Эколагі і школьнікі з Беларусі і Украіны збіраюцца ратаваць малыя рэкі

Проста дабаў вады

У нашай краіне больш за 20 тысяч рэк. Улічыць і дагледзець кожную надзвычай складана. Амаль што немагчыма. Тым больш 93 працэнты ад гэтай колькасці — зусім малыя рачулкі, як гавораць, вераб`ю па калена. Яны часта застаюцца нават безназоўнымі, але з мноствам вялікіх праблем. Дапамагчы ў іх вырашэнні збіраюцца школьнікі і эколагі з Піншчыны разам са сваімі ўкраінскімі суседзямі з Любяшоўскага раёна. Тут, у глыбіні Палесся, пачалася рэалізацыя праекта «Транс-гранічныя водныя інспектары: на шляху да сумеснага маніторынгу і асваення водных рэсурсаў басейна ракі Прыпяць». 

Малыя рэкі Палесся патрабуюць пільнай увагі. Іх вярхоўі перасыхаюць, цячэння амаль што няма.
фота Stolinzrzby.by

Пінскі раён, вёска Маладзельчыцы. Палессе. Да меліярацыі трапіць у гэты край было няпроста. Вясной нават у краму ці ў госці да суседа прыходзілася дабірацца на лодцы. Дарогі ў вёску не было, затое працавалі школа і клуб. Сёння эпіцэнтр сельскага жыцця — крама. Ля ўвахода стаяць некалькі вяскоўцаў. Успамінаюць мінулае. Расказваюць, што раней у вёсцы было мнагалюдна. Зараз усё больш хат пустуе.

Пенсіянерка Ганна Мартынаўна нарадзілася і вырасла тут. Кажа, з'ехаць з Маладзельчыц можна было двума спосабамі: або ісці пешшу сем кіламетраў да Селішча, каб сесці на аўтобус да Пінска, або крочыць тры кіламетры да прыстані на Прыпяці. Вясной выбару і зусім не заставалася:

— Пасля зімы дарогу да Селішча так размывала, што прайсці было немагчыма. Падсыхала яна толькі да сярэдзіны лета. У гэты час адзіным каналам сувязі са знешнім светам была рака. Вяскоўцы на лодках плылі да Прыпяці, дзе перасаджваліся на цеплаход. Да Пінска ПТ-0169 ішоў неверагодна доўга — больш за чатыры гадзіны!

У той час у аколіцах вёскі было некалькі азёр. Мужыкі лавілі рыбу ў прыпяцкіх «старыках» і невялічкіх рачулках. Зараз ад таго прыроднага багацця амаль што нічога не засталося. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Віктар Дзям’янчык расказвае, што некаторых рэк, якія былі адзначаны на картах 1970-х гадоў, зараз проста не існуе: 

— Малыя рэкі Палесся патрабуюць пільнай увагі. Іх вярхоўі перасыхаюць, цячэння амаль што няма. Некаторыя рачулкі можна нават у тапках перайсці, не замачыўшы ног. Што датычыцца Пінскага і Любяшоўскага раёнаў, то там іншыя праблемы: поймы рэк зарастаюць, рэчышчы «забіваюцца» ламаччам і ветравалам. Плюс актыўную дзейнасць вядуць бабры. Ад таго ўзнікаюць сур’ёзныя падтапленні…

Чым можа дапамагчы малым рэкам трансгранічны беларуска-ўкраінскі праект, які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрасаюза? Яго менеджар Святлана Паддубная расказвае: 

— Асноўнымі ўдзельнікамі гэтага праекта стануць вучні і настаўнікі вясковых школ. Па-першае, будзе створана 20 грамадскіх экалагічных пастоў. Іх удзель-нікамі стануць 20 дарослых і 200 школьнікаў. Спецыяльна будзе закуплена лабараторнае абсталяванне. Настаўнікі атрымаюць неабходныя веды падчас семінараў, трэнінгаў, летнікаў. Разам з дзецьмі яны зробяць пашпарты кожнай ракі, куды будуць заносіцца даныя аб якасці і ўзроўні вады. Уся інфармацыя будзе публікавацца на спецыяльным сайце, перадавацца прыродаахоўным і экалагічным службам. Гэта дазволіць больш дэтальна вывучыць стан і праблемы малых рэк. Пасля эксперты распрацуюць план па ўсебаковай абароне малых рэк і водных рэсурсаў басейна ракі Прыпяць.

На думку прадстаўніка Пінскага райвыканкама Юрыя Кіселя, праект таксама мае вялікае адукацыйнае і выхаваўчае значэнне:

— Дзеці будуць займацца практычнай экалагічнай працай: рабіць аналізы, супастаўляць факты, пачнуць лепш разумець тыя працэсы, якія адбываюцца ў прыродзе. Больш за тое, мы набудзем палаткі, каякі, іншы турыстычны інвентар. Будзем выпускаць тэматычныя буклеты. Думаю, для дзяцей гэта будзе больш цікава і карысна, чым заняткі ў сценах школы. Важна і тое, што такім чынам яны вучацца паважліваму стаўленню да навакольнага асяроддзя. 

Віктар Дзям’янчык лічыць, што гэты праект мае большае адукацыйнае значэнне, чым экалагічнае. Вучоны тлумачыць: 

— Добра, што школы атрымаюць новае абсталяванне, што вучні будуць займацца практычнай экалогіяй. Але ж малыя рэкі патрабуюць пільнай увагі спецыялістаў. У нашым інстытуце, у адпаведнасці з планам развіцця зялёнай эканомікі, мы ствараем асобны кластар «Еўра-Палессе». Першы крок — вызначэнне прыярытэтных напрамкаў, першасных экалагічных праблем рэгіёна, якія будуць вырашацца.

Агульны кошт праекта «Трансгранічныя водныя інспектары: на шляху да сумеснага маніторынгу і асваення водных рэсурсаў басейна ракі Прыпяць» — больш за 277 тысяч еўра. Неабходнае абсталяванне плануецца набыць да 31 студзеня. Таксама ў рамках праекта ў вёсцы Заполле Пінскага раёна будзе пабудаваны вадаправод, а ў Любяшоўскім раёне прывядуць у належны стан рэкрэацыйную зону ў раёне ракі Карасценка.

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter