ПРАЗ ЧАС І АДЛЕГЛАСЦЬ

Прайшло амаль 65 гадоў з той далёкай жудаснай вайны. Але і цяпер стаяць каля помнікаў і абеліскаў у скрусе старэнькія і маладыя людзі, чытаюць прозвішчы і расчаравана адыходзяць. Аднак не пакідаюць спробы адшукаць тое месца на зямлі, дзе знайшлі апошні спачын іх дарагія блізкія. З гэтай жа мэтай звяртаюцца на сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”.
На тым беразе, дзе вайна

“Шукаю дзядзьку па лініі маці Фёдара Сцяпанавіча СТУДНЕВА (Студнёва), 1918 года нараджэння, ураджэнца вёскі Шала-мы-2 Слаўгарадскага раёна. Ён загінуў 18 красавіка 1945 года ў Германіі, у горадзе Грайфенгаген. Галіна Аляксандраўна Гутарова (Гутарава), Магілёў”.
“Мой дзядзька Станіслаў Ігнатавіч РАМАНЧУК нарадзіўся ў вёсцы Лазічы Глыбоцкага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай ваяваў пад Сталінградам. Загінуў, а дзе пахаваны — невядома. Другі дзядзька, таксама брат маці Франц Ігнатавіч РАМАНЧУК (на фота) у 1941 годзе служыў у марфлоце дзесьці на Поўначы. Прапаў без вестак. Калі жывыя дзядзькавы таварышы па службе, няхай адгукнуцца. І яшчэ. Два мае дзядзькі па лініі бацькі Браніслаў Робертавіч ЛОСЬ і Франц Робертавіч ЛОСЬ нарадзіліся ў вёсцы  Русакі Глыбоцкага раёна. Дзесьці ў 1928 ці 1930 годзе паехалі ў Аргенціну на заробкі. Вестак ад іх не было. Хочацца ведаць пра лёс дзядзькаў. Эльвіра Анісімаўна Радкоўская, Маладзечна”.
“Шукаю звесткі пра дзядулю Сямёна Паўлавіча САКАЛОВА, 1911 года нараджэння, ураджэнца вёскі Забор’е Дрыбінскага раёна. У пачатку вайны Дрыбінскім райваенкаматам быў накіраваны на фронт з горада Чавусы. У 1943-м прапаў без вестак. Аднавясковец расказваў, што дзядуля трапіў у палон на тэрыторыі Польшчы. Святлана Іванаўна Гулісава, Мінск”.
“Мой брат Павел Феафілавіч СЯРКО, 1921 года нараджэння, нарадзіўся і жыў у вёсцы Ячанка Уздзенскага раёна. Да 1941-га вучыўся ў Мінску ў ветэрынарным тэхнікуме. Закончыў яго, але дыплом не паспеў атрымаць, бо пачалася вайна. Падчас яе ажаніўся і жыў у бацькоў жонкі Вольгі Іванаўны Сярко. Пасля вызвалення Беларусі яго прызвалі ў армію. Пісьмы пісаў рэдка. Паведамляў, што знаходзіцца ва Усходняй Прусіі. Больш пра брата нічога невядома. Анастасія Феафілаўна Бараноўская, Любань”.
“Шукаю звесткі пра дзядзьку, брата маці Івана Канстанцінавіча ПЛАКСУНОВА, 1915 года нараджэння, ураджэнца вёскі Савушы Сенненскага раёна. У пачатку вайны быў прызваны на службу і знаходзіўся ў вёсцы Рось Беластоцкай вобласці. Валянціна Міхайлаўна Рыдлеўская, Віцебск”.
Пра ваенны лёс Міхаіла Васільевіча ВАРАХОБКІ, 1923 года нараджэння, ураджэнца вёскі Варахобкі Бешанковіцкага раёна, хоча ведаць сястра, якая жыве ў г.п. Бешанковічы. “У 1945 годзе атрымалі паведамленне, што наш дарагі чалавек прапаў без вестак. Шукалі яго і даведаліся, што чырвонаармеец М.В.Варахобка служыў у 837-м стралковым палку, дайшоў да горада Данцыга”.
Віктар Андрэевіч Фадзееў з пасёлка Паўднёвая Ламаватка  Луганскай вобласці (Украіна) шукае звесткі пра ваенны лёс стрыечнага брата Леаніда Дзмітрыевіча ІВАНІЦКАГА, 1916—1917 года нараджэння, ураджэнца горада Луганска. Закончыў Кіеўскае пяхотнае вучылішча. Апошні раз яны бачыліся ў лютым 1943 года. Пазней Віктар Андрэевіч даведаўся, што брат пахаваны ў Вялікіх Луках у Расіі.

Бацькі і дзеці

“Дапамажыце знайсці маю маці Ірыну Міхайлаўну БЕРАСНЕВІЧ. Жыла ў вёсцы Раванічы Чэрвеньскага раёна. Я вырас у дзіцячых дамах. Маці ніколі не бачыў. Мяне шукала нейкая жанчына, але не знайшла. Людзі, якія ведалі яе, расказалі, што працавала яна даяркай у калгасе. Хто мой бацька, невядома. Андрэй Берасневіч, Магілёў”.
“Усё сваё жыццё мару, што калі-небудзь сустрэнуся з бацькам ці даведаюся пра яго лёс. Яго завуць Аляксей ЦВЯТКОЎ, прыкладна 1922—1923 года нараджэння, з горада Самары. Гэта было ў 1946 годзе. Вайсковая часць, у якой ён служыў, стаяла непадалёку ад населенага пункта, дзе жыла мая маці. Там бацькі пазнаёміліся і пасябравалі. Затым бацьку перавялі на службу ў іншае месца, і каханыя рассталіся. Як аказалася, назаўсёды. Дзядуля ў нас быў строгі, пра бацьку было забаронена гаварыць. Мінула шмат часу. У мяне ўжо ўнукі, але я па-ранейшаму хачу ведаць пра чалавека, дзякуючы якому з’явілася на свет. Пакуль маці была жывая, я не шукала бацьку, не хацела  хваляваць яе. Яна перад смерцю дала мне фотаздымак бацькі. На ім ён у вайсковай форме, у званні сяржанта. Я сказала, што буду яго шукаць. Матуля запярэчыла: “Калі б мы былі яму патрэбныя, то даўно знайшоў бы”. Здаецца, у маці ў душы на ўсё жыццё засталася крыўда, таму яна ніколі не расказвала мне пра бацьку. Як бы там ні было, я  думаю пра роднага чалавека і хачу знайсці яго. Магчыма, ён жыве нават дзесьці непадалёку, у Беларусі. Можа,  здарыцца і такое: не захоча са мной пазнаёміцца. Тады я перастану думаць пра яго і больш не буду шукаць."

Ніна Аляксееўна Кунашка, Брэст.

 3 ліпеня, у Горках

“Хачу звярнуцца да былых сваіх аднакурснікаў з трэцяй групы агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі 1974 года выпуску. 3 ліпеня адбудзецца сустрэча ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці ў нашай навучальнай установе. Асабліва звяртаюся да Марыі БЕЦЬ (прозвішча дзявочае), Віктара ЦІХЕНКІ і Юрыя ЧАРАПАВЕЦКАГА. З вамі мы не бачыліся трыццаць пяць гадоў."

 Іван Францавіч Копач, Іўе.

Блізкія людзі

“Прашу адгукнуцца стрыечную сястру Раісу Пятроўну ЛУК’ЯНЧЫК, 1940 года нараджэння. Маці яе памерла пры родах, а бацька загінуў на вайне. Рая выхоўвалася ў дзіцячым доме ля Бабруйска, потым яе забраў дзядуля з Асіповіцкага раёна. Вера Мацвееўна Дзівак (Палянская), Асіповічы”.
“Шукаю пляменнікаў, дзяцей брата Івана Ягоравіча Воранава. Аляксандр Іванавіч ВОРАНАЎ, прыкладна 1957 года нараджэння, і Святлана Іванаўна ВОРАНАВА (прозвішча дзявочае) нарадзіліся ў Чачэрскім раёне. Надзея Ягораўна Шалоніна, Орша”.
“Мой брат Аляксандр Мікалаевіч ГАЎРЫЛЕНКАЎ, 1953 года нараджэння, ураджэнец вёскі Волаты Руднянскага раёна Смаленскай вобласці. У 1962 годзе сям’я пераехала ў вёску Цяцеркі Віцебскага раёна. Скончыў Вярхоўскую сярэднюю школу, затым Віцебскі політэхнічны тэхнікум. У 1977 годзе ажаніўся і пераехаў у Жодзіна. Жонку завуць  Зінаіда Мікалаеўна. У іх двое дзяцей: сын Яўген і дачка Таццяна. Да 1992 года Аляксандр прыязджаў да маці. Апошні ліст даслаў у
1995-м.  З таго часу мы нічога не ведаем пра родных. Васіль Мікалаевіч Гаўрыленкаў, Віцебск”.
Людміла Фёдараўна Любімава, 1949 года нараджэння, з пасёлка Капаткевічы Петрыкаўскага раёна шукае сястру, імя якой не ведае. У іх адзін  бацька — Фёдар Аляксандравіч Мажэйка.
“Хачу даведацца, як склаўся лёс майго дзядзькі Канстанціна Міхайлавіча ПЯТРОВІЧА,  1900 года нараджэння, жыхара вёскі Крамянец Лагойскага раёна. У 1920 годзе паехаў на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыслаў да вайны некалькі пасылак. Пасля гэтага пра лёс дзядзькі невядома. Можа, у яго былі жонка, дзеці, унукі, праўнукі, ці засталіся людзі, якія ведаюць пра іх. Феня Аляксандраўна Шахрай (Пятровіч), Вілейскі раён”.
“Мой бацька Павел Яфімавіч Таліш родам з Навагрудскага раёна. У іх сям’і былі тры браты: Павел, Фёдар, Пётр, якія затым стварылі свае сем’і. Каб палепшыць матэрыяльнае становішча, Фёдар Яфімавіч ТАЛІШ у 1939 годзе паехаў у Бразілію, марыў вярнуцца. Пасля вайны прыслаў пісьмо, хацеў даведацца, ці засталіся родныя жывыя. З таго часу пра яго нічога не ведаем. Хачу знайсці дарагіх  людзей. Іван Паўлавіч Таліш, Карэлічы”.
“Дапамажыце знайсці стрыечнага брата Андрэя Юр’евіча СКОБЛІКАВА, прыкладна 1962—1964 года нараджэння, жыў у Мардовіі. Калі бацькі разышліся, пераехаў у горад Керч. Сваю сям’ю стварыў, наколькі ведаю, у Брэсце ці Брэсцкай вобласці."

 Святлана Мікалаеўна Аўсянікава, Віцебск.

Былі як сёстры

“Дапамажыце знайсці Ніну, якая, мяркую, жыве ва Ушацкім раёне. Мы сустрэліся ў канцлагеры ў Клясціцах у пачатку 1943 года. Затым фашысты сабралі ўсіх, хто быў маладзейшы, у тым ліку і нас з Нінай, і адвезлі на работу ў гаспадарку, што была непадалёку ад горада Таліна ў Эстоніі. Пасялілі каго ў куратніку,  каго ў будынку з дошак. У 1944-м  мы ўцякалі адтуль. Колькі жахаў было  на шляху, як беглі дадому, расказваць цяжка, немагчыма. Вёска мая была спалена. Зайшлі ў лес. Там, у акопе, адна жанчына сказала, што мая малодшая сястра пайшла з партызанскім атрадам. Я шукала яе і знайшла ў гарадскім пасёлку Варапаева, дзе і засталася жыць. Пра лёс Ніны не ведаю. Памятаю, што яна прыгожая, кірпаценькая, і былі мы — як сёстры. У няволі жылі пад маім прозвішчам: Надзя Котава і Ніна Котава. Хачу, каб Ніна ці яе родныя адгукнуліся."

Надзея Паўлаўна Котава, Расоны.

Дарагія сябры

“У Пліскім дзіцячым доме на Віцебшчыне выхоўваліся дзеці-сіроты, бацькі якіх загінулі ў час вайны. Гэты дом, канешне, не мог замяніць нам родны. Але пра нас клапаціліся, мы жылі добра і сталі неблагімі людзьмі. 11 ліпеня адбудзецца сустрэча былых выхаванцаў дзіцячага дома. Валянціна Мікалаеўна Доўгая, Мінск”.
“Звяртаюся да выпускнікоў 1959 года СШ № 1 горада Асіповічы. Калі вы яшчэ маладыя душой, мае сябры Юрый ПЯТРОЎ, Мікалай КРАЎЧАНКА і іншыя, давайце арганізуем сустрэчу."

Мікалай Расціслававіч Елісееў, Мінск.

Гіра на далоні

“Гартаў альбом з фотаздымкамі і ўбачыў фатаграфію Сяргея БЛІЗНЮКА. З Сяргеем я пазнаёміўся ў другой палове пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Разам жылі і працавалі ў горадзе Чэлябінску. Абодва родам з Беларусі. Сяргей ажаніўся з прыгожай, адукаванай дзяўчынай Галінай Алейнікавай. У сям’і нарадзіўся сын Андрэй. Праз некаторы час яны пераехалі ў Казахстан. Апошні раз  бачыў іх у пачатку 70-х у горадзе Цалінаградзе (зараз Астана). Сяргей быў цікавым чалавекам. Напрыклад, мог паставіць на далонь двухпудовую гіру і рабіць з ёй розныя фокусы. Надзейны таварыш, меў шмат сяброў. Магчыма, Сяргей, як і я, вярнуўся ў Беларусь, і мы нічога не ведаем адзін пра аднаго."

Віктар Пятровіч Канонік, Мінск.

Нязгасны агеньчык кахання

“Шмат гадоў не магу забыць свайго знаёмага. У 1960—1970-х гадах у Оршы насупраць універмага я заходзіла ў прадуктовы магазін, і тут шлях мне перагарадзіў малады русы хлопец. Ён глядзеў на мяне вельмі ўважліва. Яго сябар сказаў: “Ах ты, аршаначка”. Я ўсміхнулася. Доўгі час мы глядзелі адно на аднаго, потым ён выйшаў з магазіна, зрабіў некалькі крокаў і азірнуўся. Сказаў свайму сябру: “Думаеш, у яе нікога няма?” А я была адна. Так нашы шляхі і разышліся. Я нават не ведаю, як звалі маладога чалавека, а ён — мяне. Спадзяюся, што ён успомніць дзяўчыну ў блакітнай сукенцы ў белы гарох. Таццяна Дзміт-рыеўна,Орша”.
“Шукаю сяброў юнацтва Васіля ЖУРАЎКОВА і Мікалая Несцеравіча ЧУБАКОВА, 1944—1945 года нараджэння, з Хоцімскага раёна. Васіль пазней жыў у горадзе Сураж Бранскай вобласці. Мы сустракаліся, але я выйшла замуж за іншага. Мікалай затым жыў у горадзе Новачаркаск ва Украіне. Марыя Шасцярнёва (Холалава), Бабруйск”.
“У пачатку 70-х гадоў я ў складзе будатрада працаваў у Докшыцкім раёне, у вёсцы
Бярозкі. І пазнаёміўся з Жаннай ЗАВАДСКАЙ. Мы раз’ехаліся, затым яна пераехала ў Мінск, паступіла ў радыётэхнічны інстытут. Мы тэлефанавалі адно аднаму, перапісваліся. А потым яе сляды згубіліся." 

Аляксандр Уладзіміравіч Крукоўскі, Віцебск.

Адзінота

“Я — адзінокая жанчына. Прашу адгукнуцца дзяўчыну, якая нарадзілася 13 жніўня 1981 года і прадавала мёд у 2004-м з сяброўкай у Пружанах на вуліцы Урбановіча. Мне яна вельмі спадабалася. Дзяўчына магла б стаць для мяне блізкім чалавекам".

Марыя Фёдараўна Паляшук, Пружаны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter