Прайсці на другі ўзровень

Наш карэспандэнт першай адправілася ў падарожжа на новым двухпавярховым цягніку Мінск — Вільнюс

Двухпавярховы электрацягнік Літоўскай чыгункі вытворчасці чэшскай кампаніі Skoda Vagonka замяніў аднапавярховыя цягнікі, якія курсіравалі паміж гарадамі раней. Карэспандэнт «Р» праехала першым рэйсам электрацягніка і даведалася, што чакае пасажыраў у салоне і колькі каштуе квіток у першым класе.


10.35, платформа 1, пуць 24 — час і месца адпраўлення ў Вільнюс без змен. Новы тут толькі цягнік — пасажыры фатаграфуюць яго звонку, а ўнутры мітусяцца пры пошуку сваіх месцаў. Дзве сяброўкі-мінчанкі высветлілі, што сядзяць на другім паверсе, і ўзрадаваліся: кажуць, так выгляд з акна прыгажэйшы будзе. Адразу заўважаю, што сядзенні ў новым цягніку трохі змяніліся — сталі больш камфортнымі і з’явілася больш вольнай прасторы для пасажыра. Цягнік прыстасаваны для інвалідаў: у двух вагонах абсталяваны мабільныя падмосткі для ўезду, а ўнутры ёсць месцы для фіксавання інвалідных калясак. На спецыяльных месцах можна перавозіць габарытны багаж, веласіпеды і каляскі. Таксама цяпер ёсць магчымасць зарадзіць гаджэты і скарыстацца Wi-Fi. Апошні падключаецца імгненна і ніякіх пароляў не патрабуе. На невялікіх століках — часопіс і меню на трох мовах (англійскай, літоўскай, рускай). Сэндвіч з курыцай абыдзецца пасажырам другога класа ў 2 еўра, а бутэлечка вады — у 1 еўра. Яшчэ адна навінка ў вагонах — кава-машына і аўтамат з халоднымі напоямі і закускамі.

Пагутарыла з пасажырамі перад адпраўленнем: нашы едуць у Літву на шопінг, пагуляць ці да сваякоў, а літоўцы ў Мінск — па працы альбо, карыстаючыся магчымасцю бязвізавага рэжыму, на экскурсію.


— Гэты цягнік цікавейшы, але я была задаволена і тым аднапавярховым ЛЧ. Stadler БЧ мне таксама падабаецца, — дзеліцца студэнтка Марыя.

На пероне знаёмлюся з прадстаўнікамі Літоўскай чыгункі. Яны тут, каб пракантраляваць, як пройдзе першы рэйс. Часова вы­конваючы абавязкі начальніка электрадэпо Станіслаў Лучынскіс і Мілда Шэркшнэне — дырэктар дэпартамента па абслугоўванні пасажыраў ЛЧ — гасцінна запрашаюць мяне скласці ім кампанію ў першым класе. Як тут адмовішся?!

У трох вагонах цягніка — 290 сядзячых месцаў, з якіх 23 прызначаны для пасажыраў першага класа. Гэта яшчэ адна навінка двухпавярховай Skoda. Мілда Шэркшнэне тлумачыць: яны стараліся стварыць максімальны камфорт для пасажыраў:

— Тут больш асабістай прасторы, ніхто нікому не будзе перашкаджаць. Ежа і напоі, названыя ў меню, у першым класе бясплатныя. Крэслы вельмі камфортныя: са скураной абіўкай, рэгулюецца вугал нахілу.

Акрамя нас, у першым класе ўсяго 3 літоўцы-бізнесмены. У другім жа класе свабодных месцаў практычна няма. За павышаны камфорт і цана адпаведная — 67,5 рубля. А вось кошт білета ў другім класе складае 38,1 рубля. Як і раней, цягнік спыняецца ў Маладзечне, Смаргоні і на станцыі Гудагай. На апошняй праводзіцца памежны і мытны кантроль. Час шляху да Вільнюса — 2 гадзiны 30 хвiлiн, а разагнацца цягнік можа да 120 кiламетраў у гадзiну.

Вагоны з мабільнымі падмосткамі для ўезду інвалідаў, спецыяльныя месцы для габарытнага багажу, зарадка для гаджэтаў і бясплатны Wi-Fi — што яшчэ прапануюць у новым цягніку.

matuzova@sb.by

Фото: Сергей ЛОЗЮК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Сергей ЛОЗЮК
ТЕГИ:
Загрузка...