Прастора сузор’я медыя

У Мінску прайшлі дзве вельмі знакавыя падзеі
У Мінску прайшлі дзве вельмі знакавыя падзеі: XI Беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні” і XX Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”. Абедзве пляцоўкі сталі месцам актыўных камунікацый журналістаў і медыяэкспертаў.  



Прадстаўнікі двух дзясяткаў краін, эксперты медыяпрасторы збіраліся, каб абмяняцца ідэямі, абмеркаваць  праблемы ў СМІ і, вядома, умацаваць супрацоўніцтва. Медыйная сфера ў нядобрасумленных руках нясе выклікі і пагрозы — пра гэта заявіла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на  пленарным пасяджэнні міжнароднага медыяфоруму. “Роля сродкаў масавай інфармацыі сёння вялікая ва ўсіх працэсах. Новыя інфармацыйныя тэхналогіі з’яўляюцца як вялікай карысцю, так і выклікамі і пагрозамі, якія стала несці ў сабе ў тым ліку і медыйная сфера, калі яна трапляе ў нядобрасумленныя рукі”, — сказала, у прыватнасці,  Лілія Ананіч. Міністр адзначыла, што, на жаль, медыйнае абмеркаванне канфліктаў і войнаў без беражлівага стаўлення да галоўнага — чалавечага жыцця, светаўладкавання і добрасуседства краін і народаў — адыгрывае адмоўную ролю.

Значэнне  агульнай інфармацыйнай прасторы з кожным годам узрастае. Пра гэта гаварыў  журналістам старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў перад пленарным пася­джэннем XI Беларускага міжнароднага форуму. Ён адзначыў, што інтэрнэт стаў важнай крыніцай інфармацыі і некаторыя ўжо не глядзяць тэлебачанне, не чытаюць газет. “У сувязі з гэтым супрацоўніцтва ў сферы інфармацыі вельмі важнае. Важная падача аб’ектыўнай  інфармацыі. Настрой насельніцтва залежыць ад таго, што яно бачыць з экранаў тэлевізараў, што  чуе”, — падкрэсліў выканаўчы сакратар.

Работа з колаў і пагоня за сенсацыяй часам вядуць да падмены журналістыкі прапагандай. Такое меркаванне выказаў на форуме галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч. Паводле яго слоў, некаторыя журналісты не абдумваюць належным чынам пасылы, імкнуцца да нейкай сенсацыйнасці, і атрымліваецца, што прапаганда падмяняе журналістыку, пры гэтым такія байцы інфармацыйнага фронту лічаць, што робяць гіганцкую справу. “На самай справе яны часта сваімі бяздумнымі выступленнямі падаграваюць канфлікты, якія тлеюць на тэрыторыях, унутры людзей, што вельмі небяспечна”, — сказаў Павел Якубовіч.



Ствараемы лічбавы лішак інфармацыі нясе страшную пагрозу: інфармацыя можа быць хлуслівая, разбуральная. Як фільтраваць гэтую стыхію, усцерагчы свядомасць лю­дзей ад шкоды? Метадам забароны? Павышэннем медыяграматнасці? Факт — бяздзейнічаць нельга.  

Расія і Беларусь будуць супрацоўнічаць у барацьбе з праявамі тэрарызму, экстрэмізму, наркаманіі і дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце. Пра гэта сказаў  на ХI Беларускім міжнародным медыяфоруме  ў Мінску намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі Аляксей Волін. Ён адзначыў, што прыняты план работы па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы прадугледжвае сумесную работу па шэрагу напрамкаў. Спосаб дайсці да гледачоў, чытачоў, на думку Аляксея Воліна, толькі адзін: рабіць матэрыял якасна і цікава, і гэта датычыцца ў роўнай ступені ўсіх тэм. “Нават калі гэта мемуары дзяржаўнага дзеяча, то яны павінны быць напісаны добрай мовай, каб чытач не хацеў іх закрыць на экране манітора”, — лічыць Аляксей Волін.

Безумоўна, Беларусь і Расія маюць вялікія магчымасці для сумеснай работы ў сферы дзейнасці інфармацыйных агенцтваў, радыё, у галіне кінавытворчасці. Аляксей Волін выказаў меркаванне, што хутка зменяцца падыходы да падрыхтоўкі кадраў для медыяасяроддзя. Ён не выключае, што пасведчанне аб падрыхтоўцы на курсах пэўных прафесійных выданняў будзе больш важкім, чым дыплом аб атрыманні спецыяльнай вышэйшай адукацыі.

Прафесіяналізм з’яўляецца галоўным крытэрыем работы журналістаў. Такі пункт гледжання выказвалі кіраўнікі інфармацыйных агенцтваў, удзельнікі Летняй школы журналістыкі, якая таксама праходзіла падчас работы XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучыні”.

Але няўжо ў глабальным інфармацыйным полі ўсё стане ўніфікаваным, растворацца ў ім нацыянальныя культуры, рэгіянальныя выданні?



“Захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці становіцца сёння вельмі важным фактарам для многіх народаў, — разважаў  дырэктар інфармацыйнага агенцтва “Арменпрэс” Арам Ананян. —  Разнастайнасць свету немагчымая, калі ў ім не будуць прадстаўлены непаўторныя фрагменты мазаікі культуры твайго народа. Будучыня мыслячых людзей — гэта трапяткія адносіны да сваёй краіны, мовы. А новыя тэхналогіі даюць магчымасць паказваць нашы традыцыйныя каштоўнасці ва ўсёй разнастайнасці”. 

Наўрад ці хто паспрачаецца, што на работу ў інфармацыйнай сферы  аказвае моцны ўплыў развіццё сучасных тэхналогій. “Сёння тэхналогіі дыктуюць усё, але яны не могуць замяніць журналістаў, інфармацыю не могуць пісаць робаты. Пры гэтым інфармацыі шмат, і вельмі важна аддзяліць асноўнае ад інфармацыйнага шуму, што становіцца рабіць усё цяжэй”, — прынцыпова лічыць Арам Ананян.

Як адзначыў кіраўнік сектара краін СНД і Балтыі інфармацыйнага агенцтва ТАСС Барыс Грушын, інфармацыйныя агенцтвы застаюцца вядучымі крыніцамі навін не толькі для спажыўца ўнутры краіны, але і за яе межамі.

Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук перасцярог пачынаючых журналістаў ад захаплення капірайтынгам. “Імкніцеся паказваць сваё “я”, гэта заўсёды цікавей”, — параіў ён.

Сёння кожны можа завесці блог, прыцягнуць да яго карыстальнікаў, прычым зусім не вытанчанасцю стылю. Для прафесійных журналістаў гэта выклік: што яны могуць супрацьпаставіць сацыяльным сеткам, дзе кожны сам сабе рэдактар? Вядома, толькі майстэрства. 



Без сумнення, абодва мерапрыемствы — XI Беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні” і выстава “СМІ ў Беларусі” — сінтэзаваліся ў адну вялікую дыскусійную пляцоўку: прэзентацыі выданняў і медыйных ноу-хау, семінары і “круглыя сталы”, Летняя школа журналістыкі і знаёмства гасцей са славутасцямі Беларусі. Непасрэдна форум цалкам падыходзіць для таго, каб вызначыць тыя агульныя тэндэнцыі сучаснага медыйнага поля.  

Форум завяршыўся, супрацоўніцтва прадоўжыцца. Сумесныя праекты, партнёрства, уменне знаходзіць кансэнсус замест агрэсіўнага высвятлення адносінаў — галоўная задача, на вырашэнне якой збіраюцца працаваць і надалей усе яго ўдзельнікі.

***

У знакавых для медыяпрасторы падзеях — XX міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі” і XI міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні” — прынялі ўдзел звыш 300 экспертаў больш як з 20 краін. Стварэнне міжнароднага мэдыякантэнту ды інфармацыйная бяспека — вось тэмы, якія сталі ключавымі на сустрэчах. На думку экспертаў, вызначальная роля ў вырашэнні гэтых задач — у журналістаў. 

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter