо шостае пасяджэнне, але ўпершыню вывучаны вопыт выкарыстання ДПП у галіне транспартнай інфраструктуры. Эксперты агучылі складанасці, з якімі сутыкнуліся ў іх краінах, дэталі, з-за якіх праект можа і зусім аказацца пад пагрозай. Прыклад, які прывёў начальнік аддзела Дэпартамента інвестыцыйнай палітыкі і развіцця прыватна-дзяржаўнага партнёрства Мінэканамразвіцця Расіі Міхаіл Брусілоўскі, прыцягнуў да сябе ўвагу з-за нечаканага падабенства сітуацыі:

— У нас цяпер рэалізуецца 72 праекты ДПП у сферы транспарту, з іх каля чатырох дзясяткаў датычыцца непасрэдна аўтадарог. У іх будаўніцтва і рэканструкцыю прыцягнута больш за 400 мільярдаў расійскіх рублёў. Здавалася б, усё адпрацавана. Але нечакана ФАС забракаваў кейс, у якім дарогу на 100 працэнтаў фiнансуе інвестар, а затым яму з бюджэту кампенсуюць затраты. Пры гэтым у далейшым дарога стане платнай, збор будзе ісці дзяржаве. Але антыманапалісты настойваюць: раз выдаткі цалкам пакрывае дзяржава, то праект трэба рэалізоўваць не праз ДПП, а праз дзяржзакупкі. Таму нам трэба будзе адкарэкціраваць нацыянальнае заканадаўства, каб не ўзнікала такіх сумненняў надалей.

druk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter