Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Новы Амбасадар Беларусі ў Кыргызстане Андрэй Страчко паабяцаў падтрымку актывістам беларускай суполкі “Світанак”

Працяг добрай традыцыі

Сярод важных спраў новага беларускага Амбасадара ў Кыргызстане Андрэя Страчко было знаёмства з актывістамі беларускай дыяспары. Прычым ён у першыя ж дні сваёй дзейнасці наведаў Грамадскае аб’яднанне беларусаў у Кыргызстане “Світанак”. Ля ўваходу ў будынак Асамблеі народаў Кыргызстана ганаровага госця сустрэў нязменны кіраўнік суполкі, вядомы грамадскі дзеяч і паспяховы бізнесмен Аляксандр Шут.

А. Страчко (справа) уручае Дзяржаўны герб А. Шуту

Пасля невялікай экскурсіі па будынку ў ягоным “беларускім” пакоі адбылася грунтоўная і адкрытая гутарка. Аляксандр Шут расказаў Амбасадару пра шматгадовую, значную і шматгранную працу “Світанка”, планы беларускай суполкі. Не хаваў і надзённыя праблемы. Узгадалі суразмоўцы і добрыя справы папярэдніка — Амбасадара Віктара Дзенісенкі, які цягам сямі год працы ў краіне быў для беларусаў Кыргызстана і дарадцам, і памочнікам, і сябрам.

Пад час шчырай адкрытай размовы Андрэй Страчко цікавіўся жыццём супляменнікаў у Кыргызстане, справамі “Світанку”. Амбасадар паабяцаў: будзе рабіць усё магчымае, каб у гэтай краіне беларусы адчувалі клопат і падтрымку Бацькаўшчыны, і ў першую чаргу — Амбасады Беларусі ў Кыргызстане.

Напрыканцы сустрэчы Андрэй Страчко ўручыў Аляксандру Шуту дзяржаўныя сімвалы Беларусі: Герб, Сцяг і Гімн. Прымаючы іх, Аляксандр Сяргеевіч заўважыў: “Хай спрыяюць гэтыя святыя для нас рэчы памнажэнню добрых спраў на карысць народаў Беларусі ды Кыргызстана”.

Яўгенія Цема, адказны сакратар аб’яднання беларусаў у Кыргызстане “Світанак”, г. Бішкек

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter