Праз прызму асэнсавання

Адным з найцікавейшых аспектаў пахавальнага абраду з’яўляецца стаўленне да памерлага з боку жывых на працягу таго часу, пакуль ён знаходзіцца ў хаце.

Адным з найцікавейшых аспектаў пахавальнага абраду з’яўляецца стаўленне да памерлага з боку жывых на працягу таго часу, пакуль ён знаходзіцца ў хаце.

Здавалася б, асноўныя абрадавыя дзеянні пачатковага этапа выкананы, прайшоў першы эмацыянальны ўсплеск, сітуацыя пэўным чынам стабілізуецца і пераходзіць у рэчышча павольнага трох-дзённага асэнсавання таго, што адбылося. Аднак гэты спакой даволі падманлівы, перш за ўсё знешне. Унутрана ён перапоўнены псіхалагічным дынамізмам і патэнцыяльнай магчымасцю эмацыянальнага выбуху ў любую хвіліну. Дастаткова было пераступіць парог хаты каму-небудзь з аднавяскоўцаў або з далёкай радні, як уся жыллёвая прастора імгненна поўнілася галашэннямі.
Разам з тым за гэтым знешнім праяўленнем абрадавых паводзін існаваў яшчэ адзін рытуальны кантэкст, які па ступені сваёй значнасці, магчыма, пераўзыходзіў кантэкст эмацыянальна-побытавы. Маецца на ўвазе глыбінны пласт сакральна-магічных ведаў, пра якія не гаварылі ўслых, але за ступенню валодання якіх усе прысутныя сачылі літаральна на кожным кроку. Прычым уважлівымі павінны былі быць два бакі: і тыя, хто знаходзіўся ў памяшканні, і тыя, хто прыходзіў у хату.
На жаль, у мінулыя часы гэтай праблемай ніхто прафесійна не займаўся. А ўсебаковае яе вывучэнне адкрыла б, безумоўна, надзвычай цікавыя бакі нашай самасвядомасці і этнічнага светасузірання. Прычым часам можна сутыкнуцца з супрацьлеглым стаўленнем да гэтай праблемы як з боку інфарматараў, так і навукоўцаў.
Думаецца, што, як заўсёды, ісціна знаходзіцца паміж двума берагамі. Пра тое, што за ўсім гэтым “нешта ёсць”, сведчыць людская памяць, якая з пакалення ў пакаленне перадае сакральныя веды.
Напрыклад, неаднаразова даводзілася чуць: калі памёр малады мужчына, то апошні гузік у кашулі (або гальштук у сучасным варыянце) не зашпільвалі. Гэтым самым усім прысутным давалі зразумець, што сям’я памерлага не супраць, каб нявестка хутка выйшла замуж другі раз. Нам расказвалі пра такі выпадак. Жанчыны, якія мылі і пераапраналі нябожчыка, пакінулі гальштук не заціснутым, а прыспушчаным. Маці нябожчыка “прачытала” сітуатыўны кантэкст і вырашыла яго падправіць: яна туга заціснула гальштук. Кажуць, увесь час вакол удавы “хлопцы гужам ходзяць, але да вяселля справа не даходзіць”.
Існуе перакананне, што чалавек, які прыйшоў “адведаць” памерлага, абавязкова павінен спачатку паглядзець на ногі, а затым ужо на твар, інакш ён можа цяжка і надоўга захварэць. За ногі нябожчыка раілі патрымацца і таму, хто ўвогуле баяўся кантакту з памерлым. Неаднаразова даводзілася чуць, як бабулі падказвалі сваім унучкам: “Дзіцятка маё, ты ж толькі на пераносіцу нябожчыку не глядзі”. Магчыма, гаворка ідзе пра трэцяе — духоўнае — вока чалавека.
І зноў хочацца звярнуцца да нашых чытачоў. Калі вы ведаеце пра перасцярогі або парады такога кшталту, напішыце нам, давайце будзем разам станавіцца мудрэйшымі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter