Фликеры на одежде пешехода позволили водителю увидеть его в свете фар с 250 метров, а без них – всего лишь с 50

Пральём святло на флікер

Самыя распаўсюджаныя ДТЗ — наезд на пешахода. Пры гэтым сем з дзесяці такіх здарэнняў адбываюцца па віне вадзіцеляў. Гэта дадзеныя ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. Увосень, калі дажджы і туманы ўскладняюць дарожную абстаноўку, колькасць наездаў на пешаходаў традыцыйна павялічваецца. Нашыўкі, палоскі, камізэлькі, адзенне са святлоадбівальнымі элементамі... Ад асартыменту вочы разбягаюцца. Карэспандэнт «Р» адправілася з інспектарам ДАІ на вячэрняе дзяжурства і высветліла, які флікер самы эфектыўны.

Па чарзе прымацоўваем кожны з флікераў і адыходзім ад аўтамабіля, затым падлічваем адлегласць.

Ёсць праблема

На гадзінніку каля 18:00. Змяркаецца. Накіроўваемся на Старавіленскі тракт.

— Паводле статыстыкі, у большай палове выпадкаў наезды на пешаходаў адбываюцца ў цёмны час сутак — у асноўным на загарадных неасветленых ці дрэнна асветленых дарогах паблізу ад населеных пунктаў. Восенню і зімой, калі працягласць светлавога дня скарачаецца, наездаў адпаведна становіцца больш, — апісвае сезоннасць праблемы наездаў на пешаходаў старшы інжынер па арганізацыі дарожнага руху аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Віталь Саўц. — У такіх умовах вадзіцелі часта проста не маюць аб’ектыўнай магчымасці своечасова заўважыць пешахода.

Словы інспектара пацвярджае статыстыка. На тэрыторыі Мінска самыя распаўсюджаныя ДТЗ — наезд на пешахода. За студзень — верасень зарэгістравана 161 здарэнне, у якіх 12 чалавек загінулі, 158 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Прычыны самыя розныя. Топ-3 — парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў, пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы і на забараняльны сігнал святлафора.

З размовы з Машай пераконваемся, што правілы дарожнага руху яна ведае назубок.

Каля сярэдняй школы № 37 стоўпiлiся вучнi. Хтосьці вяртаецца дадому самастойна, кагосьці забіраюць бацькі.

— Раніцай тата адвозіць, а вечарам бабуля забірае, — кажа вучаніца чацвёртага класа гімназіі № 29 Маша і атрымлівае флікер ад інспектара ДАІ ў падарунак. З размовы з дзяўчынкай пераконваемся, што правілы яна ведае назубок. У адрозненні ад іншых школьнікаў. Назіраем, як прама на вачах у інспектара двое хлапчукоў з футбольным мячом у руках вырашаюць перабегчы пешаходны пераход. Аўтамабіліст у другой паласе б’е па тармазах, астатнія ледзь паспяваюць спынiцца, каб не сабраць паравозік…

— Перш чым пераходзіць праезную частку, трэба пераканацца ў адсутнасці аўтамабіляў, нават знаходзячыся на «зебры». Калі дарога слізкая, вадзіцель можа не паспець затармазіць, — даводзіць базавыя ісціны двум свавольнікам Віталь Саўц і дорыць кожнаму па флікеру.

Тэма пешаходных пераходаў заслугоўвае асобнай увагі. З-за парушэння правілаў іх праезду ў адным толькі Мінску здарылася 89 аварый, у якіх два чалавекі загінулі, 90 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Выйсці з цемры

Па назіраннях ДАІ, часцей пешаходы парушаюць правілы ў гадзіны пік. Сярод парушальнікаў — і моладзь, і сталыя людзі. Першыя спяшаюцца, другія, апраўдваючыся болем у нагах, скарачаюць шлях. Наша дзяжурства таксама не абышлося без парушальнікаў. Спачатку на вуліцы Ціміразева спынілі 74-гадовага пенсіянера, які так спяшаўся дадому, што вырашыў праскочыць «зебру» на чырвоны сігнал. Затым — дзвюх дам на вуліцы Старажоўскай, якія паленаваліся ісці лішнія 30 метраў да пешаходнага пераходу... Усе трое на першы раз абышліся папярэджаннем і атрымалі флікеры ў падарунак.

Важна: чым вышэй прымацаваны святлоадбівальнік, тым ён прыкметней!

А мы ўжо на вуліцы Веры Слуцкай. Адразу ж сутыкаемся з яркім прыкладам таго, як трэба абазначаць сябе ў цемры. Па абочыне ідзе пара з каляскай, усе з флікерамі, ззяюць, як навагодняя ёлка, а бацька яшчэ і з сігнальным ліхтарыкам у руцэ: усё ж такі дзіця ў калясцы, а дарога даволі цёмная.

— Чалавека, што перабягае дарогу ў цемры, вадзіцель заўважыць у лепшым выпадку за 30 метраў. Нават пры хуткасці аўтамабіля 50 кіламетраў у гадзіну яго тармазны шлях перавышае гэтую адлегласць, — падлічыў Віталь Саўц.

Флікер — не засцярога. Яго наяўнасць не гарантуе бяспеку. Вадзіцель павінен заўважыць яго здалёк. Калі святлоадбівальнік замацаваны на сумцы, ці будзе ад яго толк? Каб гэта праверыць, адпраўляемся на ўчастак вуліцы Рылеева. Ён дрэнна асветлены, а значыць, ідэальна падыходзіць для эксперымента.

— Ну што, бачыце пешахода? — Віталь Саўц звяртаецца да мяне.

Дарэмна ўзіраюся ў цемру, толькі метрах у 50 у блізкім святле фар пачынаю адрозніваць постаць чалавека без флікера.

Выпрабавана на сабе

Тэсціраваць будзем некалькі святлоадбівальнікаў. Можна было б прычапiць іх усе і закрыць гэтую тэму. Але пешахода, які свеціцца з усіх бакоў, можна сустрэць хіба што на агітацыйных банерах ДАІ. У жыцці ж мы носім пераважна цёмную вопратку і ў лепшым выпадку адзін флікер.

Эксперымент паказаў, што заклік насіць флікеры на дарозе рэальна працуе.

У выглядзе бранзалетаў, падвесак, палосак, камізэлек... Па чарзе прымацоўваем кожны з флікераў і адыходзім ад аўтамабіля, затым падлічваем адлегласць. У сярэдзіне эксперымента да нас падыходзіць вадзіцель серабрыстай Audi Анатоль. Ён пацвердзіў, што заклік насіць флікеры, які набіў усім аскому, на дарозе рэальна працуе:

— Магу сказаць ад імя ўсіх вадзіцеляў, што пешаходаў з флікерам відаць на значна большай адлегласці, чым без яго. Дзесьці метраў за 200. Лягчэй зарыентавацца і паспець прыняць правільнае рашэнне. Асабліва гэта актуальна для загарадных дарог.

Чаму флікеры свецяцца? Вось вам крыху фізікі. Яны зроблены з тонкіх палімерных лістоў, якія называюць катафотнымі матэрыяламі. Гэтыя матэрыялы ўтрымліваюць малюсенькія сферычныя ці пірамідальныя элементы, якія і адлюстроўваюць святло накшталт таго, як у цемры свецяцца вочы ката. Дзякуючы форме шара яны адбіваюць святло непасрэдна туды, адкуль яно трапіла на іх паверхню. Назад вяртаецца каля 80 працэнтаў святла. Такім чынам, бранзалет, нашыўка альбо падвеска самі становяцца крыніцай святла. Яркасць залежыць ад колеру матэрыялу: цёмныя паглынаюць больш святла, а светлыя больш адбіваюць.

Наш эксперымент не прэтэндуе на навуковасць. Тым не менш красоўкі са святлоадбівальнымі палоскамі збоку вадзіцель наогул не заўважыў, бо з-за звіліны дарогі святло фар на іх проста не трапляла. З флікерам-падвескай на сумцы трэба быць асцярожней: адзін няёмкі рух — і рукаў паліто можа яго закрыць. Бачнасць падвескі на сумцы склала 90 метраў — адлегласць пры скорасным руху крытычная. Самай эфектыўнай аказалася святлоадбівальная камізэлька. У ёй мяне ўбачылі за 250 метраў! Аднолькавыя вынікі паказалі куртка са святлоадбівальнымі палоскамі на спіне і флікер-бранзалет на рукаве. Іх вадзіцель разгледзеў з адлегласці каля 200 метраў. Што тычыцца бранзалета, то з ім тая ж бяда, што і з падвескай на сумцы, — ад святла фар яго можна закрыць адным рухам. Таму калі ўжо насіць такія флікеры, то лепш парамі: адзін на правай руцэ, другі — на левай.

— Флікеры на вопратцы да-зволілі вадзіцелю разглядзець пешахода ў святле фар з 250 метраў, а без іх — усяго з 50, — Віталь Саўц падвёў вынік эксперымента. — Правільнае святлоадбівальнае адзенне ці элементы дазваляюць больш чым удвая павялічыць дыстанцыю, на якой бачны пешаход. А на хуткасці 90 кіламетраў у гадзіну лішнія 100 метраў — гэта некалькі секунд, якія ў вадзіцеля будуць у запасе.

Адзенне з няздымнымі адбівальнікамі для дзяцей больш эфектыўныя за флікеры здымныя, пра якія можна забыцца ці згубіць. Важна: чым вышэй размешчаны святлоадбівальнік, тым ён прыкметней! У ідэале флікер павінен быць замацаваны на вышыні ад 80 сантыметраў да 1 метра ад паверхні праезнай часткі. Заплечнік са святлоадбівальнай нашыўкай, напрыклад, бачны метраў за 200. Святлоадбівальныя характарыстыкі таксама маюць значэнне. Па нормах бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 метраў.

gorbatenko@sb.by

Па чарзе прымацоўваем кожны з флікераў і адыходзім ад аўтамабіля, затым падлічваем адлегласць.

З размовы з Машай пераконваемся, што правілы дарожнага руху яна ведае назубок. 

Эксперымент паказаў, што заклік насіць флікеры на дарозе рэальна працуе.

Важна: чым вышэй прымацаваны святлоадбівальнік, тым ён прыкметней! 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter