«Працалюбівы і сумленны заўсёды ў пашане»

ГЭТА толькі адна з сельскіх новабудоўляў з прадугледжаных рашэннямі IV Усебеларускага народнага сходу. Усяго запланавана за пяць гадоў добраўпарадкаваць больш за тысячу аграгарадкоў, увесці ў дзеянне каля паўтары тысячы новых фермаў і комплексаў, а рэнтабельнасць сельгасвытворчасці павінна дасягнуць 25—30 працэнтаў.

Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда ЯРАШЭВІЧ параўноўвае старую ферму з новым малочнатаварным комплексам на «Радзіме Якуба Коласа».

ГЭТА толькі адна з сельскіх новабудоўляў з прадугледжаных рашэннямі IV Усебеларускага народнага сходу. Усяго запланавана за пяць гадоў добраўпарадкаваць больш за тысячу аграгарадкоў, увесці ў дзеянне каля паўтары тысячы новых фермаў і комплексаў, а рэнтабельнасць сельгасвытворчасці павінна дасягнуць 25—30 працэнтаў.

І даволі сімвалічна, што новы жывёлагадоўчы комплекс з’явіўся ў СВК «Радзіма Якуба Коласа», родных мясцінах нашага славутага песняра. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Любкаўшчына — пяць год мае статус аграгарадка. Сёння тут ёсць усё неабходнае для плённай працы і камфортнага жыцця. Штогод аграгарадок пашыраецца, у эксплуатацыю ўводзіцца ад пяці да дзесяці катэджаў з усімі выгодамі. Напрыклад, у 2010 годзе было ўзведзена сем катэджаў, сёлета запланавана будаўніцтва яшчэ дзесяці прыгожых і ўтульных домікаў.

— Сёння наша моладзь адразу пасля шлюбу забяспечваецца жыллём, — расказаў Уладзімір Вараненка, намеснік старшыні СВК. — Таму ўсё болей выпускнікоў нашай школы вяртаюцца на радзіму.

Месца і праца знаходзіцца і маладым, і пажылым працаўнікам. Вось, напрыклад, і кіраўнік СВК «Радзіма Якуба Коласа», хоць і не так даўно ў Любкаўшчыне, а асталяваўся тут ладна.

— З роднай Брагіншчыны я прыехаў сюды каля пяці гадоў таму, — гаворыць Аляксандр Карнічэнка, старшыня СВК. — Спачатку быў на пасадзе галоўнага інжынера, а ў 2007 годзе стаў старшынёй. Жонка таксама працуе ў СВК. Дачка Алена вучыцца ў Любкаўшчынскай школе ў другім класе, а сын тут жа наведвае дзіцячы садок. Усё для працы і для жыцця тут ёсць, гэта я бачу і па сваёй сям’і, не трэба кудысьці ехаць у пошуках лепшага.

Пад кіраўніцтвам маладога старшыні кааператыў зрабіў важныя крокі наперад: штогод абнаўляецца аўтатрактарны парк, пабудаваны сучасны малочнатаварны комплекс. На новым жывёлагадоўчым комплексе 600 кароў, «пасяліўся» ён побач са старой фермай у Пагарэлым, дзе 200 рагуль. Комплекс па праву лічыцца гонарам СВК, ён абсталяваны сучаснай даільнай залай, з яе дапамогай адзін аператар можа адначасова даіць 34 каровы.

На старой ферме кароў дояць, як і раней. Звыклыя воку будынкі, але пахне  свежымі апілкамі, якімі шчодра падасланы бетонны дол фермы.

— Мы здаём у арэнду пілараму, — кажа Уладзімір Вараненка, намеснік старшыні СВК «Радзіма Якуба Коласа». — А нам арандатары пастаўляюць апілкі. Дык каровам і цёпла, і ўтульна.

Загадчыцай на старой ферме працуе Зінаіда Ярашэвіч, Герой Сацыялістычнай Працы, уладальніца двух ордэнаў — Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі. У жывёлагадоўлі Зінаіда Пятроўна паўстагоддзя. Сёлета справіла 70-гадовы юбілей. І сама трымае добрую гаспадарку: карова Чарнаморка, чатыры кабанчыкі, куры, індыкі, гусі.

— Усё жыццё рухаюся, няма калі спыніцца і нават ў люстэрка паглядзець, — смяецца. — Вось і не ведаю, на каго я падобная: на пенсіянерку ці не. За жыццё на маіх вачах змяняліся не толькі кіраўнікі ды ўлады, але і краіны. Праўда, ведаю, што працалюбівы і сумленны чалавек у пашане заўсёды.

Сярод планаў на будучыню ў кіраўніцтва — пераабсталяванне астатніх пяці ўстарэлых малочнатаварных фермаў. Працаўнікі СВК разумеюць, што час ляціць наперад і па-старому працаваць не выйдзе, ды і няма сэнсу. Раней у СВК працавалі каля сямісот чалавек, зараз — 330. Пры гэтым аб’ёмы вытворчасці прадукцыі павялічваюцца. Гэта сведчыць аб тым, што на прадпрыемстве падабраўся згуртаваны калектыў, дзе кожны чалавек на сваім месцы. Нездарма гаспадарка адна з лепшых у вобласці, а ў Стаўбцоўскім раёне заўсёды на першых пазіцыях.

Надзея БУТОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter