На Віцебшчыне нарыхтавалі травяных кармоў значна больш, чым летась

Профi на фермах вырашаюць усё

На Віцебшчыне нарыхтавалі травяных кармоў значна больш, чым летась, аднак, каб атрымаць істотную прыбаўку прадукцыі, гэтага мала. Кіраўніцтва вобласці паставіла задачу звярнуць  большую ўвагу на чалавечы фактар: з якім настроем людзі прыходзяць на работу, у якіх умовах працуюць, якую маюць прафесійную падрыхтоўку.


— Надой можа знізіцца ўдвая, калі карова адчувае, што ў даяркі дрэнны настрой, — з веданнем справы кажа аператар машыннага даення МТФ “Саннікі” ЗАТ  “АСБ — Агра-Наватар” Бешанковіцкага раёна Вольга Варкулевіч. —  Таму імкнуся пакінуць усе праблемы за “варотамі”. 

За 10 месяцаў сярэдні надой ад каровы ў групе Вольгі 7865  кілаграмаў, што на  798 кілаграмаў больш, чым летась. Для параўнання: у гаспадарцы  гэты паказчык склаў 5846 кілаграмаў — на 261  кілаграм болей.

Ажно на 15 працэнтаў вырас плюс па малаку з пераходам на зімова-стойлавае ўтрыманне жывёлы  ў СУП “Павяцце” Міёрскага раёна. Прадукцыя рэалізуецца сортам “экстра”. Ёсць  вялікая заслуга ў гэтым і аператара па раздою першаацёлак Валянціны Мілашэвіч:

— Падыходжу да справы заўсёды адказна, —  дзеліцца вопытам Валянціна, — бо менавіта ў перыяд раздою фарміруецца прадукцыйнасць будучай каровы. Уплывовых фактараў тут шмат.  Каб прывучыць маладую жывёлу да механічнага даення, неабходна даведацца пра яе нораў, прадбачыць паводзіны: адной патрэбна пяшчота, другой — строгае слова... 

Менавіта на рабоце з кадрамі жывёлаводаў акцэнтавана ўвага на абласным семінары ў Верхнядзвінскім раёне. Месца яго правядзення выбрана невыпадкова. Раён — лідар па вобласці ў гэтай галіне. Сёння тут дояць ад каровы па 13  кілаграмаў малака, або на 5,3 працэнта больш, чым  летась. А на ферме “Сар’я” КУВСП “Дрысенскі”  атрымліваюць па  18 кілаграмаў ...

Першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Машэра асабліва падкрэсліў, як у раёне клапатліва ставяцца да кадраў жывёлаводаў. Так, пры ўзвядзенні новых і рэканструкцыі старых жывёлагадоўчых памяшканняў, якіх нямала, увага акцэнтавана на паляпшэнне ўмоў працы і быту. На абноўленым малочна-даільным блоку ў КУВСП “Каханавічы”, які будзе запушчаны днямі, абсталяваны санпрапускнік. Аператары, перш чым трапіць у цэх,  абавязкова прымаюць душ, пераапранаюцца. Ёсць  пакой адпачынку, дзе можна разагрэць  абед, папіць кавы. Такія ж пакоі абсталяваны  амаль  на кожнай малочна-таварнай ферме.

Яшчэ адзін немалаважны аспект. Віцебская дзяржаўная  акадэмія ветэрынарнай медыцыны актыўна павышае кваліфікацыю і перападрыхтоўку кадраў жывёлагадоўлі. Толькі  ў групе аператараў па штучнаму асемяненню займаюцца 34 спецыяліста. А ўсяго па розных накірунках павышаюць веды  на 29 патоках.

saulich@bk.ru

Фото www.selhozkorma.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter