Сусветны банк адзначыў, што эканоміка Беларусі прыходзіць у норму

Прагнозы часам мяняюцца

На мінулым тыдні Урад трымаў справаздачу перад Кіраўніком дзяржавы. Міністры расказалі, як развіваецца нацыянальная эканоміка і чаго варта чакаць у бліжэйшай будучыні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: у апошні час сітуацыя, відавочна, пачала мяняцца да лепшага: расце ВУП, разгружаюцца склады, намеціўся прыток інвестыцый. Учора такія ацэнкі пацвердзілі і прадстаўнікі міжнародных фінансавых арганізацый. У час прэзентацыі Эканамічнага агляду Сусветнага банка па Беларусі старшы эканаміст Себасцьян Экарт адзначыў, што некаторыя негатыўныя індыкатары, на якія ў пачатку года паказвалі эканамісты, пачалі прыходзіць у норму.

«У бягучым годзе чакаецца рост ВУП на ўзроўні 1,5%. Мы перагледзелі прагноз у бок павышэння ў параўнанні з прагнозам, які рабілі ў красавіку бягучага года. Асноўнымі рухальнымі сіламі паскарэння росту рэальнага ВУП можна назваць унутраны попыт і паляпшэнне паказчыкаў чыстага экспарту, а таксама скарачэнне тэмпаў імпарту тавараў», — не мог не прызнаць Экарт. 

У красавіку, сапраўды, настрой у Сусветным банку быў вельмі песімістычны. Там падлічылі, што на рост эканомікі больш чым на паўпрацэнта разлічваць не варта. На днях Белстат апублікаваў свежыя даныя па ВУП. У студзені—кастрычніку бягучага года ён узрос на 1,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да Br 620 трлн. 

У 2015 годзе на бурны рост эканомікі разлічваць не варта, папярэджваюць у СБ, але ўзроўню ў 1,8% мы дасягнём. Не трэба забываць пра такія фактары рызыкі, як вельмі нізкі рост эканомікі Расіі і Украіны, якія для нашай краіны лічацца ключавымі экспартнымі. А для зніжэння залежнасці Беларусі ад знешняй падтрымкі і стымулявання ўстойлівага эканамічнага росту, улічваючы рост прадукцыйнасці, Сусветны банк рэкамендуе нам забяспечыць макраэканамічную стабілізацыю і пайсці на комплексныя структурныя рэформы. Зрэшты, апошні пункт, можна сказаць, абавязковая частка любога прагнозу міжнародных фінансавых інстытутаў, такіх як, да прыкладу, ЕБРР або МВФ.

Пракаментавалі эканамісты Сусветнага банка і пытанні курсавай палітыкі. У апошні час нават ва Урадзе не раз агучвалі неабходнасць аслабіць нацыянальную валюту ўслед за суседнімі — расійскім рублём, украінскай грыўнай і казахстанскім тэнге. У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, даў зразумець, што курс беларускага рубля павінен заставацца стабільным, а фінансавая стабільнасць павінна быць галоўным прыярытэтам. Зрэшты, у СБ рэкамендавалі нашай краіне «прытрымлівацца гнуткай курсавай палітыкі».

«Ва ўмовах, калі назіраецца высокая валацільнасць курса ў суседніх краінах, вельмі важна, каб абменны курс захоўваўся гнуткім, — папярэдзіў Экарт. — Пры недастаткова высокім узроўні валютных рэзерваў рызыкоўна спрабаваць кіраваць рухам курса і не дапускаць паслаблення, у той час як валюта краін, якія з’яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі, аслабляецца».

Няма ліха без дабра. Згодна з Эканамічным аглядам Сусветнага банка, у першым паўгоддзі ў нас рэзка скараціўся імпарт тавараў, таму што працягвалася ўстойлівае паслабленне беларускага рубля да долара. Дэфіцыт гандлю таварамі знізіўся да 0,7% ВУП (у параўнанні з 3,9% год таму). А прафіцыт гандлю паслугамі ў памеры 2,1% ВУП забяспечыў агульны прафіцыт знешняга гандлю ў памеры 1,4%. На жаль, інфляцыя аказалася немаленькай. За дзевяць месяцаў яна склала 13,4%. Такі ўзровень эканамісты патлумачылі «павышэннем тарыфаў на паслугі транспарту і жыллёва-камунальныя паслугі і цэн на прадукты харчавання». Па выніках 2014 года, згодна з іх меркаваннямі, інфляцыя складзе 19,9%, а ў 2015-м — 20,8%.

benko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter