Простае лёсу палатно

Веранiка Iванаўна Ёдзiк з Астравецкага раёна жыве на свеце 105 гадоў. — То панi до мамусi здалеку пшыехала, — голасна загаварыла гаспадыня, даведаўшыся аб мэце майго вiзiту. I далей працягвала размову толькi па-польску. — Вы дома па-польску размаўляеце? — крыху здзiвiлася я. — Мы так прывыклi. А свякроўка дык увогуле толькi на гэтай мове мувiць. Школу яна пры Польшчы яшчэ заканчвала, на Лiтве тады яе сям’я жыла. Даўно гэта было. Свякроў нарадзiлася 1 красавiка 1901 года. Хутка сто пяць гадоў ёй будзе.
Лёс у Веранiкi Iванаўны Ёдзiк з невялiкай, усяго дзевяць двароў, вёскi Шадзюны на Астравеччыне быў нялёгкiм — горкае сiроцкае дзяцiнства, цяжкая праца, голад i нястача.
Сiратой Веранiка Iванаўна засталася ў шэсць гадоў, калi памерла мацi, а дзяцей разабралi людзi прыслужваць. З гэтага ўзросту i працуе. Дапамагала дзяцей няньчыць, гусей i свiней пасвiць. Потым навучылася жаць, снаваць кросны i ткаць посцiлкi. Словам, усю работу па гаспадарцы рабiла за дах над галавой i харчы — нiчога свайго не мела. А ў дваццаць восьмым годзе пасватаўся да яе Казiмiр Ёдзiк з Шадзюнаў.
Вось тады i паверыла яна ў сваё шчасце. Спачатку пры свекрывi жыла, потым свой дом будаваць пачалi. Трое дзяцей нарадзiла. Усё жыццё цяжка працавала — спачатку на сваёй гаспадарцы, а потым у калгасе на паляводстве. Рана аўдавела.
У маладосцi цяжка захварэла Веранiка Iванаўна, нi сама, нi родныя не спадзявалiся ўжо, што паправiцца яна. I да гэтага часу не ведае, цi то прыснiлася ёй, цi прымроiлася ў непрытомнасцi, цi i сапраўды гэта было, але ўбачыла яна Мацi Боскую. I тая прадказала ёй, што пражыве яна на свеце больш за сто гадоў. I сапраўды, з тае пары пайшла яна на папраўку. Да ста гадоў усю работу рабiла, без дапамогi абыходзiлася. У стогадовым узросце, узгадвае яе нявестка Ванда Баляславаўна, нават бульбу выбiрала. Пару баразён па восемдзесят метраў без перапынку прайшла, а потым стамiлася, адпачыць прысела.
Амаль да ста, пакуль бачылi вочы, ткала прыгожыя посцiлкi. Яны i зараз упрыгожваюць хату Ёдзiкаў.
А калi на другое стагоддзе век павярнуў, бабуля Веранiка перайшла жыць да старэйшага сына Iвана, якi пабудаваўся побач з бацькоўскай хатай. Ванда Баляславаўна свякроўку даглядае: i на вулiцу выведзе, калi надвор’е добрае, i апранацца дапамагае — прыгожа, акуратна, i есцi прыгатуе. Снедае i вячэрае бабуля разам з усёй сям’ёй за сталом.
Яна i зараз добра чуе, калi звiнiць тэлефон. Тады, адкрыўшы акенца, клiча з двара нявестку. Сама трубку не здымае — не кожны разумее яе польскую гаворку.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter