Обзор книг Петра Жовнеровича "Даведнiк па лiтаратурнай пра+цы" и Говарда Филипс Лавкрафта "Клiч Ктулху"

Правила хорошего тона

Пятро Жаўняровiч. Даведнiк па лiтаратурнай праўцы. Мiнск, Адукацыя i выхаванне, 2017.


Кнiга, якую просто неабходна мець кожнаму, хто спрабуе сябе ў прыгожым пiсьменстве! А таксама выкладчыкам, студэнтам, вучням... Пётр Жаўняровiч — перакладчык, фiлолаг, караткевiчазнаўца i рэдактар, выгадаваў як выкладчык не адно пакаленне журфакаўцаў. Менавiта ён i напiсаў гэты першы на Беларусi даведнiк па лiтаратурнай праўцы, выкарыстаўшы свае ўласныя метадалагiчныя знаходкi i рэдактарскi досвед. У якасцi прыкладаў узятыя цытаты самага шырокага кола аўтараў — не толькi з класiкаў, пачынаючы ад Дунiна–Марцiнкевiча, але i з актуальнай сучаснай лiтаратуры. Так што можна не толькi правiлы засвоiць, але i даведацца пра цiкавых маладых пiсьменнiкаў. У сувязi з тым, што мова — жывы арганiзм, якi ўвесь час мяняецца, i з тым, што памянялiся яе афiцыйныя правiлы, кожны штосьцi новае для сябе знойдзе. У тым лiку парады сапраўднага прафесiянала: «Моўна–стылёвая праўка тэксту — адказны этап рэдагавання. Рэдактарскi запавет «Устрымайся i не праў» тут якраз дарэчы. Праўка мае быць толькi тады, калi яе неабходнасць тэарэтычна абгрунтаваная, калi аўтару прапанаваны, па магчымасцi, некалькi варыянтаў праўкi. Добразычлiвасць у дачыненнях рэдактара i аўтара можа стаць грунтоўнай перадумовай iх плённай сумеснай працы ў iнтарэсах чытача». Слушнае правiла, якое, на жаль, так рэдка ўжываецца на практыцы.

Говард Фiлiпс Лаўкрафт. Клiч Ктулху. Мiнск, Выдавецтва А.М.Янушкевiча, 2017.


Яшчэ адно выданне, да якога можна аднесцi вызначэнне «першае». Дагэтуль кнiг «караля жахаў» Говарда Лаўкрафта на беларускай мове не выдавалася. Што яны запатрабаваныя — засведчыла паспяховая кампанiя краудфандынгу, збору сродкаў на выданне. Чым мне падабаецца праца перакладчыкаў, што гуртуюцца вакол iнтэрнэт–часопiса «Прайдзiсвет», — яны маладыя, схiльныя да эксперыментаў i маюць–такi доступ да iнфармацыi, якi не мелi перакладчыкi даiнтэрнэтаўскай эпохi. Адшукваюць творы малавядомыя, збiраюць звесткi пра аўтара i кантэкст стварэння аповеду, што часам дае разгадку некаторым фрагментам, дазваляючы перакласцi больш дакладна, чым, скажам, у рускамоўных перакладах, дзякуючы якiм мы i ведаем Лаўкрафта. Iх лексiка — тая, на якой гавораць у моладзевых iнтэлектуальных асяродках, i Лаўкрафт, класiка хорару, гучыць адпаведна нашай эпосе. Але Лаўкрафт застаецца Лаўкрафтам. «Толькi паэт цi вар’ят мог бы даць рады гукам, якiя чулi людзi Леграса, калi прадзiралiся скрозь чорную дрыгву, iдучы на чырвонае ззянне i прыглушаныя гукi тамтамаў». Пiсьменнiк насяляе рэальнасць амерыканскiх гарадоў гатычнымi жахамi. Таемныя пракаветныя культы, дэманы i пачвары, што хаваюцца на гарышчах i ў склепах, праклятыя гарады ў пясках i на дне мора... Гены мутантаў, што могуць абудзiцца ў кожным i змусiць адгукнуцца на клiч Ктулху, паганскага звыродлiвага бажаства... Вось герой аповеду «Чужанiца», якi вырас у змрочных пакоях з цёмнымi цяжкiмi шторамi i варожымi шэрагамi старадаўнiх кнiг, сярод гагратэскавых, аблытаных плюшчом дрэваў, вырашае выбрацца да сонечнага святла i вясёлага натоўпу. Падымаецца на вежу свайго замку, па каменных сходах, праз цяжкi люк... Заходзiць у пакой, дзе адбываецца баль... Але небарака, што прагнуў кампанii, аказваецца паўсталым мерцвяком, якi выбраўся са склепу. Людзям са слабымi нервамi не чытаць!

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр-т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter