Працэс

Апошнім часам ключавыя геапалітычныя сілы свету і супрацьдзеючыя бакі ўкраінскага канфлікту ўсё часцей згадваюць аб Мінскіх пагадненнях. Гучаць самыя розныя прапановы па іх далейшай рэалізацыі. Напрыклад, з удзелам ЗША, Еўрасаюза, але без Расіі. Палітыкі Германіі, Францыі, Расіі і Украіны імкнуцца рэаніміраваць і ажывіць існуючы “нармандскі фармат”. Крок за крокам рушыцца ў прыняцці важкіх рашэнняў Кантактная група па Украіне, якая перыядычна збіраецца ў Мінску пад эгідай АБСЕ. Між тым у Кіеве заяўляюць, што не хочуць сілай вяртаць пад свой кантроль Данецк і Луганск. Прынамсі, усе ўдзельнікі мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне прызнаюць той факт, што Мінскім пагадненням сёння альтэрнатывы няма...

Аднак у працяг публічных заяў і папярэджанняў лідараў ідуць дзеянні, прыняцці непапулярных рашэнняў, каб найбольш адчувальна і балюча зачапіць сваіх апанентаў. Паглыбляюцца эканамічныя санкцыі і палітычны ціск бакоў, ад якіх, найперш, пакутуе насельніцтва ўсё тых жа нашых суседак Расіі і Украіны. Перыядычна падключаюцца да ўзмацнення абмежаванняў у адносінах да Расіі ЗША і ЕС. Уводзяцца контрсанкцыі.      

Нагадаю, днямі прэзідэнт Пётр Парашэнка зацвердзіў рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (СНБА) “Аб прымяненні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый)”. Пад санкцыямі аказаліся 1228 чалавек і 468 юрыдычных асоб. Першы ўказ, які ўвёў у дзеянне рашэнне СНБА, быў падпісаны яшчэ  ў 2015-м.

Захады дзейнічалі год, а затым іх пралангіравалі. Таксама зацвярджаліся дадатковыя меры супраць 335 фізічных і 167 юрыдычных асоб.

І вось украінскі лідар падпісаў новы пакет абмежаванняў. Адносна расійскай Mail.ru Group дзейнічае трохгадовая забарона сацыяльных сетак ВКонтакте і Одноклассники, блакіруюцца ўсе сэрвісы Yandex. Спыняць праграмы “Лабараторыя Касперскага” і DrWeb, праграмнае забеспячэнне “1С”. Акрамя ўсяго, абмяжоўваецца трансляцыя і будуць  заблакіраваны актывы тэлекампаній “ТВ Центр”, РБК, ВГТРК, “Звезда”, “НТВ-Плюс”, ТНТ, ОТР і  РЕН ТВ.

На думку старшыні праўлення інтэрнэт-асацыяцыі Украіны Аляксандра Федзіенкі, для гэтага спатрэбяцца два гады і сродкі ў памеры мільярда долараў.

МЗС Расіі ацаніла деянні Украіны як цэнзуру па палітычных матывах. У кіраўніцтва НАТА на гэты конт сваё меркаванне: блакіроўка расійскіх сайтаў пытанне не “свабоды слова” ва Украіне, а яе нацыянальнай бяспекі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter