Працэдурная медыцынская сястра Марыя Скуратовіч: дзяўчына, якая дорыць надзею на папраўку

Проста Маша

Пра яе, працэдурную медыцынскую сястру Марыю Скуратовіч з экстраннай хірургіі, што ў 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, можна сказаць: гэта тая дзяўчына, якая дорыць надзею на папраўку



Па-мойму, яна асаблівая. Цяжка ўявіць, каб любімым прадметам для такога юнага стварэння, якім мая візаві была ў 2011-м, калі паступала ў Мінскі ме­дыцынскі каледж, з’яўлялася анатомія. Не раз даводзілся чуць ад студэнтаў, што анатомія — самы складаны прадмет у сэнсе зубрэння: маўляў, вучыць яе горш за зубны боль. А тут наце вам — падумаеш, анатомія. Зразумела, што без ведання анатоміі медыцына немагчымая. Але каб яе так любіць…

Прызнаюся, на Машу я звярнула ўвагу, калі сама трапіла ў экстранную хірургію 2-й клінічнай бальніцы. Тонкія мае вены, у якія з ходу не патрапіць, тым больш студэнтам-практыкантам або старшакурснікам, якія падзарабляюць на дзяжурствах, паслужылі прычынай жадання расказаць пра яе. Да чаго ж юная, падумала я, калі Маша хутка і бязбольна для мяне паставіла кропельніцу. Таксама, мабыць, студэнтка. Але яна аказалася працэдурнай медыцынскай сястрой, якая цалкам асэнсавана паступіла ў каледж, каб пасля стаць урачом. Іншымі словамі, Маша — адна з тых, хто ў медыцыну прыйшоў па прызванні.

Абаяльная і мілая, проста-такі дзяўчына-прыгажуня з рускай народнай казкі “Марозка”, па матывах якой знятыя і мультфільм, і мастацкая аднайменная кінастужка, што ўвайшла ў залаты фонд савецкага кіно. І галасок у яе, нібы ручаёк, звініць, і ўважлівая, і ветлівая… Такія рэплікі пачула ад дзвюх пацыентак аддзялення. І пра сябе, памятаю, усміхнулася: маўляў, не ў мяне адной узніклі такія асацыяцыі. І якія толькі эпітэты ў адрас гэтай светлавалосай дзяўчыны, якая пры знаёмстве прадставілася “проста Маша”, ні прасіліся пасля яе візітаў у палату ўвасобіцца ў словы: і сціплая, і ветлівая, і гарэзлівая ў рэпліках з калегамі-медсёстрамі, і ў справе сваёй упэўненая… Гледзячы на яе, лавіла сябе на думцы, што хочацца Машы сказаць што-небудзь прыемнае, падбадзёрваючае. І на пытанні тая адказвала ахвотна, няспешна, не хаваючы вачэй. Звярнула я ўвагу і на яе далоні: маленькія, але такія ўпэўненыя. Адзін дакладны рух — і ўжо іголка шпрыца знаходзіць патрэбную вену…


У аддзяленне экстраннай хірургіі Маша прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння медыцынскага каледжа, што ў Мінску, бо яшчэ на першым курсе выбрала не тэрапію, а хірургічны напрамак медыцыны. І стаць у буду­чыні яна жадае не інакш як хірургам. У аддзяленні, дзе працуе, ёсць у каго павучыцца. Гэта хірургі: загадчык аддзялення Сяргей Аляксандраў, Уладзімір Корык, Нарайр Мелканян… Ды і ўсе астатнія спецыялісты вышэйшага медыцынскага персаналу, гаворыць, у нас хоць куды. І пра медсясцёр, і пра санітарак Маша таксама добра адзываецца.

— Маша, прызнавайся! Напэўна, ты ведала пра тое, што сказаў Арыстоцель: толькі таленавітыя ўрачы надаюць выключную важнасць дакладнаму веданню анатоміі чалавека. І таму ўлюбілася ў гэты прадмет?

— Мне, вядома, прыемна, што я з Арыстоцелем заадно, але гэты афарызм мне не быў знаёмы. Напэўна, уся справа ў інтуіцыі. Я Вадалей па знаку задыяку, а Вадалеі, сцвярджаюць знаўцы, бачаць свой шлях на шмат крокаў наперад дзякуючы інтуіцыі. Акрамя таго, яны любяць дапамагаць людзям і не любяць сумнай і манатоннай работы.

— Выходзіць, што ты выбрала медыцыну па прызванні? І ў аддзяленні экстраннай хірургіі апрыёры сумна не бывае… Можа, ёсць урачы сярод сваякоў?


— Сярод сваякоў няма ніводнага ўрача. І, напэўна, не было. Мае ўзаемаадносіны з аховай здароўя склаліся неяк самі сабою. З дзіцячых гадоў ні пра што іншае і не марыла. Ва ўсякім разе, я не памятаю, каб мне хацелася стаць кімсьці іншым: настаўніцай або, скажам, артысткай. У такіх выпадках гавораць: проста ведала, што пайду ў медыцыну. Відаць, гэта і ёсць прызванне або прадчуванне свайго прафесійнага шляху ў жыцці. Магчыма, маё рашэнне ўзмацнілася ў адзінаццацігадовым узросце, калі з жыцця пайшла маці. Адразу пасля школы я і падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Але не паступіла. І, не разважаючы, пайшла ў каледж. Там правучылася тры гады. Летась у медыцынскі ўніверсітэт не паступала: работа ў экстраннай хірургіі, дзе ні адзін новы дзень не падобны да папярэдняга, мяне цалкам паглынула.

— Паступаць збіраешся?

— Паспрабую сёлета. Цяпер на падрыхтоўчыя курсы хаджу пры медуніверсітэце. Вучыцца мне вельмі падабаецца.

— Чым цябе прыцягвае прафесія медсястры, урача?

— Мне падабаецца лячыць людзей, мне добра, калі хвораму ад зносінаў са мною, ад маіх кропельніц і ўколаў становіцца лягчэй. І радуе, калі ён па­чынае ўсміхацца, давяраць мне. Давер паміж мною і пацыентам — немалаважная рэч. Бо не сакрэт, што хворыя надта эмацыйна ставяцца да свайго здароўя. І калі ім дрэнна, то і эмоцыі іх, мякка кажучы, не самыя лепшыя. Гэта і надумлівасць, і нявер’е ў папраўку, і раздражняльнасць, і эгацэнтрызм… А я павінна не толькі ўмець прафесійна паставіць кропельніцу, але і выслухаць пацыента, якому важна выгаварыцца. Асабліва гэта трэба старым. Тады і будзе паміж намі давер.

— Вось ты ўваходзіш у палату. Што гаворыш хворым? І як яны цябе сустракаюць? Не выключана ж, што па-рознаму. Нехта пакутуе ад болю, нехта ўжо ідзе на папраўку. І да кожнага трэба знайсці падыход.


— Так, усе людзі розныя. Нехта мае патрэбу ў спачуванні, камусьці важна ведаць, якія ін’екцыі выпісаў урач, практычна ўсім гэта цікава, якія таблеткі трэба піць, а хтосьці проста паглыбіўся ў сябе… У палату я імкнуся ўвайсці з усмешкай. Але не з той, якая да вушэй. Такая ўсмешка недарэчная там, дзе шмат болю. Я разумею, што разам са мною і маімі кропельніцамі ды ўколамі ў палату ўваходзіць надзея на пазбаўленне ад болю. Бо ў экстранную хірургію прывозяць пацыентаў часцяком з вострым болем, таму ім не да радасці. Уваходжу, вітаюся. Стаўлю каля ложкаў кропельніцы. Калі мяне хто-небудзь пра што-небудзь запытвае, абавязкова адказваю. Калі бачу, што мой адказ не зусім задавальняе пацыента, яго я абнадзею, паабяцаўшы пагаварыць пазней. Важна і звярнуць увагу на таго, хто паглыбіўся ў сябе. Мала што робіцца ў душы чалавека. Мне трэба зразумець яго, каб нам абодвум было лягчэй супрацоўнічаць. Ні ў якім разе я не павінна выглядаць празмерна вясёлай і паспешлівай. Мой асабісты настрой, эмацыйныя перагрузкі ды стомленасць не павінны адбівацца на хворых…


Маша Скуратовіч у працэдурным кабінеце


— Атрымліваецца, што знайсці падыход да кожнага хворага — самае складанае ў тваёй сённяшняй прафесіі?

— Так і ёсць. Як бы добра я ні здзяйсняла свае маніпуляцыі, справу даводзіцца мець з чалавекам. А гэта няпросты свет са сваімі падводнымі плынямі. І ў тых глыбінях бываюць такія завіхрэнні, што ніякая кропельніца, ні ўкол не дапамагаюць. Ад медсясцёр і ўрачоў патрабуюць цуду, але, калі ён здараецца, думаю, што так і трэба. Часам з хворымі прыходзіцца ўпарта маўчаць, калі ніякія іншыя аргументы не дзейнічаюць.

— Напэўна, бываюць і такія асобы, каго хочацца, мякка кажучы, ударыць…

— Хочацца, але нельга (смяецца). Ой, ды людзі ўсе нядрэнныя, толькі праблемы са здароўем не дазваляюць ім праяўляць сябе з лепшага боку. Нельга меркаваць пра чалавека, калі ён неадэкватны. Хворыя па-рознаму паводзяць сябе ў крытычных сітуацыях. Хтосьці не губляе годнасці: стойка пераносіць боль. Хтосьці капрызіць, боль перабольшвае, патрабуючы да сябе павышанай увагі. Да таго ж, мы не павінны забываць, што ва ўсіх розны парог адчувальнасці. Некаторыя пры выглядзе крыві, якую бярэш з вены, могуць знепрытомнець. Рэдка, але сустракаюцца, вядома, і скандалісты па натуры. Але мне пакуль шанцуе на добрых людзей.

 — Як пачалася твая працоўная дзейнасць? Уяўленні пра ахову здароўя і рэальнасць супалі? Не даводзілася пашкадаваць аб тым, што пайшла ў медыцыну?

— У аддзяленні экстраннай хірургіі я працую два гады з нечым. Калі сюды прыйшла, мне ўсё падавалася цудоўным. Было адчуванне, як быццам тут я была заўсёды. Згуртаваны калектыў вельмі спадабаўся. Усё супала з маімі ўяўленнямі пра работу. Мне падабаецца, калі старэйшыя калегі заўважаюць добра зробленую мною, прадстаўніком сярэдняга медыцынскага персаналу, работу. Радуюся і за іншых дзяўчынак — паставых медсясцёр, калі іх заўважаюць і заахвочваюць.

— Ты адразу стала працэдурнай медыцынскай сястрой?

— Спачатку была паставой медсястрой, а потым стала працэдурнай.

— Ці прыемна, калі табе дзякуюць хворыя?

— Вядома, прыемна. І кветкі дораць, і ўсмешкі. І добрыя словы гавораць. Усё гэта прымаю з падзякай, але пры гэтым я пераканана: мы не павінны на яе разлічваць і чакаць ад каго-небудзь з хворых. Я заўважыла і ў жыцці адну цікавую рэч: чым менш чакаеш падзякі ад людзей, тым больш яе і атрымліваеш.

— Ці памятаеш, як рабіла свой першы ўкол, ставіла кропельніцу? Ці адразу ўсё ў цябе атрымлівалася?

— Ды ўсё неяк само сабою лёгка выйшла. І першы ўкол, і першая кропельніца. А было гэта на практыцы падчас вучобы ў каледжы. Яе я праходзіла ў гнойнай хірургіі ў гэтай жа бальніцы.

— Ці даводзілася, працуючы, ратаваць каго-небудзь?


— Гэта даволі частая з’ява ў на­шым аддзяленні, калі трэба вельмі хутка дзейнічаць, каб выратаваць чалавека. Але ў гэты працэс уцягнута шмат людзей: і рэаніматолагі, і хірургі, і медсёстры…

— Ці сутыкалася са смерцю? Калі так, то што ў той момант адчувала?

— Сутыкалася, вядома. Але ў такія моманты трэба не адчуваць, а дзейнічаць. Што я і імкнуся рабіць. Калі не выпрацаваць імунітэт супраць пакут іншых людзей, то тады ты не зможаш працаваць у медыцыне. Бо энергія пакут разбуральная. Як жа я змагу дапамагчы хвораму, калі разам з ім пачну вохкаць і ахкаць… Маё спачуванне да яго павінна выяўляцца ў маіх правільных дзеяннях. І, паўтаруся, ва ўменні з ім пагаварыць. Здаецца, гэта Уладзімір Бехцераў сказаў: калі пасля размовы з урачом хвораму не стала лягчэй, то гэта не ўрач.

— Навукоўцы даказалі, што работа ўрача — адна з самых нервовых у свеце, у прыватнасці, навукоўцы з Гарвардскай медыцынскай школы і Мічыганскага ўніверсітэта правялі аналіз псіхічнага стану сучасных урачоў. Аказалася, што працэнт урачоў з дэпрэсіяй год ад году толькі расце. Чаму, як думаеш?


— Работа ўрачоў, асабліва хірургаў, рэаніматолагаў, звязана з вялікімі стрэсавымі сітуацыямі. Зрэшты, і ў іншых прафесіях хапае стрэсаў. Мне падаецца, што трэба рыхтаваць сябе да іх загадзя. Калі ўжо ты выбраў такую прафесію, то і сродак выратавання ад стрэсаў трэба шукаць: займацца самападрыхтоўкай, ведаючы, што тваё здароўе ў тваіх руках.

— Якім людзям ты парэкамендавала б выбіраць прафесію медработніка?

— Спакойным, цярплівым, адказным, якія ўмеюць працаваць у камандзе…

— Ці патрэбна сучаснаму ўрачу якая-небудзь асаблівая якасць? Скажам, імкненне да славы?

— Славалюбства, як вядома, рухавік поспеху. Калі, безумоўна, яно не пераходзіць у ганарыстасць. А вось калі ўрач не сумяшчае практыку з тэорыяй, то ён не развіваецца. Таму, як мне падаецца, сучасны ўрач абавязаны ўмець іх сумяшчаць.

— Твой любімы серыял пра ўрачоў і чаму?

— “Доктар Хаус”. Галоўны герой хоць і рэзкаваты, своеасаблівы, але цудоўны дыягност, які не толькі ўмее працаваць у камандзе, але і іншых урачоў таму вучыць.


ФАКТЫ

  • 2-я гарадская клінічная бальніца — старэйшая лячэбная ўстанова з цяпер дзеючых бальніц Мінска (адкрылася ў 1799 годзе), якая адпавядае сучасным патрабаванням высокатэхналагічнай ме­дыцынскай дапамогі. Дарэчы, па­чытаць пра гісторыю бальніцы можна ў кнізе “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі” пісьменніка і этнографа П.М. Шпілеўскага.

  • Хірургічная дзейнасць актыўна развіваецца з 1870 года. У розныя перыяды па шэрагу прычын прыпыняецца. У 1977 годзе ў бальніцы, якая сёння размешчана ў двух сучасных, злучаных паміж сабою будынках па вуліцы Энгельса, 25, арганізоўваецца аддзяленне экстраннай хірургіі на 60 ложкаў.

  • На сённяшні дзень аддзяленнем загадвае Сяргей Аляксандраў.

  • Калектыў аддзялення працуе ў цесным супрацоўніцтве з кафедрай Ваенна-палявой хірургіі БДМУ, якую ўзначальвае палкоўнік медыцынскай службы дацэнт Уладзімір Корык.

Валянціна Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter