Як 100 магіляўчан падзяліліся сваёй крывёю з тымі, каму яна патрэбная

Працягнулі руку дапамогі

Акенца рэгістратуры, працэдурныя, лабараторыі. Механізм Магілёўскай станцыі пералівання крыві толькі на першы погляд здаецца простым. На самай справе ён нагадвае невялікі заводзік: акрамя механізма забору і праверкі крыві, тут акумулююцца магутнасці і па яе першаснай перапрацоўцы. Потым кроў і яе кампаненты адпраўляюцца ў бальніцы, а станцыя зноў адчыняе дзверы для дабравольных донараў.

Яўген ДОМКІН стаў донарам па прыкладзе жонкі

Падчас трохдзённай дабрачыннай акцыі па здачы крыві на бязвыплатнай аснове колькасць донараў павялічылася. Галоўны ўрач Тамара Бурак не ўтойвае:

— Людзей, якія гатовыя на жэст дабрыні і міласэрнасці, нямала: толькі ў першы дзень на наш заклік адгукнуліся больш за трыццаць чалавек. Радуе той факт, што многія пры гэтым не чакаюць аніякай матэрыяльнай кампенсацыі.

Донары адгукнуліся на прызыў медыкаў

Тым не менш амаль дваццаць рублёў атрымае кожны — гэта сума разлічана на ўзмоцненае харчаванне донараў. А ланчы сухім пайком ім выдаюць у буфеце станцыі. Набор пайка стабільны: зефір, гематаген, пячэнне. Пры гэтым сок, які таксама ўваходзіць у спіс, выпіць трэба да маніпуляцыі. Студэнтка-чацвёртакурсніца Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Яна Коласава на здачу крыві прыйшла ў першы раз:

— Даўно былі думкі зрабіць такi крок. Таму, калі пачула пра акцыю, не стала адкладваць добрую справу. Спадзяюся, што тым самым дапамагу хворым людзям.

У першы дзень акцыі прыйшлі больш за 30 чалавек

А муж і жонка Домкіны спецыяльна запісаліся так, каб прыйсці ў адзін дзень. Першай донарам стала Вікторыя. Потым да яе далучыўся муж Яўген. «Каб жонцы, — кажа, — было весялей». Быў выпадак — пераліванне крыві пры родах рабілі маці Вікторыі. Зараз, лічаць, іх чарга дапамагаць другім. Абое выканалі ўсе медыцынскія патрабаванні: данеслі даведкі ад участковага ўрача, падпісалі паперы аб адказнасці за прадастаўленую інфармацыю аб сваім здароўі. І — правільна паснедалі: аўсянкай на вадзе, салодкай гарбатай з батонам.

Медыкі растлумачваюць людзям карысць донарства

Аднак добрыя паказчыкі — яшчэ не ўсё. Пасля здачы якасць крыві правераць ізноў. Зробяць біяхімічны аналіз, пацвердзяць на групу і рэзус, вызначаць, ці ёсць у донара інфекцыі. Дарэчы, кожная з доз атрымлівае пэўны нумар. Па яму нават праз некалькі гадоў можна даведацца імя донара. Намеснік галоўнага ўрача Святлана Пятраніс канстатуе:

Кроў праходзіць многаступеньчаты кантроль

— Толькі ў гэтым годзе мы правялі больш за дваццаць акцый па здачы крыві на бязвыплатнай аснове. Спецыяльна завялі свае старонкі ў сацыяльных сетках, дзе тлумачым, што такім чынам можна выратаваць чыёсьці жыццё. Напрыклад, у Магілёве нядаўна ўпершыню была праведзена аперацыя па ўстаноўцы клапана сэрца ад донара. І там таксама не абышлося без пералівання крыві.

Некаторыя з магілёўскіх донараў, якія могуць ахвяраваць яшчэ і стваловыя клеткі, занесены ў спецыяльны рэспубліканскі рэгістр. Яны — апошняя надзея для тых, хто мае патрэбу ў аперацыі на касцявы мозг. І ўрачы, і пацыенты ім за гэта вельмі ўдзячныя.

Яна КОЛАСАВА донарам стала ўпершыню

Некаторыя з магілёўскіх донараў, якія могуць ахвяраваць і стваловыя клеткі, занесены ў спецыяльны рэспубліканскі рэгістр. Яны — апошняя надзея для тых, хто мае патрэбу ў аперацыі на касцявы мозг

Svet.markova@gmail.com

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter