Прэса і інтэрнэт-інтарэсы

У Мінску адкрылася спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі»

Газеты, часопісы, кнігі з Беларусі, Расіі, Літвы, Казахстана, Кубы і Кітая прадстаўлены на XVIІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі». Экспазіцыя будзе працаваць у мінскім Футбольным манежы з 22-га па 25 красавіка. Паралельна з ёю праходзіць і XXІ Міжнародны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «TIBO-2014».

Ад імя Прэзідэнта удзельнікаў выставы і форуму павіншаваў першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдко.

«Сімвалічна, што форум «ТІВО-2014» і выстава «СМІ ў Беларусі» праходзяць разам. Па-за Інтэрнэтам традыцыйныя СМІ сёння ўжо немагчымыя. Відавочна, што актыўнае прасоўванне інавацыйных тэхналогій у айчынную медыясферу — падмурак яе поспеху», — адзначаецца ў прывітанні.

Усяго на форуме прадстаўлена больш за 30 экспанентаў. На стэндах побач з газетамі і часопісамі размешчаны вялікія маніторы.

— Гэта своеасаблівы паказчык цеснай сувязі СМІ і Інтэрнэта, — кажа Наталля Сігаева з Бранскай вобласці. — У нас 28 раённых газет, усе яны не толькі маюць сайты, але і актыўна працуюць з сацыяльнымі сеткамі. Напрыклад, газета Злынкаўскага раёна «Верны шлях» на аснове паведамленняў, якія пішуць чытачы ў группе ў «Аднакласніках», нават рыхтуе тэматычныя палосы.

Нямала сюрпрызаў падрыхтавала для гасцей выставы і газета «Рэспубліка».

— У Год гасціннасці мы сустракаем наведвальнікаў з караваямі, — кажа Марына Астапеня, супрацоўніца газеты. — 23 красавіка ў час прэзентацыі нашага галіновага выдання «Весткі спажыўкааперацыі» ўсе жадаючыя змогуць паспрабаваць прадукцыю Белкаапсаюза, а 24 красавіка — атрымаць кансультацыю юрыста. У чацвер, дарэчы, мы ўпершыню прадставім на выставе наш спецвыпуск для дзелавых людзей — «Урадавы веснік».

— Хто не баіцца кінуць выклік акулам слова і ў прамым эфіры расказаць гледачам «Міра» пра выставу СМІ? — чуецца голас Таццяны Сабалеўскай, вядучай праграмы «Мар! Дзейнічай! Будзь!».

І хоць пра прамы эфір яна жартуе, усё ж такі жадаючых паспрабаваць сябе ў ролі карэспандэнта нямала. Як і тых, хто хоча сфатаграфавацца побач з аўтамабілем УАЗ, які выстаўлены ля стэнда тэлекампаніі «ВаенТБ».

— Калі вы не змаглі трапіць на Дзень пісьменнасці, які ў мінулым годзе праходзіў у Быхаве, то завітайце да нас, — запрашае Зоя Сысоева, галоўны спецыяліст аддзела па рабоце са СМІ Магілёўскага аблвыканкама. — Мы прывезлі з сабой шэраг матэрыялаў, прысвечаных гэтаму святу.

Звярніце ўвагу і на прэзентацыю інфармагенцтва «Магілёўскія ведамасці». Дарэчы, яно стала першым рэгіянальным СМІ, якое аб’яднала тры выданні: «Магілёўскія ведамасці», «Магілёўскую праўду» і «Дняпроўскі тыдзень».

Таксама ў ходзе выставы адбудзецца шэраг семінараў і круглых сталоў. Так, напрыклад, часопіс «Беларуская думка» прапануе абмеркаваць тэму «Друкаваныя СМІ ў эпоху інтэрнэт-рэвалюцый».

На здымку: выставу адкрываюць першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый ШЭДКО (у цэнтры), намеснік міністра інфармацыі Уладзімір МАТУСЕВІЧ.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter