Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кампазітар з Баранавіч Міхаіл Скрундзь спецыяльна да гастроляў у Эстонію напісаў новую песню на верш Янкі Купалы “Вясна”

Прэм’ера была ў Нарве

Сёлета суполка “Сябры” з Нарвы ўвасобіла ў жыццё вялікі праект: прайшоў цэлы цыкл мерапрыемстваў Фестывалю беларускай паэзіі ў Эстоніі. А завяршыўся ён прыгожым святкаваннем 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Юбілеі Песняроў супляменнікі ў Нарве адзначалі разам з гасцямі, што прыехалі з іншых гарадоў Эстоніі ды Беларусі. Салідным, гожым, вартым вялікіх імёнаў атрымалася тое свята ў Культурным цэнтры “Женева”.

Артыстаў гурта “ФЭСТ” на Фестывалі беларускай паэзіі вітае Людміла Аннус
Фота віКтара байКачова

Напярэдадні ж у Цэнтральнай бібліятэцы Нарвы адкрылася выстава кніг Янкі Купалы і Якуба Коласа, якая працавала да канца кастрычніка. А ў нарвскім моўным ліцэі прайшла сустрэча з педагогамі, навучэнцамі: актывісты суполкі “Сябры” расказвалі пра сваю Бацькаўшчыну, паказвалі фільм пра Беларусь. Правялі й віктарыну “Што ты ведаеш пра Рэспубліку Беларусь?”. І ўсім ліцэістам, якія на пытанні адказвалі правільна, беларусы ўручылі сувеніры, падарункі.

Галоўныя дзеі Фестывалю беларускай паэзіі, святкаванне 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, прайшлі на пачатку кастрычніка на сцэне Культурнага цэнтра “Женева”. Спачатку выступіла Зінаіда Клыга, кіраўніца Беларускага таварыства “БЭЗ” з горада Йыхві: яна спявала песні на вершы класікаў беларускай літаратуры. Актывісты суполкі “Сябры” чыталі вершы Песняроў па-беларуску і па-эстонску, расказвалі пра іх жыццё і творчасць. А на вялізным экране высвечваліся фатаграфіі Янкі Купалы і Якуба Коласа, прыгожыя мясціны, краявіды Беларусі. Выступіў перад гасцямі й гурт беларускай песні суполкі “Сябры”. Упрыгожыла свята “Лявоніха” ў выкананні танцавальнага калектыву “Нарва”. І пасля такога прыгожага “разагрэву” на сцэну выйшаў народны ансамбль “ФЭСТ” з горада Баранавічы. Дарэчы, раней гурт з поспехам выступіў і ў эстонскім Тарту: артыстаў з Бацькаўшчыны там гасцінна сустракала самае маладое ў Эстоніі Беларускае аб’яднанне “Спадкі”.

“ФЭСТ” парадаваў гледачоў вядомымі беларускімі ды рускімі народнымі песнямі. Ёсць у рэпертуары артыстаў з Баранавіч і аўтарскія кампазіцыі: шмат з іх напісаў Міхаіл Скрундзь, удзельнік калектыву. Да эстонскіх гастроляў Міхаіл напісаў песню на верш Янкі Купалы “Вясна”. І яе прэм’ера была ў Нарве. Хоць за акном цяпер уладарыць восень, кампазіцыю слухачы сустрэлі вельмі цёпла.

У ролі канферансье быў кіраўнік ансамбля Іван Кусцінскі: баяніст-віртуоз, ён хутка знайшоў кантакт з гледачамі. А ў зале — каля 600 чалавек, сярод іх і ганаровыя госці: Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь, старшыня гарадскога сходу Аляксандр Яфімаў, мэр горада Тармо Таммістэ, кіраўнік “Круглага стала” нацыянальных аб’яднанняў пры Міністэрстве культуры Эстоніі Аляксандр Дусман, дэпутаты гарадскога сходу. Цёплай, сяброўскай была сустрэча з беларускай культурай. Усіх артыстаў гледачы сустракалі ды праводзілі апладысментамі. А пасля канцэрта госці шчыра дзякавалі Людміле Аннус, старшыні нарвскай суполкі “Сябры”, і яе памочнікам за цудоўнае свята, прасілі часцей ладзіць такія цёплыя, душэўныя імпрэзы.

Потым для беларускіх гасцей мы правялі экскурсію Нарве, паказалі славутасці. Баранавіцкія артысты наведалі й суседні гарадок Усць-Нарву: там любаваліся Балтыйскім морам ды пясчаным пляжам. Праўда, паплаваць ды пазагараць не ўдалося: не пара. Але беларускія сябры паабяцалі прыехаць да нас яшчэ і летам. Дарэчы, мы нават падпісалі з “ФЭСТам” пагадненне аб супрацоўніцтве. А ў снежні “Сябры” плануюць наведаць Баранавічы, каб павіншаваць “ФЭСТ” з 25-годдзем творчай дзейнасці.

Віктар Байкачоў, намеснік старшыні беларускай суполкі “Сябры”, г. Нарва

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter