Роўнасць мужчын і жанчын у грамадстве, сям’і, творчым самавыяўленні — характэрная рыса сучаснага жыцця ў Беларусі

Простая формула, ці На вагах гендарнай роўнасці

У вядомага расійскага паэта і барда з Санкт-Пецярбурга Аляксандра Дольскага ёсць выдатныя радкі: “Принимай судьбу отрадно,/ не ищи других причин, разделились беспощадно/ мы на женщин и мужчин…”  Такое адрозненне, можна сказаць, генетычная своеасаблі­васць спакон веку з’яўляецца прадметам увагі чалавека. Яно адлюстравана і ў помніку сусветнай культуры Бібліі, і ў традыцыях розных культур і народаў, і ў шматлікіх даследаваннях навукоўцаў, як у даўнія часы, так і сёння. Так, гэтая дадзенасць існуе бясспрэчна. Але што можа быць лепшым, чым пазітыўнае ўспрыманне нашага адрознення! Калі-небудзь людзі забудуць пра тое, што калісьці існаваў гендарны стэрэатып пра другаснае становішча жанчын у грамадстве, выцеснены са свядомасці грамадзян. Бо як чалавеку для паўна­цэннага існавання патрэбныя дзве рукі, так і грамадству, і  сям’і — абодва прадстаўнікі полу чалавечага. Тым больш, як лічаць даследчыкі гендарных стэрэатыпаў, адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі падкрэсліваюцца ў значна большай ступені, чым яны ёсць у сапраўднасці.


Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы, у Беларусі больш за 46 працэнтаў жанчын-кіраўнікоў. Што ж, факт уражвае. А калі, да прыкладу, узяць Гомельскі рэгіён, то там і зусім жанчыны займаюць 56 працэнтаў кіруючых пасад на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Гэта кіраўнікі, спецыялісты сфер прамысловасці, гандлю, адукацыі, аховы здароўя, культуры, бытавога абслугоўвання, прадстаўніцы бізнесу, аграпрамысловага сектара. Дарэчы, на ўрачыстым прыёме, які штогод у сакавіку напярэдадні Міжнароднага жаночага дня праводзіцца ў аблвыканкаме, дзе таксама прысутнічалі і шматдзетныя маці, і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, губернатар Уладзімір Дворнік, падзякаваўшы жанчынам за іх уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці, сказаў: “Вы накіроўваеце свае прыродныя здольнасці ў патрэбнае рэчышча і дабіваецеся выдатных вынікаў. Сёння ў нас нямала жанчын-кіраўнікоў у органах выканаўчай улады, бізнесе, сілавых ведамствах. На чале структурных падраздзяленняў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў — 70 працэнтаў жанчын, сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый — 56 працэнтаў прадстаўніц прыгожага полу”. 

Пачаткам правядзення палітыкі гендарнай роўнасці ў Беларусі лічыцца 1995 год, калі беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у Чацвёртай сусветнай канферэнцыі па становішчы жанчын у Пекіне. Пекінская канферэнцыя прыняла глабальнае абавязацельства па паўсюдным пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын у форме Пекінскай дэкларацыі і Пекінскай платформы дзеянняў. З тых часоў былі зроблены пэўныя захады ў напрамках, пазначаных у гэтым дакуменце. У чэрвені 1996 года быў прыняты Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча жанчын на 1996-2000 гады. Палажэнні плана былі развітыя і канкрэтызаваныя ў рэспубліканскай праграме “Жанчыны Рэспублікі Беларусь”, адобранай Саветам Міністраў у жніўні 1996 года. Было практычна завершана фарміраванне Нацыянальнага механізму, які рэалізуе дзяржаўную палітыку ў дачыненні да жанчын. Адным з яго элементаў з’яўляецца Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.


Гэты Нацыянальны савет, будзе да месца нагадаць, створаны ў 2000 годзе, з’яўляецца каардынуючым органам па правядзенні ў жыццё дзяржаўнай палітыкі гендарнай роўнасці. У яго склад увайшлі прадстаўнікі дзяржаўных структур, навукоўцы, прадстаўнікі жаночых недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Неабходнасць стварэння Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы, які мае больш высокі статус і надзелены больш шырокімі паўнамоцтвамі, чым асобныя міністэрствы і ведамствы, была абумоўлена тым, што сусветная супольнасць разглядае паляпшэнне становішча жанчын як першы крок у дасягненні гендарнай роўнасці. 

У 1997 годзе ў “Праграму дзяр­жаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь” былі ўключаныя Меры па падтрымцы жаночага прадпрымальніцтва. У 1998 годзе Указам Прэзідэнта былі зацверджаныя “Асноўныя напрамкі дзяржаўнай сямейнай палітыкі”, у якіх былі вызначаны меры для павышэння эканамічнай самастойнасці сям’і і жанчын.

Важным міжнародным метадалагічным кіраўніцтвам для распрацоўкі дзяржаўных законаў і праграм па дасягненні гендарнай роўнасці з’яўляецца дакумент 1998 года Савета Еўропы пад назвай “Комплексны падыход да праблемы роўнасці жанчын і мужчын”. 

На сённяшні дзень у Беларусі выконваецца Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2008-2010 гг., зацверджаны ў верасні 2008 года Урадам Рэспублікі Беларусь. Гэта трэці па ліку праграмны дакумент у сферы практычнай рэалізацыі гендарнай палітыкі (пасля Нацыянальных планаў на 1996-2000 гады і на 2001-2005 гады).

У новым Плане прадугледжаны розныя захады па далейшым  развіцці, удасканаленні прававых нормаў аховы мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, недапушчэнне дыскрымінацыі пры працаўладкаванні, забеспячэнне рэальнага ўдзелу жанчын у кіраванні, а таксама і новыя, больш прагрэсіўныя і эфектыўныя меры. Намечана сістэма захадаў па павышэнні канкурэнтаздольнасці  жанчын на рынку працы і садзеянні іх занятасці шляхам правядзення спецыялізаваных кірмашоў вакансій для працаўладкавання, навучання жанчын асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне ўмоў для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі жанчын пры вяртанні  з адпачынкаў па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў. Увага нададзена пытанням удасканалення заканадаўства па прадухіленні насілля ў сям’і, забеспячэнні абароны ахвяр сямейнага насілля, а таксама  праблемам недапушчэння праяў дыскрымінацыі па  прыкмеце полу і стварэнні ўмоў, якія забяспечваюць найбольш поўную рэалізацыю асабістага патэнцыялу жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

У сферы адукацыі.

Беларускія жанчыны маюць больш высокі ўзровень адукацыі, чым мужчыны. Дыплом ВНУ або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы маюць 55 працэнтаў працуючых жанчын і 38 працэнтаў мужчын. Сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 26,9 працэнта. Для мужчын аналагічны паказчык роўны 20,2 працэнта.

У сферы занятасці і працы.

Сярод беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку больш за адзін год, 37,6 пра­цэнта жанчын. З агульнай колькасці працуючых грамадзян Беларусі жанчын амаль 54 працэнты. Удзельная вага прадстаўніц прыгожага полу па рабочых спецыяльнасцях складае 43,7 працэнта, жанчын-служачых — 68,1 працэнта, кіраўнікоў — 46,5 працэнта, спецыялістаў — 74,2 працэнта.
Даход. У 2013 годзе адносіны намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты жанчын да зарплаты мужчын склалі 74,5 працэнта.

Удзел у палітыцы і прыняцці рашэнняў.

Беларусь увайшла ў лік 27 краін свету, якія дасягнулі мэтавага паказчыку па ўдзеле жанчын у працэсе прыняцця рашэнняў.  У парламенце доля жанчын складае 29,5 працэнта. Ва Урадзе жанчыны кіруюць трыма ведамствамі: Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным статыстычным камітэтам. У снежні 2014-га ўпершыню ў беларускай гісторыі пасаду віцэ-прэм’ера заняла жанчына — былы старшыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава. 

Хатнія абавязкі. 

Паводле статыстыкі, у сярэднім у мужчын застаецца 40 хвілін вольнага часу ў будны дзень, у жанчын — 28 хвілін. На газеты, часопісы, інтэрнэт і тэлевізар мужчыны тра­цяць у дзень 2 гадзіны 12 хвілін, жанчыны — 1 гадзіну 9 хвілін. Мужчыны спяць 8 гадзін 27 хвілін у суткі, жанчыны — 8 гадзін 2 хвіліны.

Нараджальнасць.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у Беларусі ў апошнія гады на 100 дзяўчынак нараджаецца 106-107 хлопчыкаў. Да 30-гадовага ўзросту жаночая частка насельніцтва краіны знаходзіцца ў меншасці (колькасць мужчын перавышае колькасць жанчын). Уплыў міграцыйных працэсаў, больш высокая смяротнасць сярод мужчын прыводзіць да таго, што прыкладна з 31-гадовага ўзросту жанчыны перавышаюць па колькасці мужчын.

Больш-менш. 

У сярэднім па краіне на 1 000 мужчын прыпадае 1 150 жанчын, у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу — 1 167 жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 1 095 жанчын. 
Паводле папярэдніх дадзеных, на 1 студзеня 2015 года колькасць жанчын у Беларусі склала 5 мільёнаў 72 тысячы чалавек (53,5 працэнта насельніцтва). У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражывае 77,8 працэнта жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 22,2 працэнта жанчын. 
На пачатак 2014 года сярэдні ўзрост жанчын у Беларусі склаў 42,3 года, у тым ліку сялянак — 47,5 гадоў, гараджанак — 40,8 гадоў.

Паводле ацэнкі ПРААН, “натуральнай” розніцай у чаканай працягласці жыцця мужчын і жанчын прынята лічыць 5 гадоў. У Беларусі на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын перавышае больш як у два разы “натуральную” і складае 10-12 гадоў.

Па матэрыялах рэспубліканскіх СМІ 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter