У Беларусі пабываў вядомы расійскі пісьменнік Юрый Лошчыц

Продкі — са Случчыны

У Беларусі, на радзіме прашчураў “па мячы”, гэта значыць па бацькоўскай лініі, пабываў вядомы расійскі пісьменнік Юрый Лошчыц
У Беларусі, на радзіме прашчураў “па мячы”, гэта значыць па бацькоўскай лініі, пабываў вядомы расійскі пісьменнік Юрый Лошчыц


У Юрыя Лошчыца — беларускія карані
Слуцк і Случчына — родныя для яго мясціны. І хаця нарадзіўся Юрый Міхайлавіч ва Украіне, а ўсё свядомае жыццё, пачынаючы з 1947 года, жыве ў Расіі, у Маскве, Беларусь заўжды была і застаецца светлаю згадкаю ў памяці ды ў некаторых творах літаратара. На могілках вёскі Лапацічы Слуцкага раёна пахаваны Канстанцін Піліпавіч Лошчыц, прадзед Юрыя Міхайлавіча, і на сайце пісьменніка змешчаны помнік, ацалелы на магіле продка. А вось згадка пра дзеда-беларуса з “аповесці дзяцінства” “Мае дамашнія святыя”. Перабіраючы сямейныя здымкі, нашчадак піша: “Не с этим ли честносердечием во взоре и ты глядишь на нас, дед мой, — а для кого из моих уже и прадед и прапрадед — Фёдор, Феодор Константинович Лощиц, солдатский сын, старший писарь 61-го Владимирского полка, безпорочно отслуживший свой воинский призывной срок на польском западе Русского Царства, в граде Белостоке, при государе императоре Александре III?”. Прыязджаў на родавае котлішча Юрый Лошчыц у 1988 і 2000 гадах, сустракаўся з далёкімі і блізкімі суродзічамі ў Слуцку і Лапацічах. Наведаўся і сёлета.

Як сустракае пісьменніка зямля продкаў? “Яшчэ ў 1988-м я пазнаёміўся з слуцкім краязнаўцам Рыгорам Родчанкам, — расказвае Юрый Лошчыц. — Нават псеўданім яго памятаю: Рыгор Лінкор. Шмат невядомага адкрыў я тады для сябе пра Слуцкі край. Рады і сёлетняй сустрэчы з роднай зямлёй. Удзячны дырэктару Слуцкага краязнаўчага музея Наталлі Серык, супрацоўніку музея Васілю Цішкевічу за змястоўную экскурсію. А яшчэ і за тое, што пазнаёміўся з блізкай да Лапаціч Свята-Сімяонаўскай царквой у вёсцы Барок і яе настаяцелем пратаіярэем Георгіем Пятроўскім”.

Юрый Лошчыц — аўтар многіх кніг, ён лаўрэат Вялікай Літаратурнай прэміі (Расія), Патрыяршай прэміі, Прэміі Івана Буніна. Некаторыя з кніг нашага супляменніка выдадзены ў серыі “Жыццё знакамітых людзей” выдавецтва “Молодая гвардия”. Напрыклад, агульны тыраж рамана “Дзмітрый Данскі” — больш за шэсць мільёнаў экзэмпляраў. Пільна ўглядаючыся ў гістарычна-краязнаўчы ландшафт Случчыны, Юрый Лошчыц выказаў упэўненасць, што паспрабуе ўвасобіць у сваіх творах партрэт блізкіх яму мясцін і родных людзей, найперш — сваіх прашчураў. Некаторыя з твораў можна знайсці на сайце пісьменніка: http://loshchits.ru/

Дарэчы. У інтэрнэце ёсць весткі і пра бацьку пісьменніка, Міхаіла Лошчыца, удзельніка абароны Ленінграда і прарыва блакады, які “пасля вайны працаваў у ваеннай прэсе і пайшоў у адстаўку ў званні генерал-маёра”. Спадзяемся, у рэдакцыі будзе магчымасць расказаць і пра яго.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter