«Правапіс — даволі далікатная рэч»

У 2008 годзе зацверджаны Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» і ўведзены ў дзеянне ў 2010-м. Простымі словамі, гэта новая рэдакцыя правапісу, абумоўленая часам і лінгвістычнымі прычынамі. Змен прынята не так шмат — каля двух дзясяткаў, але яны значныя і закранулі моманты, што не дапасаваліся да агульных прынцыпаў мовазнаўства. Напрыклад, характэрная для беларускай мовы літара «ў» ужывалася звычайна пасля галосных і пры адсутнасці знакаў прыпынку, між тым заставалася шмат выключэнняў: «ва унісон», «ва універсітэце» і т.д. Пасля новага зводу правіл пісьмовае афармленне арфаграмы стала аднолькавым. Як і ў запазычаннях кшталту «альма-матар», «лідар», «пэйджар», што раней пісаліся праз «э».

Перш чым закон увесці ў дзеянне, вяліся інтэнсіўная прапаганда і тлумачэнне, а перыяд з 2010 па 2013 год лічыўся пераходным — арганізаваны сотні мерапрыемстваў, лекцый, выязных семінараў. Толькі на факультэце журналістыкі павышэнне кваліфікацыі прайшлі больш за тысячу настаўнікаў і выкладчыкаў. І сёлета споўнілася 11 гадоў, як новая рэдакцыя правапісу ў дзеянні. Як прыжываецца ў народзе — распыталіся ў загадчыка кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Віктара ІЎЧАНКАВА, які ўдзельнічаў у распрацоўцы новай рэдакцыі правіл і за вялікія заслугі перад Айчынай ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Віктар ІЎЧАНКАЎ, загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар

— Віктар Іванавіч, раскажыце, калі ласка, пра перадумовы, якія паслужылі прычынай арфаграфічных змен?

— Перш за ўсё паўплывалі новыя словы, якія з’явіліся ў сувязі з пераходам грамадства ў інфармацыйную эпоху. Паўстала праблема, як іх зафіксаваць на пісьме? Другая прычына — знешні ўплыў на арфаграфію і граматыку. Дапусцім, з савецкага часу захаваліся анахранізмы, марфалагічныя формы якіх у параўнанні з іншымі падобнымі назоўнікамі адрозніваліся. Так, «камунізм», «сацыялізм», «марксізм», «ленінізм» у родным склоне пісаліся толькі з канчаткам -а, між тым іншыя словы такога кшталту з -у. З падобнымі праблемамі грамадства сустрэлася і ў 1959 годзе, якім датаваліся папярэднія змены ў беларускім правапісе. Напрыклад, інтэрнацыянальна-рэвалюцыйныя словы і ўсе вытворныя ад іх не падпарадкоўваліся агульнаму правілу аб аканні (рэволюцыя, комуністыя), хаця зразумела, што ніхто так не вымаўляў. Недарэчнасць выпраўлена, што яшчэ раз пацвердзіла: у мове не можа прыжыцца нешта наноснае, часовае. Пройдуць дзесяцігоддзі — і яна верне свае ўласцівасці. Правапіс — даволі далікатная рэч: змены ў ім не застаюцца незаўважанымі ва ўсім грамадстве. Кожны чалавек на гэты конт мае сваю думку.

— Пытанне аб рэдакцыі беларускага правапісу паўстала яшчэ ў 1990-я. З чаго ўсё пачыналася?

— Памятаю: у 1992 годзе ўдзельнічаў у канферэнцыі, дзе настаўнікі і вучоныя прыйшлі да высновы, што правапіс трэба рэдагаваць. Навуковы калектыў на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным, кіруючыся рэкамендацыямі дзяржаўнай камісіі, на працягу 1997—1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакцыі, які неаднаразова абмяркоўваўся і дапрацоўваўся, у тым ліку ў 2006-м. У ім многія пазіцыі былі не зусім такімі, як сталі. Напрыклад, нам прапаноўвалася пісаць «прафком», «райком», хаця ўжо не адзін год нават на плошчы Незалежнасці вісела шыльда «Мінгарвыканкам». Шмат параграфаў грунтавалася выключна на фанетычным прынцыпе. Безумоўна, у нашай мове ён мае вялікае значэнне, аднак цалкам грунтаваць на ім арфаграфію не падавалася магчымым. Многія мовазнаўцы скептычна глядзелі на зацвярджэнне праекта, справа замару­джвалася. Трэба аддаць належнае тагачаснаму міністру адукацыі прафесару Аляксандру Радзькову, які адчуў дзяржаўную значнасць і гістарычную сутнасць гэтага дакумента, сказаўшы на адной з планёрак: «Будзем прымаць!» Каб паказаць маштабнасць і народнасць сацыяльна значнай з’явы, закон аб новай рэдакцыі прыняты Нацыянальным сходам нашай краіны.

— Ці частых удакладненняў патрабуе правапіс?

— Існуе шмат прыкладаў, калі доўгі час ён увогуле не кранаецца. Класічны варыянт — англійскі, які кардынальна не мяняўся з XIV стагоддзя. З аднаго боку, гэта добра, бо забяспечвае пераемнасць і паслядоўнасць выкарыстання многімі пакаленнямі англічан. Разам з тым стварае пэўныя цяжкасці, сутнасць якіх можна праілюстраваць вядомым афарызмам: «Пішацца Манчэстэр, а чытаецца Ліверпуль». Хто пачынае вучыць англійскую мову, адразу сутыкаецца з праблемай арфаграфіі, бо многія словы вымаўляюцца і пішуцца зусім па-рознаму. Частыя змены таксама ўплываюць адмоўна, але ў разумных межах яны неабходныя, каб паспяваць за новымі тэндэнцыямі. Тым больш што жывём у постіндустрыяльным, інфармацыйным грамадстве, дзе абсалютна ўсе пагружаны ў слова. Нядаўняя рэдакцыя беларускіх правіл не абазначае таго, што праз 50 ці 100 гадоў нашы спадчыннікі іх не адрэдагуюць. У любым выпадку правапіс — сацыяльная дамоўленасць з грамадствам. Лінгвіст Бадуэн дэ Куртэнэ выказаўся пра эканомію маўленчых намаганняў, якімі распара­джаецца і якія ўдасканальвае чалавек. Некалі ў беларускай і рускай мовах граматыка была зусім іншай: мела больш скланенняў, склонаў, часавых катэгорый, а сёння набыла эканомную, мабільную форму, па сутнасці, як і ўсе сучасныя тэхналогіі. За кошт скарачэння формы, як правіла, паглыбляецца змест. Напрыклад, у 1918 годзе ў рускім правапісе скасавана напісанне цвёрдага знака на канцы слоў пасля цвёрдых зычных, іначай мова засмечвалася. Каб прымерыць гэта на раманах Льва Талстога — яны б павялічыліся яшчэ на 10 працэнтаў папяровага носьбіта.

— Вы ведзяце ў часопісе «Роднае слова» рубрыку «Правапіс у дзеянні». Ці прыжыўся ён у нашай мове? Да якіх высноў прыйшлі?

— Аналізую, як асноўныя палажэнні закона рэалізуюцца ў благасферы, інтэрнэт- і медыйнай прасторы. У цэлым тэндэнцыя даволі пазітыўная, многія нормы трывала прыжыліся, аднак ніводная не рэалізуецца на сто працэнтаў. Даволі лёгка ўваходзіць у жыццё «у нескладовае» пасля прыназоўніка на канцавую галосную (ва ўніверсітэце), чаго не скажаш пра ненаціскную пазіцыю ў канцы запазычаных слоў, калі галосная павінна ўтвараць склад (фрау, шоу). Або: у беларускай мове «о» пішацца толькі пад націскам, між тым да прыняцця новага зводу правіл стаяла вялікая група выключэнняў. У выніку яны ліквідаваны і лёгка ўвайшлі ў медыйную практыку (трыа, Антоніа, адажыа і іншыя), парушэнняў амаль няма. «Ё» таксама ўжываем пад націскам, аднак у «Правілах…» засталося выключэнне — слова «радыё», якое мае сваю гісторыю пранікнення ў літаратурную мову. Натуральна, пашыраць яго правапіс на цэлую групу слоў (і немалую!) не мела сэнсу. Глыбейшаму ўкараненню новых форм у практыку дапамогуць не толькі намаганні настаўнікаў і навукоўцаў, але і зацікаўленасць народа, ад якога залежыць многае. Цудоўна, што змены правапісу надзейна прыжываюцца. Значыць, яны адпавядаюць развіццю мовы.

— Вялікі дзякуй, Віктар Іванавіч, за цікавую і грунтоўную гутарку! Вялікіх поспехаў і новых мовазнаўчых адкрыццяў разам са студэнтамі!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter