Прэмія за кансервацыю

Механiзатары ААТ «Слабодка-агра» Браслаўскага раёна з года ў год своечасова ўпраўляюцца і з пасяўной, і з уборкай
Механiзатары ААТ «Слабодка-агра» Браслаўскага раёна з года ў год своечасова ўпраўляюцца і з пасяўной, і з уборкай. Таму што тут — гаспадарскія адносіны да тэхнікі. Машынны двор «Гаўрылаўцы» неаднаразова прызнаваўся лепшым у раённым аглядзе-конкурсе.


Асаблівая ўвага надаецца пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне.


Вось і сёлета яна практычна ўся спарадкавана, за выключэннем плугоў, якія яшчэ неабходны на зябліве.


Цікавы тут сам падыход да кансервацыі машын і агрэгатаў. Па-першае, гэтай справай абавязкова займаецца той, хто працаваў на дадзенай тэхніцы. Нават калі ён не член гаспадаркі, а быў прыцягнуты на ўборачную, як Анатоль Савіцкі з Нацыянальнага парка і Валерый Пучынскі з Дома састарэлых. Яны прыязджалі на мехдвор пасля асноўнай работы і даводзілі да ладу свае камбайны. Узнагарода за гэта — па 400 тысяч рублёў. Па-другое, як паведаў галоўны інжынер акцыянернага таварыства Віктар Шыман, другі год запар механізатары пры ачыстцы вузлоў і агрэгатаў абыходзяцца без вады, а робяць гэта сціснутым паветрам. Такая практыка сябе апраўдвае: на вясну менш іржы і цалейшыя падшыпнікі. Па трэцяе, праведзена дэфектоўка праблемных дэталяў: шнэкаў, транспарцёраў, нажоў, рамянёў і іншых. Яны зняты, каб за зіму адрамантаваць або замяніць новымі.


І яшчэ вельмі важны аспект: 9 з 11 зернеўборачных і ўсе 6 кормаўборачных камбайнаў пастаўлены пад спецыяльныя павеці. А як жа інакш: тэхніка каштуе мільярды рублёў, і грэх пакідаць яе пад адкрытым небам. 


Напэўна, нездарма ў ААТ «Слабодка-агра» на мінулым тыдні прайшоў абласны семінар па пастаноўцы тэхнікі на зіму. На ім прааналізавана, як гэта справа наладжана ў цэлым па вобласці і выказана пажаданне браць прыклад з браслаўчан. 

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter