Прапалі без вестак

Лідзія Паўлаўна Курчанава з Віцебскага раёна шукае звесткі пра ваенны лёс бацькі Паўла Сямёнавіча САКАЛОВА, 1916 года нараджэння. “Да вайны ён жыў у Суражскім раёне Віцебскай вобласці, працаваў настаўнікам. Летам 1941 года быў прызваны на ваенныя зборы. Хутка пачалася вайна. Больш роднага чалавека мы не бачылі і нічога не ведаем пра яго”.

“Наш бацька Сямён Маркавіч ЧАТЫРБОК родам з вёскі Навасёлкі Кобрынскага раёна. На вайну быў прызваны ў 1944 годзе. Дома засталося трое малых дзетак. Нашу вёску фашысты спалілі, не засталося ніводнай хаты. Мы хадзілі па кватэрах, галадалі і мёрзлі. Бацька з вайны не вярнуўся. Прыйшло кароткае паведамленне “прапаў без вестак”. Марыя Сямёнаўна Дземянцюк, Кобрынскі раён”.
“Дапамажыце знайсці месца пахавання бацькі Іосіфа Станіслававіча ВАЛКОВІЧА, 1910 года нараджэння, які не вярнуўся з вайны. Жыў у вёсцы Задорынка Крывіцкага раёна былой Маладзечанскай вобласці. Да сям’і дайшлі чуткі, што ён загінуў у фашысцкім палоне. Дакументаў ніякіх не маю.  Вера Сямёнаўна Пашэль, Ашмяны”.
“Мой бацька Мікалай Трафімавіч ЛІПСКІ, 1903 года нараджэння, жыў у вёсцы Запясочнае Лельчыцкага раёна, быў чалавек малапісьменны, звычайны работнік у мясцовым калгасе “Чырвоны бор”. Аднак рэпрэсіі 1937 года не абмінулі і яго. Бацьку арыштавалі і пра яго лёс наша сям’я з пяці чалавек нічога не ведала аж да ліпеня 1958 года. Тады мы атрымалі паведамленне, што бацька пасмяротна рэабілітаваны, бо, як высветлілася, не быў вінаваты. Па якой прычыне памёр бацька і дзе пахаваны, не гаварылася. На мае просьбы паведаміць пра гэта адказвалі: “У ліпені 1943 года памёр у ГУЛАГУ”. А ў 1989 годзе мы атрымалі паведамленне, што бацька 24 снежня 1937 года расстраляны ў горадзе Мазыры. Зусім іншае расказвала наша зямлячка Ганна Аўсянік з Лельчыц, якая  добра ведала бацьку. Ганна з сямігадовай дачкой у час вайны была вывезена ў Германію, працавала  там на прадзільнай фабрыцы. У пачатку 1945 года яны стаялі  на абочыне  дарогі, па якой фашысцкі канвой з сабакамі вёў калону савецкіх ваеннапалонных. Раптам з калоны моцна хтосьці крыкнуў: “Анюта! Я — Мікалай Трафімавіч Ліпскі з вёскі Запясочнае Лельчыцкага раёна. Калі вернешся на радзіму — перадай сям’і. Што я вярнуся, надзеі няма”. Калону пагналі за калючы дрот, і адтуль усю ноч даносіліся стрэлы, выбухі, былі бачны пажары. Пасля ўсяго гэтага не ведаю, што і думаць. Хачу знайсці след бацькі, які згубіўся для мяне на доўгія гады. Пётр Мікалаевіч Ліпскі, г.п.Капаткевічы”.
Жыхарка Воранава Марыя Рыгораўна Перавышына шукае брата Мікалая Рыгоравіча УЛЬЯНАВА, 1921 года нараджэння. “У сакавіку 1941-га яго прызвалі ў армію. У пісьмах з войска брат успамінаў населеныя пункты Ліпнішкі, Юрацішкі, Гаўе. Па няпоўных звестках, там стаяла 24-я стралковая дывізія. Апошні ліст ад яго мы атрымалі перад самай вайной. Пісаў, што вучыцца ў палкавой школе малодшых камандзіраў. Больш пра ваенны лёс роднага чалавека нічога не ведаем. Бацька наш Рыгор Абрамавіч УЛЬЯНАЎ, 1896 года нараджэння, загінуў пад Ленінградам, таксама нічога не ведаем пра яго. Родам мы са Смаленскай вобласці, з вёскі Руднае, якую спалілі фашысты. Нас, дзяцей, хацелі адправіць у Германію, аднак, можна сказаць, дапамог тыф: адвезлі ў іншае месца, але на роднай зямлі, і гэта нас радавала”.
“Наш бацька не вярнуўся з вайны, пакінуў нас, траіх дзяцей, на волю лёсу. Звалі яго Андрэй Сяргеевіч СУЛІМ, 1907—1910 года нараджэння. Жыў у Бабруйскім раёне. Мы атрымалі паведамленне, што бацька прапаў без вестак у 1941 годзе. Пры якіх абставінах, як гэта здарылася, невядома. Можа, хто ведаў бацьку і застаўся жывы, адгукніцеся. Ларыса Андрэеўна Маліноўская, Мінск”.
“Піша вам Фёдар Ігнатавіч Сінкевіч, былы вязень фашысцкага канцлагера ў Азарычах. Мой брат Якім Ігнатавіч СІНКЕВІЧ, 1920 года нараджэння, жыў у вёсцы Шкова Глускага раёна былой Палескай вобласці. Увосень 1940-га ён быў прызваны ў армію, служыў у горадзе Батумі, у 36-м стралковым палку, 2-й роце. Быў камандзірам аддзялення. У 1947 годзе родным прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Я, пажылы, хворы чалавек, прайшоў усе жахі, пакуты вайны, хачу атрымаць інфармацыю пра брата. Тады мне на душы будзе крыху лягчэй”.
“Мой брат Міхаіл Фёдаравіч АКУЛІЧ, 1916 года нараджэння, да вайны працаваў дырэктарам школы ў Тураўскім раёне. Затым, пасля адтэрміноўкі, быў прызваны ў армію і накіраваны ў Кастрамское ваеннае вучылішча сувязі. Апошняе пісьмо прыйшло менавіта адтуль. Брат пісаў, што атрымаў роту салдат і адпраўляецца на фронт. Мы жылі ў вёсцы Міхедавічы Петрыкаўскага раёна. Пасля вызвалення раёна атрымалі паведамленне, што брат прапаў без вестак у 1944 годзе. Але мы не можам змірыцца з гэтым. Ён быў вельмі таленавіты, пісаў вершы, апавяданні, да вайны сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі. І наогул лічу, людзі ніколі не павінны прападаць. Валянціна Фёдараўна Акуліч, горад Бабруйск”.

“Дзе ж пахаваны мой брат Васіль Раманавіч ЛЫСКОЎ, 1926 года нараджэння? Ён жыў  у вёсцы Закруцце былога Ульскага раёна, на Віцебшчыне. У 1944-м, калі нашу тэрыторыю вызвалілі ад фашыстаў, Васіля прызвалі ў армію. Прайшло няшмат часу, і ён ужо ваяваў, а затым сям’я атрымала паведамленне, што прапаў без вестак. Марыя Раманаўна Лыскова, Полацк”. 
З Магілёва звярнуліся тры сястры: Галіна, Яўгенія і Любоў (у дзявоцтве Мяжынскія). “Наш брат Георгій Аляксандравіч МЯЖЫНСКІ, 1924 года нараджэння, прапаў без вестак у верасні 1943-га. Cям’ю ў 1941 годзе эвакуіравалі ў Саратаўскую вобласць. Адтуль Георгій быў прызваны ў армію і накіраваны ў школу кулямётчыкаў у горадзе Чырвонаармейску гэтай вобласці. З апошняга пісьма брата мы даведаліся, што за ўдзел у вызваленні Данбаса ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, які яму ўручылі 2 верасня 1943 года. Гэты ліст ён пісаў у шпіталі, адрас на канверце такі: Палявая пошта 16198 В. Больш пісьмы не прыходзілі. Хочам атрымаць звесткі пра  ваенны лёс брата”.
“Не ведаю, дзе пахаваны мой бацька Іван Уладзіміравіч БАГАСЛАЎСКІ, 1908 года нараджэння, і яго брат, мой дзядзька, Міхаіл Уладзіміравіч БАГАСЛАЎСКІ. Яны жылі ў Бялыніцкім раёне і на фронт прызываліся Бялыніцкім райваенкаматам. Праз некаторы час маці даведалася, што мой бацька ў фашысцкім палоне пад Барысавам. Яна ездзіла туды і нават бачыла мужа. Праз пэўны час зноў паехала, але палонных з лагера адправілі ў іншае месца, куды, маці не даведалася. А 1 лютага 1944 года прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Мама памерла, але ў мяне ёсць дзве сястры, і мы хочам даведацца пра лёс бацькі і дзядзькі. Ганна Іванаўна Карнеева, Магілёў”.
Уладзімір Юр’евіч Якімовіч, 1929 года нараджэння, жыве ў вёсцы Талкачэвічы Уздзенскага раёна. Ён  хоча, каб адгукнуўся Васіль БУРАЎ ці БУРЫ (прозвішча добра не памятае). Піша, што Васіль павінен ведаць вёску Шацк у іх раёне, дзе яго, параненага, ледзь жывога, лячыла бабуля Анэта Славук. Затым Васіль пазнаёміўся з Уладзімірам Юр’евічам , які яго цяпер шукае.
“Трафім Пракопавіч ГАРБАЧЭЎСКІ, 1919 года нараджэння, жыў у Горацкім раёне. Горацкім райваенкаматам у 1940-м быў прызваны ў армію. Паведаміў, што служыць у Слуцку. Хутка пачалася вайна, і пісьмы больш не прыходзілі. З вайны ён не вярнуўся, атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Брат салдата Мікалай Пракопавіч Гарбачэўскі, і я, яго пляменніца, хочам ведаць, што з ім здарылася. Надзея Мікалаеўна Мачульская, Горкі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter