Сельчанин Владимир Краско никогда не кормит пчел сахаром и знает цену мозолистым рукам

«Праца — мая жыццёвая функцыя!»

Мой сябра, дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Генадзь Чачанец, не вытрымаў: «Вось вы, журналісты і пісьменнікі, у асноўным пішаце пра тых, у каго высокія ўзнагароды ці пасады. А дзе расповеды пра людзей простых, без рэкордаў ды заўважных узнагарод, але якія зрабілі і робяць не менш карыснага? Узяць, напрыклад, майго бешанковіцкага земляка з Жарнасекава Уладзіміра КРАСКО. Сёлета яму споўніцца 91 год, а дагэтуль працуе на роднай зямельцы. Адным начальнік кіруе, другім — жонка ці сяброўка, трэцім — сябрук, а Уладзімірам Сцяпанавічам — праца. Ягоныя залатыя рукі ўмеюць усё, акрамя адзінага — бяздзейнічаць».

Уладзімір КРАСКО ў сваёй майстэрні.

Памяць на прозвішчы, асабліва землякоў, у мяне добрая. Пытаюся ў сябра, ці не той гэта пчаляр, пра якога пачуў падчас працы ў «СГ» і мёдам якога калісьці частаваліся? Вось і праверым. У ахутанай зелянінай і цішай вёсцы Жарнасекава Бешанковіцкага раёна гожую брамку на невялікім узгорку гасцінна расчыніла дачка нашага героя Людміла, стараста вёскі, якая доўга ўзначальвала Бачэйкаўскі сельсавет. Пытаемся: дзе Сцяпанавіч? З зяцем ля трактарка возяцца, мяняюць масла ў паветраным фільтры рухавіка. Час не чакае, а 50 сотак даглядаць трэба.

— Ведаеце, праца — гэта мая жыццёвая, як яе… функцыя. Калі нічога не раблю — не адчуваю ў сабе руху. Ніколі не перастану дзівіцца з той часткі сучаснай моладзі, якой бы толькі гуляць, крытыкаваць, насміхацца, мітынгаваць. І сам, і радня не цураемся ніякай працы. Саромецца трэба бяздзейнасці ды гультайства. Можа, дзякуючы такому наказу дачка Людміла стала лепшай маладой даяркай у раёне.

З дарогі вырашылі папіць чаю… А на стале адпампаваны медагонкай з сотаў залаціста-жоўты мёд, які сцякаў пакручастай горкай.

— Смаката сапраўдная, духмяны! Ніколі не падсоўваю сваім пчолкам цукар, цукровы сіроп ці іншыя «прысмакі» кшталту ненатуральнай глюкозы, жэлаціну ці крухмалу... Пры такіх падкормках у мёдзе няма арганічных лятучых рэчываў, таму адсутнічае і дзіўны водар. Так казала жонка майго вернага школьнага сябра Алеся Баўдзілы — Марыя Канстанцінаўна, былы аграном-насеннявод калгаса «Бачэйкава». Яе праца, між іншым, адзначана двума ордэнамі. Яна мяне многаму навучыла ў пчалярстве. Дарэчы, нездарма паласатых называю працаўніцамі. Каб сабраць кіло мёду, пчала павінна злётаць за нектарам да… 150 тысяч разоў і адолець каля 460 тысяч кіламетраў. Гэта ў 11 разоў больш, чым акружнасць зямнога шара па экватары! — расказвае Уладзімір Краско.

Тым часам рыхтавалі да свабоды змайстраваныя бацькам паўнюткія рамкі дочкі Людміла і Святлана. Істотна дапамагаюць, але адчуваецца адсутнасць уважлівых і старанных рук жонкі Надзеі Яфімаўны, адной з лепшых паляводаў калгаса «1 Мая», якая пакінула гэты свет 12 гадоў таму.

Заслухаўся і забыўся адразу спытаць, ці купляў у Сцяпанавіча мёд хтосьці з мінскіх журналістаў? Людміла ўдакладніла:

— У сярэдзіне дзевяностых разам з загадчыцай Бачэйкаўскага дома культуры Таццянай Косінец за мёдам прыязджала гаваркая і сімпатычная жанчына з «Белорусской нивы». Цікавілася творчасцю нашага вядомага ў рэспубліцы народнага фальклорнага калектыву «Крыніца».
З зяцем Рыгорам на пчальніку.

Здагадаўся, каго мела на ўвазе Людміла. Гэта была Святлана Кліменценка, якая доўга адмыслова кіравала ў сялянскай газеце аддзелам культуры. У лютым 2019-га, на жаль, адышла ў вечнасць. Менавіта яна і частавала нас у рэдакцыі мёдам Уладзіміра Сцяпанавіча.

Наступіў час паглядзець пчальнік у багатым садзе. Побач майстэрня, у якой спаборнічалі між сабой пахі новага мёду і свежага пілавіння, красаваліся рамкі з сасновых дошак. Першы пчальнік зрабіў яшчэ дзед Хведар, лепшы ў акрузе скрыпач. Казалі, пчолы Ляўшуна (такая ў яго была мянушка) даюць больш за ўсіх мёду, бо ён грае ім таемную мелодыю. Справу працягнуў бацька Сцяпан. На фронт з-за траўмы, атрыманай падчас службы ў коннай артылерыі, яго не ўзялі, наладзіў сувязь з партызанамі. Парадак навёў у хаце і пчальніку такі, што 12 аўстрыйскіх шафёраў адразу зрабілі сабе там жытло, а сям’ю адправілі ў адрыну, дзе змяшчаліся ўшасцярых.

Бацьку Уладзіміра партызаны прызначылі старастам, ён павінен быў тэрмінова адправіць у лес дачку Ліду, якая добра шыла. «Паехала да хворай цёткі», — адказалі галоўнаму аўстрыяку. Той больш і не пытаўся: яго цікавіла 17-гадовая прыгажуня Маня, што прыходзіла ў дом тапіць раніцой печку, а днём павінна была засыпаць пяском канавы на дарозе ў Віцебск. Часта Вало­дзя хадзіў замест яе. Заадно партызанам на балота насіў спечаны матуляй хлеб. Ніхто не мог і ўявіць, чым займаюцца на самай справе дачка і сын старасты. Добра, што ні ў Бачэйкаве, дзе стаяў нямецкі гарнізон, ні ў Жарнасекаве не было паліцаяў. Праўда, усім хапіла начальніка полацкай паліцыі, якога баяліся нават немцы. У сваіх крывавых «камандзіроўках» ён расстрэльваў усіх, хто трапляўся пад руку. Не менш жорстка дзейнічалі і бандэраўцы. Знясіленыя немцы на ламанай рускай мове папярэдзілі бацьку і дзядзьку, якія тушылі хату, што ўкраінскія нацысты, адступаючы, забіваюць усіх без разбору. Ліда вярнулася дадому ледзь жывая.

Пасля вайны Уладзімір працягнуў вучыцца ў школе. Потым служыў на Сахаліне, дзе стаў старшыной артылерыйскай батарэі. Прапаноўвалі там застацца, але без радзімы сябе не ўяўляў. Вярнуўся дадому і рупна працаваў машыністам паравой стацыянарнай машыны на мясцовым цагляным заводзе. Пасля таго як запалілася лямпачка Ільіча — вывучыўся на экскаватаршчыка і 20 гадоў аддаў Бачэйкаўскаму будаўніча-мантажнаму ўпраўленню. Яго партрэт не сыходзіў з Дошкі гонару. Потым звязаў лёс з родным калгасам, дасягнуў высокай прывагі на адкорме маладняку.

Дружная сям’я ветэрана.

Поспехі абумоўлены, бо Уладзімір Сцяпанавіч Краско перакананы: жаданне і ўменне працаваць — сапраўдны скарб.

Уладзімір БАРЫСЕНКА — спецыяльна для «СГ»

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter