«Праз сямейныя расповеды працягваецца спадчынасць пакаленняў»

ВЯЛІКІЯ сем’і — спадчынная традыцыя вяскоўцаў. Увогуле сямейныя традыцыі складаюцца гадамі, дзесяцігоддзямі, пераходзяць з пакалення ў пакаленне больш дасканалымі, адпаведнымі часу. Асновы іх заўжды напоўнены пэўным сэнсам. Сям’я, як асноўны элемент грамадства, была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай спадчыннасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця. Распад вялікай дзяржавы адмоўна адбіўся і на дэмаграфіі Беларусі. На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у нас штогод змяншалася колькасць насельніцтва. Так, у 2005 годзе адмоўнае сальда склала 70 тысяч чалавек, праз год — 62 тысячы. Толькі летась мы прайшлі кропку незвароту. І хочацца спадзявацца, што сёлета ўпершыню за многія гады колькасць людзей у Беларусі стане павялічвацца за кошт нараджальнасці, і ў першую чаргу дзякуючы беларускай вёсцы з яе багатымі сямейнымі традыцыямі. — З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як грамадзяніна, — перакананы старшыня праўлення міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я — Яднанне — Бацькаўшчына» Уладзімір Грозаў (на здымку). — Бо сям’я — крыніца любові, павагі, салідарнасці і прыхільнасці, тое, на чым будуецца любое цывілізаванае грамадства, без чаго не можа існаваць чалавек.

Старшыня праўлення міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я – Яднанне – Бацькаўшчына» Уладзімір Грозаў — пра крыніцу любові, павагі і салідарнасці

ВЯЛІКІЯ сем’і — спадчынная традыцыя вяскоўцаў. Увогуле сямейныя традыцыі складаюцца гадамі, дзесяцігоддзямі, пераходзяць з пакалення ў пакаленне больш дасканалымі, адпаведнымі часу. Асновы іх заўжды напоўнены пэўным сэнсам. Сям’я, як асноўны элемент грамадства, была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай спадчыннасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця. Распад вялікай дзяржавы адмоўна адбіўся і на дэмаграфіі Беларусі. На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у нас штогод змяншалася колькасць насельніцтва. Так, у 2005 годзе адмоўнае сальда склала 70 тысяч чалавек, праз год — 62 тысячы. Толькі летась мы прайшлі кропку незвароту. І хочацца спадзявацца, што сёлета ўпершыню за многія гады колькасць людзей у Беларусі стане павялічвацца за кошт нараджальнасці, і ў першую чаргу дзякуючы беларускай вёсцы з яе багатымі сямейнымі традыцыямі. — З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як грамадзяніна, — перакананы старшыня праўлення міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я — Яднанне — Бацькаўшчына» Уладзімір Грозаў (на здымку). — Бо сям’я — крыніца любові, павагі, салідарнасці і прыхільнасці, тое, на чым будуецца любое цывілізаванае грамадства, без чаго не можа існаваць чалавек.

— Уладзімір Усеваладавіч, а колькі дзяцей было ў вашай сям’і?

— Я вырас у звычайнай сялянскай сям’і на Лагойшчыне. У нашым вялікім родзе былі хлебаробы, леснікі, шчаціншчыкі, медыкі, чыгуначнікі, нават манахі. З пакалення ў пакаленне  жылі дружна, багацця асаблівага не мелі, але і не бедавалі. Бо цанілі працу. Па восем і болей дзяцей было ў маіх бабуль і дзядуль. Толькі вось у ліхі час ім выпадала жыць, калі смерць ледзьве не зазірала ў вокны. У нас з жонкай Галінай пяцёра дзетак. Маем ужо ўнукаў і спадзяёмся, што дачакаемся і праўнукаў.

— Канешне, у наш час мець пяцярых дзяцей — варта гонару. А яшчэ пакаленне ці два таму амаль кожная сялянская, ды і не толькі сялянская, сям’я лічылася беднай ці няўдалай, калі было мала дзяцей.

— Мая бабуля па мацярынскай лініі мела васьмярых дзетак. А час быў страшэнна неспакойны. Вайна, разруха, голад. Але выжывалі.

— Дзякуючы чаму ці каму?

— Шчырая вера, якую мае родныя неслі ў сваіх душах з пакалення ў пакаленне. Як памятаю, у нашым доме стаяла шафа для адзення, і на паліцы, дзе гадамі ляжала некранутая бялізна, маці шаноўна захоўвала старадаўні абраз Мікалая Цудатворца, які ёй дастаўся ў спадчыну. У тыя гады масавага атэізму яна вымушана была так хаваць святы абраз. Тройчы наш дом агортвала полымя, і першым, што мае родныя выносілі з пажарышча, была ікона. Неаднаразова мне матуля расказвала пра самыя незвычайныя выпадкі, што здараліся ў нашай сям’і падчас вайны, і як шчырая вера ратавала маіх родных.

Так склалася, што калі мой бацька перад вайной працаваў стрэлачнікам на чыгунцы, аднойчы на стрэлцы вагон са збожжам перавярнуўся. Бацьку адразу прыгаварылі да смяротнай кары. І вось вядуць яго канваіры па калідоры на расстрэл, а насустрач крочыць сватаў сын, які працаваў у органах бяспекі. Ён пазнаў бацьку і пытае ў канваіраў, куды яны яго вядуць? Тыя адказваюць: расстрэльваць. І тады знаёмы хуценька выхоплівае пастанову суда, бяжыць у нейкі пакой і вяртаецца з новым прысудам — пяць гадоў турмы як ворагу народа.

Бацьку пасадзілі, засталася маці з малымі дзецьмі адна. Есці няма чаго. Дапамогі ніадкуль. Суседзі баяліся нават павітацца.

Раніцай маці стала маліцца перад іконай Мікалая Цудатворца. Малыя на печы прытуліліся. І раптам нейкі незвычайны стрэл у сцяне, нібыта бервяно ад марозу трэснула. Усё ў хаце раптоўна зацягнула туманам. Меншыя дзеці на печы сталі крычаць пра пажар.

Узнялася мітусня, але хутка туман стаў зыходзіць. Калі потым маці падышла да куфра, адкрыла яго, то анямела. Кінулася на калені і стала маліцца. Паклікала старэйшага сына Анатоля, майго дзядзьку. Ён вачам сваім не паверыў. Зверху на адзенні свяціўся скрутак новенькіх грошай. Чалавек так шчыльна не зможа іх скруціць. Маці хуценька апранулася і пабегла да бабулі раіцца, што рабіць. Расказала ёй пра грошы ў куфры. Старая ёй параіла купляць на іх толькі хлеб і ратаваць дзетак. Хапіла тых грошай якраз да таго часу, калі ў агародзе падышла бульба. І так супала, што ў той час вярнуўся з турмы бацька. Яму тэрмін зменшылі. Вось так і ўратаваліся мае родныя ад голаду. Гэтую гісторыю я не аднойчы чуў ад іх.

— І сваім дзецям, а цяпер і ўнукам, пэўна, расказваеце?

— У кожнай сям’і свае гісторыі. Вельмі важна на асабістых прыкладах выхоўваць дзяцей, прывучаць іх да сямейных традыцый. Усё гэта толькі ўзбагачае іх, выхоўвае пачуццё самасвядомасці, нацыянальнай годнасці.

— Уладзімір Усеваладавіч, нашаму грамадству зараз, на жаль, ёсць аб чым біць трывогу. Штогод павялічваецца колькасць разводаў.

— Прычыны распаду сем’яў самыя розныя. Па статыстыцы зараз больш за сорак працэнтаў разводаў прыходзіцца на самы рэпрадуктыўны ўзрост — ад 25 да 35 гадоў. Пры гэтым варта адзначыць, што вясковыя сем’і больш устойлівыя, чым гарадскія. Гэта абумоўлена многімі фактарамі, і ў першую чаргу захаваннем на вёсцы традыцый роду, сямейных. Хіба я магу забыць расказ бабулі пра тое, як падчас вайны яна ратавала сваіх васьмярых дзетак. Так склалася, што мой дзед Павел перад вайной займеў каня, і, калі фашысты акупіравалі іх мясцовасць, ён на ім перавозіў розныя грузы для партызан. Мясцовыя паліцаі высачылі дзеда і данеслі фашыстам. А дзед быў умелы чалавек. Дарэчы, гэта быў той самы дзед, якога перад вайной чуць не расстралялі. І на гэты раз таксама яго чакаў расстрэл. Дзеда да раніцы памясцілі ў вясковую хату, дзе пад аховай утрымліваліся іншыя зняволеныя. А так сталася, што ўвечары на варту заступіў паліцай, які добра ведаў дзеда. Уначы ён ціхенька перавёў дзеда ў суседні хлеў, дзе начавалі адабраныя на працу ў Германіі вяскоўцы. Пад раніцу іх усіх і дзеда вывезлі на чыгуначную станцыю, адкуль эшалон накіраваўся на захад. Па дарозе вязні прарэзалі ў вагоне акенца і па аднаму ўцякалі. Калі дзед стаў выбірацца з вагона, састаў раптам спыніўся, і дзеда зноў злавілі. Адразу ж яго накіравалі ў канцлагер. Разам з тысячамі іншых вязняў ён трапіў у так званы каранцін у чыстым полі. Ніякай ежы не было. Людзі паміралі з голаду. Знямоглы дзед ляжаў на снезе. Побач даходзіў малады мужчына. Але раптам яны ўбачылі ў снезе тушу каня. Мяса было зусім свежым. Ім і харчаваліся. Але сусед не вытрымаў і памёр. Калі карнікі выносілі трупы з лагера, то здзівіліся, убачыўшы, як дзед падняўся і стаў перад імі. Нямецкай міластыняй было не знішчыць яго тут, а накіраваць у канцлагер. Праз шэсць канцлагераў прайшоў мой дзед, пакуль у 1945 годзе яго не вызвалілі з Бухенвальда амерыканцы. Яшчэ два гады яго лячылі, бо на нагах ён не мог трымацца. Апухлы, знямоглы дзед вярнуўся дамоў. І заўсёды гаварыў, што яго ратавала шчырая вера.

Мая маці больш за паўвека аддала вясковай медыцыне і памерла на працы. Фактычна яна прыняла з’яўленне на свет трох пакаленняў вяскоўцаў. Многія з іх цяпер шчыруюць на нашых беларускіх нівах, працуюць на фермах, сталі настаўнікамі і ўрачамі, спецыялістамі самых розных прафесій. Маці з маленства выхоўвала ў нас павагу да старэйшых, уменне ладзіць з людзьмі. І шчырую праваслаўную веру. Яна была старастай праваслаўнага храма, які аднаўляла разам з іншымі вернікамі ў вёсцы Камена Лагойскага раёна. Перанесла інфаркт — сэрца раскалолася напалову. Яе прывезлі ў бальніцу, сабралі кансіліум дактароў. Калі ў час аперацыі яны ўбачылі яе сэрца, вачам не паверылі: сэрца было нібы разрэзана, як яблык, на дзве часткі. Праз год, калі маці зноў прыехала ў бальніцу, каб прайсці абследаванне, ёй сказалі, што ніякіх слядоў інфаркту няма, нават і рубца не засталося.

— А ад бацькі што вам найбольш перадалося?

— Мой бацька ўсё жыццё аддаў лесу. Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума прыехаў на Лагойшчыну, так тут і застаўся. Яго лясныя ўгоддзі былі вельмі вялікія, амаль на паўсотні кіламетраў у кожны бок. Ён іх ведаў дасканала, па-гаспадарску вёў сваю справу. Прапаноўвалі самыя розныя пасады вышэй, а бацька трыццаць пяць гадоў адпрацаваў у адным лясніцтве. Колькі людзям дапамагаў. Пасля вайны вакол жа былі адны салдацкія ўдовы. Ніколі не заставаліся яны на зіму без паліва. Дамапагаў, як мог, людзям, бо сам зведаў сіроцтва. Гэта ад бацькі ў мяне асаблівыя адносіны да землякоў, да родных сэрцу мясцін. І ў сваіх дзецях і ўнуках я імкнуся выхоўваць спагаду да людзей, шчырасць і дабрыню. Часта ім расказваю пра нашых продкаў. Вось у суаўтарстве нават кнігу напісаў пра свайго дзеда, які на вайне загінуў смерцю храбрых.

— Уладзімір Усеваладавіч, каб напісаць такую кнігу, трэба было многае пра родных ведаць. А для гэтага варта яшчэ мець цікавасць. Часам здараецца, што нават не ведаюць самых блізкіх продкаў. А з даўніх часоў сям’я будавалася на традыцыйных каштоўнасцях.

— Гэта так. Жывая спадчыннасць пакаленняў, якая пачынаецца з сям’і, знаходзіць працяг у любові да продкаў і Бацькаўшчыны, у пачуцці дачынення да агульнай гісторыі. З’яўляецца істотная неабходнасць апісання і ўяўлення нашага нацыянальнага сямейнага ідэала.

— Менавіта з мэтай умацавання інстытута сям’і вы распрацавалі праграму «Сям’я — Яднанне — Бацькаўшчына», якую ўвасабляеце ў жыццё ўжо каторы год?

— Сама статыстыка прымусіла нас узяцца за гэту важную справу. Калі дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі стала пагаршацца, мы і задумаліся аб тым, што можна зрабіць, каб спыніць гэты працэс. І прыйшлі да высновы, што неабходна фарміраваць у людзей вялікую цікавасць да шматдзетных сем’яў. Нашу ініцыятыву падтрымалі Уладыка Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі, дзяржаўныя ўстановы. Ужо некалькі гадоў мы праводзім такія выязныя мерапрыемствы ў гаспадарках і раённых цэнтрах, ладзілі выязныя духоўна-асветніцкія выставы. Правілам стала правядзенне семінараў, круглых сталоў, і звычайна такія мерапрыемствы мы завяршаем Крыжовым ходам.

Па водгуках удзельнікаў сустрэч, справа гэта вельмі патрэбная і важная. Людзі атрымліваюць вялікую душэў- ную асалоду, творчы ўздым ад разумення таго, што можна быць шчаслівымі, калі несці людзям дабро і атрымліваць узамен радасць зносін, узаемадапамогу, падтрымку сумленных людзей. У нашай краіне дзяржава свята ахоўвае статус сям’і. Беларусь можа стаць лідэрам у захаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцей, лідэрам у захаванні, падтрымцы і ўмацаванні інстытута сям’і, у вырашэнні дэмаграфічных праблем.

— Чаму менавіта Беларусь можа стаць такім сусветным лідэрам?

— Як ні ў якай іншай краіне, у нас дагэтуль захавалася моцная нацыянальная згуртаванасць, яднанне, калектывізм. У гэтым — нацыянальная ўнікальнасць Беларусі, якая выпрабавана часам. Мы — багаты народ на традыцыі, і вельмі добра, што яны свята захоўваюцца як народам, так і знаходзяць дзяржаўную падтрымку. Тыя ж самыя кірмашы-фестывалі «Дажынкі», дзе ўслаўляюцца людзі працы; традыцыйныя ўжо этнаграфічныя святы ў палескіх Ляскавічах і фестывалі нацыянальных меншасцяў у Гродна; праваслаўныя ўрачыстасці, музычныя нацыянальныя фэсты, выставы майстроў народнай творчасці, паэтычныя святы — усім гэтым багата сёння наша Беларусь, вельмі важна развіваць іх, удасканальваць і несці далей. Усё гэта садзейнічае гарманічнаму развіццю асобы і немагчыма без умацавання інстытута сям’і, якая мае пад сабой поўнасцю духоўную аснову. Інстытут сям’і духоўны. Чаму ў малекуле атамы не разбягаюцца? Таму што ў ёй ёсць узаемнае прыцягненне і сувязі. Што з’яўляецца атамнымі сувязямі ў сям’і? Без асэнсавання ролі сям’і немагчыма ўмацаваць грамадства і закласці ў ім патэнцыял будучага. Таму з пялёнак мы павінны нашых немаўлят выхоўваць у першую чаргу духоўна.

— І сапраўды, як кажуць, не хлебам адзіным... Духоўны голад вельмі страшны для чалавека.

— Гэта так. Я ўзгадваю расказ бабулі, як яна і яе васьмёра дзяцей засталіся ў вайну ў жлобінскім пасёлку Рабкор. У навакольных лясах партызаны не давалі спакою акупантам. На чыгунцы пусцілі пад адхон нямецкі эшалон. За гэта фашысты наладзілі карную аперацыю. Сагналі з усіх навакольных вёсак людзей і пагналі іх на расстрэл. У гэтым натоўпе апынулася і мая бабуля з дзеткамі. Яны спатыкаліся, падалі, адставалі ад калоны. Бабуля спынялася, гарнула сваіх дзетак да сябе. Немец іх увесь час падганяў, але калі калона завярнула за паварот, ён крыкнуў бабулі: «Вэк!» А сам узняў аўтамат, выпусціў уверх чаргу патронаў і пайшоў даганяць калону. Усіх людзей тады расстралялі. А бабуля з дзеткамі дабралася да сваёй спаленай хаты і схавалася ў склепе. Есці не было чаго, акрамя кошыка буракоў. Пачыналася ноч.

— Давайце будзем, дзеткі, маліцца, бо нас чакае галодная смерць, — сказала старая. Усе, як маглі, пачалі маліцца. А ноччу нехта стаў грукаць у склеп. Збялелая бабуля адчыніла дзверы і ўбачыла на парозе дзеда з барадой, які трымаў за плячыма мяшок з хлебам і папрасіў жанчыну абмяняць яго на буракі.

Потым кожны тыдзень на працягу зімы ён прыходзіў да іх з хлебам. Бабуля забараняла дзецям выглядаць, куды ідзе са склепа дзядок. Але аднойчы яе сын, калі дзядок зачыніў за сабою дзверы, а маці шчыра малілася за чарговы пачастунак, выглянуў услед дзядулі. І не знайшоў ніякіх слядоў. Потым бабуля расказвала, што дзядок быў як дзве кроплі вады падобны на Мікалая Цудатворца з хатняга абраза...

Дзеці вашых дзяцей і іх дзеці будуць з цікавасцю слухаць такія гісторыі роду, сям’і. З гэтага складаецца любоў да сваіх продкаў, да свайго народа, да роднай зямлі. Праз сямейныя расповеды працягваецца спадчыннасць пакаленняў, складаюцца нашы вытокі.

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter