Кратковременные дожди не спасут некоторые посевы, которые покарала июньская жара

Промнем у корань

Кароткачасовыя дажджы не выратуюць асобныя пасевы, якія пакарала чэрвеньская жара


  

НЕБЫВАЛАЯ засуха ў заходніх раёнах Віцебшчыны, дзе больш месяца не было дажджу, нанесла вялікую шкоду пасевам. Так, у  сельгаспрадпрыемстве “Яблынька” Глыбоцкага раёна на 100 гектарах прапала кукуруза, на 30 — яравы рапс, не раскусціліся як след яравыя збожжавыя, і больш  8—10 цэнтнераў на круг яны пры ўборцы не дадуць. На карані высахлі злакавыя травы і нават “падгарэла” канюшына. Дырэктар  Віктар Гінько  за трыццаць гадоў свайго кіраўніцтва гаспадаркай не прыпамінае падобнай сітуацыі. 

Такі ж малюнак  і ў сельгасфіліялах  “Капыльшчына”, ”Глыбоцкая птушкафабрыка”, “Прошкава” і некаторых іншых гаспадарках гэтага раёна.

Сто гектараў яравога рапсу з 400 пасеяных прапала ў міёрскім сельгаспрадпрыемстве “Узмёны”, а на астатніх — узышоў “плямамі”. Не лепшы малюнак з кукурузай, яравымі збожжавымі.

Амаль што крытычная сітуацыя з пасевамі склалася ў Браслаўскім раёне. У “Маяку-Браслаўскім”, напрыклад, на 50 гектарах выгаралі нават азімыя. Усяго загінула звыш 300 гектараў збожжавых і рапсу. На такой жа плошчы — і пасевы ў суседніх “Агравідзах”. 

Кароткачасовыя дажджы, якія прайшлі пасля, некалькі палепшылі абстаноўку. Праўда, на той жа Браслаўшчыне  яны прамачылі  зямлю ўсяго на пару сантыметраў.

Увогуле ж,  у названых раёнах, а таксама ў Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім прымаюцца меры, каб паправіць становішча. На палях, дзе загінулі расліны, распачаты перасеў аднагадовымі культурамі. Аднак гэту работу, па-першае, стрымлівалі касавіца і  напруга з гаручым, а па-другое, зноўку ударыла другая «хваля» засухі з пякотай. У Міёрскім раёне на плошчах, дзе захавалася хаця б дзве трэці пасеваў, робіцца іх догляд. Гэтаму спрыяе крэдыт  на 3 мільярды рублёў, узяты ў банку для набыцця азоту.

Як на палях гаспадарак, так і на ўласных агародах насельніцтва працуюць спецыяльныя камісіі па вызначэнні страт. А Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама рэкамендуе частку плошчаў, дзе расліны прапалі зусім, рыхтаваць пад сяўбу азімага рапсу і азімых збожжавых.

saulich@bk.ru

НА ЗДЫМКУ: так выглядае поле яравога рапсу КУП СГП “Яблынька” Глыбоцкага раёна.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter