Сённяшняя сітуацыя вакол маршрутак вачыма пасажыраў, вадзіцеляў і прадстаўнікоў Мінтранса

Правільным маршрутам едзем

Сітуацыя на рынку міжгародніх аўтамабільных пасажырскіх перавозак наладжваецца. Многія маршрутчыкі, якія раней працавалі ў нерэгулярных зносінах, аднаўляюць сваю дзейнасць у якасці рэгулярных перавозчыкаў. Карэспандэнты «Рэспублікі» даведаліся ў пасажыраў і кіроўцаў, як ім ездзіцца па новых правілах.

Большасць маршрутак ад’язджае зараз ад аўтавакзала «Цэнтральны».
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Большасць маршрутак ад’язджае зараз ад аўтавакзала «Цэнтральны», туды і накіравалася карэспандэнт «Рэспублікі». Каля машыны, якая ідзе ў Салігорск, стаіць Дзмітрый Астапенка. Пасажыр прызнаецца, што новыя правілы яму даспадобы:

— Я жыву ў Салігорску, а сюды прыязджаю з жонкай два разы на месяц, каб наведаць бацькоў. Раней маршруткі спыняліся абы-дзе, часам я не мог знайсці месца, адкуль яны адпраўляліся. Зараз усё рэгламентавана, таму пытанняў узнікаць не будзе. Прыпынак для высадкі пасажыраў знаходзіцца каля майго дома, таму з-за новаўвядзенняў, згодна з якімі маршрутчыкі павінны спыняцца ў строга абумоўленых месцах, я толькі выйграю. Ну і яшчэ адзін плюс у тым, што зараз мы знаходзімся пад «крылом» дзяржавы — калі раптам транспарт зламаецца, можна быць упэўненым у тым, што не застанешся на абочыне.


Да размовы падключаецца Аляксандра, студэнтка першага курса Беларускага інстытута правазнаўства. 
Кожныя выхадныя дзяўчына ездзіць дадому ў Гомель:

— Спачатку я ставілася да новых правілаў перавозак адмоўна, мяркуючы, што яны створаць дыскамфорт. Зараз вадзіцелі спыняюцца не там, дзе мы просім, а дзе павінны — гэтыя месцы не зусім мне падыходзяць. Але бацькі кажуць, што так больш бяспечна для пасажыраў. Добра і тое, што не прыйдзецца падоўгу чакаць пасажыраў, якія спазняюцца: не прыйшоў своечасова — не паехаў.

Каля маршруткі Мінск — Ліда ўжо тоўпіцца народ, але яе кіроўца Леанід Кіянко ўсё-такі знайшоў хвілінку, каб пагаварыць:

— Я салідарны са многімі сваімі калегамі наконт новых правіл. Узнікае адчуванне, што аўтавакзал проста хоча набраць сабе вадзіцеляў з новымі прыгожымі машынамі. Атрымліваецца, мы становімся наёмнымі работнікамі, якімі камандуе аўтапарк. Аднак наша кампанія прыняла новыя ўмовы і падала заяўку на заключэнне дагавора з аўтавакзалам. Мы пайшлі насустрач нашым кліентам, якія пра гэта вельмі прасілі, — губляць напрацаваную гадамі базу не хацелася.


Па такім шляху пайшлі многія: у Мінтрансе падлічылі, што ў адрас аператараў аўтамабільных перавозак і мясцовых выканаўчых органаў паступіла ўжо 145 заяў ад «нерэгуляршчыкаў», якія жадаюць выконваць міжгароднія перавозкі пасажыраў на рэгулярнай аснове. Заключана ўжо 34 дагаворы. Некаторыя ўжо ажыццяўляюць перавозкі, іншыя пачнуць у бліжэйшы час.

nevmer@mail.ru

Хрысціна СКУРАТОВІЧ

кristina_skuratovich@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter