Указам Прэзідэнта ад 05.02.2018 г. вадзіцель ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»

Працоўнае сумленне ў Аніковіча ад бацькі

ЛЕТАСЬ механізатар ААТ “Таргуны” Докшыцкага раёна Вячаслаў Аніковіч устанавіў два рэкорды: на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1613 тон збожжа і нарыхтаваў на камбайне “Ягуар” звыш 38 тысяч тон зялёнай масы.

На пытанне, як гэта ўдалося, уздыхае, нібыта ў чым правінаваціўся:

— Я не ставіў мэты выйсці ў пераможцы. Рабіў, як умеў...

Таварышы па працы называюць Аніковіча не іначай, як магам. Ну а як інакш, калі за ўсю ўборачную яго “Ягуар”, якому дзесяць гадоў, ні разу не спыніўся з-за паломкі, нават самай дробязнай.

Сам Вячаслаў вытлумачвае ўсё проста:

— Перш чым сесці ў машыну, дасканала яе вывучыў. У тым камбайне без гэтага нават не зробіш патрэбных рэгуліровак, а тым больш не адрамантуеш.

Зімою механізатар перабірае “Ягуар” па вінціках. Вельмі добра адзываецца Вячаслаў і аб айчыннай зернеўборачнай тэхніцы — камбайнах КЗС-10 і КЗС-1218, на якіх ён намалочваў больш зерня, чым некаторыя калегі на замежных.

Вылучае механізатара і асаблівая сялянская руплівасць. Перажывае, каб і збажыну хутчэй змалаціць, і вялікія гоні кукурузы ўбраць да замаразкаў.

Вячаслаў мясцовы. Нарадзіўся ў вёсцы Маставаха, назва якой пайшла ад словазлучэння “пасяленне за мастом”, якое знаходзіцца на беразе Беразіны. Бацька, Іван Кузьміч, быў брыгадзірам паляводаў. З малых гадоў хлопчык увязваўся за ім у поле, на ток, спасцігаў, убіраў у юную душу рамантыку вёскі, яе людзей: мужных, сумленных, аддадзеных сваёй малой радзіме. На ўсё жыццё запомніліся словы бацькі: “Сумленне — гэта ў чалавека галоўны стрыжань! Ні ў якім разе нельга яго згубіць, як бы ні было цяжка!”

Вячаслаў пасля дзесяцігодкі закончыў па накіраванні ад ваенкамата аўташколу ДТСААФ у Докшыцах, дзе і атрымаў першую грамату (пасля колькі іх будзе. — Прым. аўт.) за выдатную вучобу. З арміі вярнуўся ў родную гаспадарку, і яму адразу даверылі машыну і камбайн. Амаль два дзясяткі гадоў працаваў вадзіцелем, а ўлетку, ва ўборачную, перасаджваўся на камбайн. Потым абставіны склаліся так, што давялося перайсці на чыста механізатарскую работу. І не шкадуе.

Жыве Вячаслаў у катэджы ў вёсцы Несцераўшчына, усяго за пару кіламетраў ад роднай Маставухі. Жонка Таццяна працуе аператарам машыннага даення. Маюць немалую ўласную гаспадарку.

Адпачынак Вячаслаў бярэ зімой, калі на палях зацішша і тэхніка ўжо прыведзена ў парадак.

Ёсць яшчэ адна прычына для гэтай пары. Ён любіць зімовую рыбалку, цягае з мясцовых азёр неблагіх шчупакоў. Вось і на гэты раз, калі мы гаварылі з ім, толькі вярнуўся з возера. На пытанне, ці ўдалося што злавіць, адказаў:

—  Не надта. Але не гэта важна. Галоўнае, адпачыў. Трэба ж набірацца настрою. У дзверы грукае вясна...

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter