Прападай, брат.

Паселішча Брагін упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 годзе: “... по томже времени како уже рекы сташа пославшее Ольговичи и Двидовича дружину свою с половцы воеваша Брягин...”.

Жыву ў Мінску, але нарадзіўся ў Брагінскім раёне. Часта ўспамінаю дзяцінства і назвы населеных пунктаў, звязаных з ім. Буду ўдзячны, калі дапаможаце растлумачыць паходжанне назвы раённага цэнтра Брагін.
З павагай Валерый ЯРМОЛЕНКА, Мінск

Паселішча Брагін упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 годзе: “... по томже времени како уже рекы сташа пославшее Ольговичи и Двидовича дружину свою с половцы воеваша Брягин...”. Колькі вядомых імёнаў звязана з гісторыяй горада: кіеўскі князь Рурык Расціславіч, князі Вішнявецкія, Лжэдзмітрый I, князі Канецпольскія, магнаты Агінскія, Замойскія, Пшаздзецкія, Бжастоўскія і многія іншыя. У розныя перыяды горад належаў розным дзяржавам: у 1147 годзе — гэта горад Кіеўскага княства, у 1360—1370 гады — цэнтр воласці Вялікага Княства Літоўскага, з 1569 года — горад у складзе Каралеўства Польскага, у 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Расійскай імперыі. У 1917 годзе ў горадзе была ўстаноўлена Савецкая ўлада, але напачатку ён, паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, адносіўся да РСФСР, а са снежня 1926 года — да БССР.

Існуюць дзве версіі мясцовай легенды адносна паходжання назвы горада. Так, паданне сцвярджае, што адзін з братоў — заснавальнікаў паселішча трапіў у багну, якая імгненна пачала яго засмоктваць, а другі брат, не маючы магчымасці выратаваць яго і выцягнуць з балота, у роспачы крыкнуў “Бра-а-а, гі-нь!”. Паводле іншай версіі легенды, прыведзенай вядомым даследчыкам тапаніміі А. Ф. Рогалевым, калісьці ў гэтай мясцовасці разбойнічалі два ліхадзеі, якія люта ненавідзелі адзін аднаго. Здарылася так, што больш моцны з іх забіў свайго суперніка і кінуў у балота, прыгаворваючы: “Бра! Гінь!”, што значыць “брат, прападай”. Але легенды ёсць легенды. Яны звычайна ўзнікаюць тады, калі не выпадае магчымасці растлумачыць паходжанне назвы.

Сярод навукоўцаў няма адзінага погляду адносна паходжання наймення. Так, існуе меркаванне, што гэта назва ўтварылася ад назвы ракі Брагінка. Але з гэтым погледам ніякім чынам нельга пагадзіцца, паколькі структура гідроніма ўказвае на тое, што якраз найменне ракі з’яўляецца другасным, яно ўзнікла намнога пазней ад назвы горада. Паводле другой версіі, прапанаванай прафесарам А. Ф. Рогалевым, назва горада звязана з характэрнымі геаграфічнымі рэаліямі тых мясцін — багнамі, балотамі, дрыгвой. Вучоны лічыць, што назва горада ўзнікла на аснове слова “дрыгва”, якое ў палескіх гаворках выступае ў форме “брагва”. Існуе і трэцяя версія, якая некаторымі даследчыкамі ўспрымаецца як жартоўная, а на нашу думку, гэта версія і з’яўляецца найбольш праўдападобнай: назва горада ўзнікла ад імя-мянушкі чалавека Брага. Такое імя, а затым і прозвішча неаднаразова было засведчана ў старажытных усходнеславянскіх пісьмовых крыніцах, сустракаецца яно і зараз, асабліва часта на тэрыторыі Расіі. У сваю чаргу прозвішча Брагін узыходзіць да слова брага — так называўся хлебны напой, падобны на квас. Цалкам верагодна, што адзін з першых заснавальнікаў паселішча займаўся яго вырабам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter