Праз таямніцу Пасхі да духоўнага прабуджэння

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, браты і сёстры, людзі добрай волі!

«Хрыстус уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!» Гэтымі словамі пасхальнага закліку вітаю і віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Езуса Хрыста, святам, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры. Без Уваскрасення наша вера была б падобнай да пабудаванага на пяску дома, які разбурылі б дажджы і ветры (пар. Мц 7, 24-27).

Пацвярджэннем Уваскрасення Езуса быў як пусты гроб, да якога прыйшлі жанчыны, якія прынеслі алей, і апосталы Пётр і Ян, так і прысутнасць сярод апосталаў уваскрослага Хрыста. Яны сустрэлі Яго ў Вячэрніку і па дарозе ў Эмаус і таксама пазналі Яго падчас супольнага пасілку каля Галілейскага возера. Святы Тамаш дакрануўся да Яго ранаў. Ён аб’явіўся больш чым пяцістам чалавек.

Падзея, якая адбылася дваццаць стагоддзяў таму, працягваецца і дакранаецца да кожнага з нас. Дзякуючы Пасхальнай таямніцы мы становімся дзецьмі Божымі, і апошняе слова адносна нашага лёсу належыць не да смерці, але да жыцця. Уваскрасенне Хрыста змяніла прыроду чалавека і свету, у якім прысутнічае Збаўца. Мы можам Яму давяраць і ў Ім мець надзею, бо Ён не належыць да мінулага, але ёсць сучаснасцю і вядзе ў будучыню. Прыгожа аб гэтым нагадвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які заклікае да жыцця надзеяй, у якой мы збаўлены. Уваскрасенне Хрыста ёсць пераход да жыцця ў новым вечным вымярэнні. У гэтым крыецца перамога Пасхі як наша збаўленне!

На самой справе ў сучасным свеце ўсё больш і больш праяўляецца практычны матэрыялізм і папулярызуецца стыль жыцця без Бога. Нярэдка чалавек становіцца як быццам прадметам, так што яго вартасць часта мерыцца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багаццем, здольнасцю арганізаваць бізнес, здароўем ці спраўнасцю дастаўляць прыемнасці і г.д. Да гэтага далучаецца прапаганда лібералізму, уседазволенасці, пазасужэнскага сексу, парнаграфіі, насілля, неабмежаванага спажывецтва і шопінгу. З вялікай хуткасцю далей распаўсюджваецца алкагалізм, наркаманія і чума нашага часу — СНІД. Сям’я, як галоўная клетка грамадства, перажывае нябачны дагэтуль крызіс да такой ступені, што прапагандуюцца аднаполыя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Самы вялікі і бясцэнны Божы дар, якім ёсць жыццё, абясцэньваецца, і ім маніпулююць. Свет падзелены. Чалавек усё часцей становіцца на шлях эгаізму, усё больш клапоціцца пра сябе самога і забываецца аб любові да бліжніх. Духоўным анамаліям сучаснасці неабходна супрацьпаставіць праўду аб годнасці і святасці чалавека як створанага па вобразу і падабенству Божаму.

Менавіта праўда Уваскрасення мае фундаментальнае значэнне для хрысціянства і з’яўляецца ключом да разумення хрысціянскага бачання свету. Хрысціянства — гэта не толькі і не столькі філасофская сістэма, этыка, культура ці збор маральных норм, але сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які з’яўляецца яго крыніцай. Уваскрасенне Хрыста — гэта праўда, у якую верым, і адначасова галоўная прычына, для якой верым.

Сёлетні Вялікдзень вельмі знакавы. Гэта першы Вялікдзень, які мы святкуем з новым Папам Францішкам. Менавіта яму Бог даручыў заданне кіравання Паўсюдным Касцёлам у наш, поўны розных выклікаў, час. Працягваючы справу благаслаўлёнага Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, ён пакліканы весці нас да духоўнага абуджэння і ўмацавання веры.

У гэтым годзе мы таксама адзначаем 1150-годдзе ўвядзення славянскага пісьменства святымі Мятодам і Кірылам. Гэтая сапраўды рэвалюцыйная падзея дала магчымасць славянскім народам мець Божае слова на славянскай мове.

Сёлета мы святкуем юбілей 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў. На працягу чатырох стагоддзяў Марыя была з намі, падтрымлівала нас і вяла да свайго Сына Езуса Хрыста.

Мы верым, што Ён выслухае твае просьбы і ўчыніць нас удзельнікамі сваёй пасхальнай перамогі, адродзіць да новага жыцця ў духу і праўдзе, умацуе веру, дасць новую надзею і ажывіць любоў!

Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Вялікадня Хрыстовага ўсім вам!

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter