Праз чатыры тысячы кіламетраў і амаль семдзесят гадоў

У СОНЕЧНЫ марозны дзень у Беразіно, а дакладней у Вяшэўку, з далёкага Новасібірска наведаліся Ірына і Вячаслаў САЗОНАВЫ. Аднаўляючы сваё генеалагічнае дрэва, сямейная пара даведалася, што стрыечны дзед Ірыны Дзмітрыеўны, старшы лейтэнант, Герой Савецкага Саюза Сяргей Рыгоравіч Церашкевіч, загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і быў пахаваны ў вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёна ў брацкай магіле...

Нашчадкі героя Вялікай Айчыннай прыехалі на Бярэзіншчыну, каб ушанаваць памяць дзеда

У СОНЕЧНЫ марозны дзень у Беразіно, а дакладней у Вяшэўку, з далёкага Новасібірска наведаліся Ірына і Вячаслаў САЗОНАВЫ. Аднаўляючы сваё генеалагічнае дрэва, сямейная пара даведалася, што стрыечны дзед Ірыны Дзмітрыеўны, старшы лейтэнант, Герой Савецкага Саюза Сяргей Рыгоравіч Церашкевіч, загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, вызваляючы Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і быў пахаваны ў вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёна ў брацкай магіле...

— Пра тое, дзе гераічна змагаўся за светлую будучыню Радзімы і сваіх нашчадкаў наш дзядуля, нам расказалі ў школьным музеі сяла Чкалаўскае Спаскага раёна Прыморскага краю. Там ён нарадзіўся, там яму ўстаноўлены бюст, — распавядае Ірына Дзмітрыеўна. — Некаторыя звесткі знайшлі таксама на сайце www.obd-memorial.ru.

У 2010-м споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Рыгоравіча Церашкевіча. У родным сяле ён працаваў цесляром. Калі юнака прызвалі ў рады Чырвонай Арміі, накіравалі на курсы малодшых афіцэраў. А ў ліпені 1941-га яму давялося ўжо ўдзельнічаць у абарончых баях у якасці камандзіра ўзвода. За баявыя заслугі быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а таксама ордэнам Леніна, медалямі.

У 1944-м, 26 чэрвеня, рота 459-га стралковага палка (42-я стралковая дывізія, 49-я армія, ІІ Беларускі фронт) пад камандаваннем старшага лейтэнанта Церашкевіча першай у батальёне з ходу на падручных сродках фарсіравала Дняпро ў раёне вёскі Дабрэйка, што ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, захапіла плацдарм і забяспечыла пераправу батальёна. 27 чэрвеня 1944 года ў час чарговай контратакі праціўніка каля вёскі Галоўчын у крытычны момант бою Церашкевіч са звязкам гранат кінуўся пад варожы танк... Байцы, натхнёныя ўчынкам свайго камандзіра, дружна ўзняліся ў атаку і выбілі фашыстаў з Галоўчына...

За здзейснены подзвіг Сяргею Рыгоравічу Церашкевічу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, пасмяротна. Бюст Героя пастаўлены не толькі на яго радзіме ў сяле Чкалаўскае, але і ў Бялынічах, на алеі Герояў у Ліпавым гаі...

— Мы вельмі ўдзячныя спагадлівым, чулым людзям, якія дапамагалі нам. Сярод іх старшыня Пагосцкага сельскага Савета Віталій Антановіч і старшыня прафкама ААТ «Вяшэўка» Святлана Жукоўская, якія нас сустрэлі і арганізавалі шлях да месца пахавання нашага дарагога роднага чалавека. Дарэчы, сын яго, Іван Сяргеевіч, жыве з сям’ёй у Хабараўску, у мінулым годзе ён адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Яму, без сумнення, будзе прыемна даведацца, як у Беларусі шануюць памяць яго бацькі.

— Мы ўбачылі, што беларусы не забываюць подзвіг тых, хто змагаўся і загінуў у баях, не шкадуючы свайго жыцця дзеля нас — хто жыве зараз, хто будзе жыць пасля, — дадала ўнучка Героя, і на белы снег ляглі белыя ружы.

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter