«Праз два месяцы ён будзе зiхацець»

Да  юбілею  народнага  паэта  ў  Літаратурным  музеі  Янкі  Купалы  будзе  завершаны  капітальны  рамонт

Да  юбілею  народнага  паэта  ў  Літаратурным  музеі  Янкі  Купалы  будзе  завершаны  капітальны  рамонт

Абноўленым рыхтуецца адзначыць 125-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Літаратурны музей песняра. “Праз два месяцы будынак будзе зіхацець”, – з задавальненнем гаворыць дырэктар музея Сяргей Вечар. 

Паводле яго слоў, прывядзеннем у парадак галоўнага будынка заняліся загадзя. Бягучыя рамонты ўнутраных памяшканняў рабілі на працягу апошніх трох гадоў: ужо адрамантаваны экспазіцыя, цокальны паверх, санвузел і гардэроб. Музей жа, як і тэатр, таксама пачынаецца з вешалкі. 

Цяпер на чарзе рамонт кабінетаў навуковых супрацоўнікаў. Але галоўнае – з верасня распачаўся і капітальны рамонт фасадаў будынка. Яго тут не было амаль паўвека, з моманту адкрыцця музея ў 1960 годзе. 

— Асноўную ўвагу і сродкі скіравалі на замену гідраізаляцыі. Колішняя практычна цалкам знасілася, калі паднялі глебу па перыметры фундамента, аказалася, месцамі вада падыходзіць зусім блізка. Такое становішча вельмі небяспечнае для захавання экспанатаў, бо фондасховішчы музея знаходзяцца якраз унізе будынка. Таму падышлі да справы грунтоўна — зрабілі вертыкальную і гарызантальную гідраізаляцыю. Знешне гэта праца, можа, і нябачная, але вынік яе выключна важны, — расказвае Сяргей Вечар.  

Усяго на капітальны рамонт і рэстаўрацыю фасадаў музея плануецца асвоіць 460 мільёнаў рублёў, выдзеленых  з рэспубліканскага бюджэту. Разам з гідраізаляцыяй будзе ўстаноўлена  новая ліўневая сістэма, ужо ідзе замена аконных блокаў, затым возьмуцца за дзверы, пасля – за афарбоўку фасада будынка. Завершыцца капітальны рамонт да каляндарнага дня нараджэння Янкі Купалы — 7 ліпеня. 

Між тым да юбілейнага года прымеркавана абнаўленне і ў музейных залах. Запланавана адкрыццё экспазіцыйнага комплексу, прысвечанага таямніцы гібелі Янкі Купалы. Як вядома, адбылося гэта ў чэрвені 1942-га ў Маскве, у аднайменным атэлі, дзе ў той час знаходзіўся народны паэт Беларусі. Некалькі гадоў таму супрацоўнікі музея вывезлі ў Мінск з атэля “Масква” (цяпер ужо знесенага) некаторыя канструктыўныя элементы нумара, дзе жыў Янка Купала: дзверы, частку паркету, лесвічныя парэнчы... Дасюль гэтыя рэчы ні разу не выстаўляліся, а цяпер разам з іншымі фондавымі экспанатамі зоймуць месца ў асобнай зале пастаяннай музейнай экспазіцыі. 

— Таямніца гібелі Янкі Купалы застаецца неразгаданай. Уласна, я перакананы, што ён быў мэтанакіравана знішчаны. Матывацыя можа быць самая розная. Напрыклад, вядома, што хуткі захоп Беларусі фашыстамі быў незагойнай ранай для Янкі Купалы, і ён выказваўся на гэты конт: маўляў, у чарговай вайне Беларусь стала разменнай манетай. Не  выключана, што такія гаворкі маглі весціся і ў яго гасцінічным нумары... Нядаўна паказвалі фільм пра гісторыю атэля “Масква”. Абсалютна ўсе яго нумары праслухоўваліся. Тым не менш  сёння гэта не больш чым адна з гіпотэз. Няма дакумента, які мог бы паставіць апошнюю кропку ў гэтай справе. Магчыма, у далейшым у архівах нейкія спасылкі адшукаюцца. Пакуль жа мы проста пакажам і распавядзём наведвальнікам пра тое, што адбылося з паэтам і якія думкі існуюць на гэты конт, — расказвае Сяргей Вечар. 

Наогул, ёсць што паказаць і расказаць пра жыццё і творчасць класіка ва ўсіх чатырох філіялах Літаратурнага музея Янкі Купалы. У Ляўках тры гады таму праведзена рэканструкцыя, шмат зроблена па добраўпарадкаванні. Сёлета там пройдзе прысвечанае 125-годдзю песняра свята, наладжанае сіламі Аршанскага райвыканкома. Пастаянна ўдасканальваецца экспазіцыя ў Вязынцы. Летам яна стане эпіцэнтрам юбілейных мерапрыемстваў і месцам, куды збярэцца многа гасцей. Дарэчы, да гэтага часу зноў забруіць знакамітая вязынская крынічка. Музеем набыта новая глыбінная помпа, якую мяркуецца ўсталяваць з дапамогай мясцовых улад. У Акопах рыхтуюцца да злёту маладых паэтаў Міншчыны. У Яхімоўшчыне – да традыцыйнага фальклорнага свята Купалле. 

Між тым і сам музей (нягледзячы на рамонтныя клопаты), і ўсе яго філіялы прымаюць наведвальнікаў штодня. За мінулы год іх было звыш 56 тысяч чалавек, на платных паслугах музейшчыкі зарабілі звыш 64 мільёнаў рублёў. Грошы салідныя. Сярод літаратурных музеяў краіны Купалаўскі ў гэтым сэнсе – бясспрэчны лідэр. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter