Простыя рэчы

У Мiнску адкрылася выстаўка вядомага украiнскага фотамастака Iгара Гайдая

Вядомы ўкраiнскi фотамайстар Iгар Гайдай робiць дзiвосныя адкрыццi ў звычайнай паўсядзённасцi

У Мiнску адкрылася выстаўка аднаго з самых вядомых украiнскiх фотамастакоў Iгара Гайдая. У беларускай сталiцы ён прадставiў работы з трох сваiх аўтарскiх праектаў: «Украiнцы», «Космас украiнскага хлеба» i «9+3».

— Для мяне фатаграфiя – гэта спосаб пазнання жыцця. Я аддаю перавагу вельмi простым iдэям, i праца над iмi заўсёды дорыць мне дзiвосныя адкрыццi, якiя iснуюць у паўсядзённасцi, — гаворыць Iгар Гайдай.

Напрыклад, штуршком да пачатку праекта «Космас украiнскага хлеба» сталi будзённыя наведваннi гастранома. Амаль штодня Iгар заходзiў туды за хлебам i кожны раз, трымаючы яго ў руках, звяртаў увагу на тыя цi iншыя загадкавыя, вельмi розныя, непаўторныя «рэльефы» на паверхнi свежага бохана – зморшчынкi, гарбiнкi, расколiны...

— Здавалася б, хлеб – звычайная рэч, прасцей простага, суправаджае чалавека ўсё жыццё, наладжана яго масавая вытворчасць, мiльёны адзiнак у дзень, а разам з тым у кожнага хлеба iндывiдуальныя рысы, ён — жывая культура, у iм — сакральная сiла, — разважае фотамастак.

Праект «9+3», цi больш дакладна «9 месяцаў + 3 днi», – зафiксаванае на звычайнай чорна-белай плёнцы i ад таго яшчэ больш выразнае сведчанне любовi i пяшчоты, у якiх купаецца толькi што народжанае дзiця. Ад здымкаў з выявамi шчаслiвых бацькоў, iх немаўлят ва ўзросце ад 3 хвiлiн да 3 дзён iдзе неймаверны iмпульс пазiтыўнай энергii.

I напамiн: кожны чалавек з’яўляецца на свет, каб быць шчаслiвым i любiмым.

Героi праекта «Украiнцы» – мужчыны, жанчыны, дзецi, людзi гарадскiя i вясковыя, простыя i знакамiтыя, парамi, тройкамi, паасобку, са свойскiмi жывёламi цi з рабочымi iнструментамi... Своеасаблiвы маштабны калектыўны партрэт нацыi – украiнцаў пачатку трэцяга тысячагоддзя.

Над гэтай серыяй (усяго ў ёй 120 фотаздымкаў, у Мiнску прадстаўлена толькi частка) майстар працаваў шэсць гадоў. Як расказаў Iгар Гайдай, асаблiвае ўражанне пакiнулi сустрэчы з простымi людзьмi. Яны з задавальненнем фатаграфавалiся, iм падабалася ўвага да сябе. Але цiкавасць з боку вядомага майстра выклiкала ў iх i пэўны скепсiс, маўляў, што за патрэба нас здымаць. Многiя так i не паверылi, што iх будучыя партрэты могуць быць апублiкаваны ў фотаальбоме цi экспанавацца на замежных выстаўках.

— Я адчуў, што гэтым простым людзям не хапае самадастат­ковасцi. Мне хацелася, каб мае здымкi сталi для iх свайго роду псiхатэрапiяй, каб праз iх яны адчулi сябе асобамi, дастойнымi ўвагi не менш, чым якiя знакамiтасцi, — гаворыць фотамайстар.

Работы Iгара Гайдая (а ўсяго iм створана каля дзесятка серый фотаздымкаў) аб’ехалi ўжо многiя краiны Еўропы. У Мiнску пазнаёмiцца з iмi можна да 15 сакавiка. Выстаўка размяшчаецца ў галерэi «Панарама» на 22-м паверсе Нацыянальнай бiблiятэкi. Дарэчы, вiд, якi адкываецца адтуль, вельмi ўразiў спадара Iгара. Не выключана, што сярод яго фотаработ з’явiцца цяпер i здымак з самай вышэйшай кропкi беларускай сталiцы.

На здымку: Iгар Гайдай.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter