Просты хлопец з вёскi Каўпенiцы

Ён усё  сваё  жыццё  прысвяцiў  моладзi  i  спевам

Ён усё  сваё  жыццё  прысвяцiў  моладзi  i  спевам 

Нядаўна прафесар кафедры раманскiх моў БДЭУ, заслужаны работнiк культуры Беларусi Сяргей Галаўко адзначыў свой юбiлей – 80 гадоў. Гэты пачэсны ўзрост не замiнае прафесару дастойна выконваць свае службовыя абавязкi i па сённяшнi дзень. Ён па-ранейшаму выкладае студэнтам французскую мову, кiруе, дарэчы вось ужо 35 гадоў, народным вакальным ансамблем прафесараў i дацэнтаў БДЭУ «Чырвоны гваздзiк». 

Павiншаваць юбiляра прыйшлi калегi па кафедры, аднадумцы з ансамбля i госцi. У лiку апошнiх — салiст Нацыянальнай оперы, лаўрэат Мiжнароднага конкурсу iмя I.Шаляпiна Алег Гардынец, якi ўсiх пакарыў сваiм адметным басам i спевамi. Дарэчы будзе сказаць, што захапленне Сяргея Аляксандравiча вакалам i музыкай дастойна працягваецца яго дзецьмi – абедзве дачкi, Таццяна i Вольга, спяваюць: старэйшая — удзельнiца вядомай у рэспублiцы i за яе межамi вакальный групы «Камерата», а малодшая выкладае спевы i музыку ў гiмназii-каледжы пры Акадэмii музыкi. Зяць, Уладзiмiр Глушакоў, кiруе хорам хлопчыкаў пры Акадэмii музыкi. 

Сяргей Галаўко прайшоў жыццёвы шлях ад выкладчыка замежнай мовы да загадчыка кафедры, якой кiраваў ажно 17 гадоў, пад яго апекай працавала больш за 70 выкладчыкаў. Нягледзячы на такi шматлiкi калектыў (у асноўным жаночы), кафедра паспяхова спраўлялася са сваiмi абавязкамi: выйшла ў свет некалькi падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў, якiмi нашы студэнты карыстаюцца i па сённяшнi дзень. 

Просты хлопец з невялiкай вёсачкi Каўпенiцы Баранавiцкага раёна, улюбёны ў спевы амаль з калыскi, здолеў пранесцi сваё захапленне праз усё жыццё i пакiнуць адметны след у сэрцах многiх пакаленняў студэнтаў i ўдзячных слухачоў «Чырвонага гваздзiка». 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter