Праз паўгода пасля тарнада на падмурку разбуранай фермы пад Шаркаўшчынай вырасла новая

ЖЫХАРАМ Шаркаўшчыны і яе ваколіц мінулы год запомніўся магутным тарнада, які пашкодзіў звыш 200 аднакватэрных, 10 шматкватэрных дамоў, многія вытворчыя аб’екты, будынак фермы “Маркі” сельгаспрадпрыемства імя Маркава наогул знёс амаль што па фундамент. Толькі нейкім неймаверным цудам абышлося без людскіх ахвяр.


Менш чым за паўгода дзякуючы падтрымцы дзяржавы, энергічнасці раённай улады і кіраўніцтва самой гаспадаркі і, у прыватнасці, яе дырэктара Багуслава Паўлоўскага на месцы былой фермы ўзнік прыгожы бела-блакітны тэнтавы арачнік для жывёлы. На яго пайшло каля 200 тысяч рублёў, палова з якіх выдаткавана з абласнога, рэспубліканскага і раённага бюджэтаў.

Днямі давялося пабываць на новым аб’екце, дзе ўтрымліваецца 196 цялят звыш чатырохмесячнага ўзросту. Нягледзячы на дваццаціградусны мароз на двары, у памяшканні было даволі камфортна, ва ўсялякім выпадку, вада ў паілках не замерзла. Жывёла знаходзіцца на беспрывязным утрыманні на падсцілцы з саломы. Па шырокім праходзе без перашкод рухаецца кормараздатчык. Сянаж, прыгатаваны ў стрэйч-плёнку, сена — высокага гатунку, і паядаюць іх цяляты з ахвотай.

Не толькі раздача кармоў, але і іншыя працэсы на ферме механізаваныя, што дазволіла абслугоўваючы персанал скараціць з дзесяці чалавек да чатырох.

Побач невялікі ўтульны домік для жывёлаводаў, у якім выдатная печка як для абагрэву пакоя, так і падагрэву вады для цялят. Глядзіць за ёй вартаўнік Уладзімір Рубніковіч.

Адразу пасля заканчэння навучальнай установы прыйшла на ферму “Маркі” Альфрэда Рубніковіч: спачатку ў якасці лабаранткі і вось ужо тры дзясяткі гадоў нязменная загадчыца, хаця дасягнула пенсіённага ўзросту. У свой час за высокія паказчыкі калектыў фермы быў узнагароджаны тэлевізарам за перамогу ў абласным спаборніцтве. Падчас тарнада жанчына не дайшла да фермы ўсяго некалькі дзясяткаў метраў, пабудовы рушыліся на яе вачах. Атрымала такі стрэс, што давялося месяц быць на бальнічным.

А вось даглядчык жывёлы Расціслаў Кабак, які падмяніў сямнаццаць гадоў таму на ферме сваіх бацькоў, знаходзіўся ў момант стыхіі ў самім памяшканні. Як уцалеў, да гэтай пары не можа ўцяміць. Абыйшоўся траўмамі сярэдняй ступені рукі і галавы. Даглядае цялят Расціслаў на пару з Канстанцінам Абрамчыкам, які раней быў слесарам.

Калектыў фермы задаволены працай у новых умовах, а дырэктар гаспадаркі Багуслаў Паўлоўскі і будаўнікі ўпэўнены, што ніякі тарнада не зможа пашкодзіць гэты трывалы надзейны аб’ект.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter