Праз год пачне працаваць другая узлётна-пасадачная паласа нацыянальнага аэрапорта «Мiнск»

Прагноз: перадаюць пасадкі

Чалавека сустракаюць па вопратцы... А вось візітоўкай краіны даводзіцца выступаць у першую чаргу аэрапорту. Канешне, сёння мы можам толькі пахваліцца нашай умоўнай візітнай карткай: яна — проста цукерка. За апошні час аэравакзальны комплекс значна абнавіўся як знешне, так і знутры. Усё — для камфорту пасажыраў. І гэта нядзіўна, бо iх паток за гэты год павялічыўся амаль на чвэрць. Аднак самы грандыёзны праект установы — новая ўзлётна-пасадачная паласа. Па папярэдніх даных, запрацуе яна якраз праз год — 7 лістапада. Вось такі падарунак да чарговага Дня работнікаў грамадзянскай авіяцыі. Карэспандэнт «Р» наведала галоўную авіяцыйную артэрыю краіны, каб яшчэ раз зірнуць на абноўкі і пракантраляваць будаўніцтва другой узлёткі.


Апрануцца з густам

Зыходнай кропкай карэннага рэфармавання аэрапорта стала простая прычына — пастаяннае павелічэнне пасажыра- і грузапатокаў. Тут сваё ўздзеянне, канешне, аказаў бязвізавы рэжым. Толькі за восем месяцаў такім чынам наведалі краіну каля 46 тысяч замежнікаў. Безумоўна, надыходзячыя Еўрагульні-2019 і ЧС-2021 па хакеі таксама налажылі свой адбітак. Да маштабных свят плануюць закупіць новае абсталяванне, у лепшы бок змяніць тэрмінал і прывакзальную плошчу, пашырыць кропкі грамадскага харчавання службы кейтэрынг.

Заходжу ў аэрапорт і спыняюся: змяненняў настолькі шмат, што вочы разбягаюцца… Адна зона з дзіцячымі атракцыёнамі чаго каштуе. Гэта самае гучнае месца на першым паверсе. Недалёка ад гэтай зоны адпачываюць бацькі каля бясплатных стоек для падзарадкі гаджэтаў. Яны могуць не толькі «падсілкаваць» сваю тэхніку, але і зусім бясплатна наведаць інтэрнэт праз агульнадаступны Wi-Fi на працягу трох гадзін з адной прылады.


Зусім нядаўна побач з рускай і англійскай мовамі на паказальніках з’явілася кітайская. Таксама цяжка не заўважыць прынтары для друкавання пасадачных талонаў і валютаабменныя машыны. Кіраўніцтва аэрапорта вырашыла іх усталяваць пасля недахопу наяўных грошай у абменніках аэрапорта падчас бязвізу. Зараз машыны дапамагаюць мяняць рускія рублі, долары, еўра і юані на нашу нацыянальную валюту.

— Сёння ў аэрапорце могуць камфортна адчуваць сябе і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, — асабліва падкрэслівае працу персаналу па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ва ўстанове прэс-сакратар Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» Раміна Саматханава. — Для іх устаноўлены два месцы для сустрэчы, радыёдаведка, маюцца крэслы-каталкі. Спецыяльна абсталяваны амбуліфт дастаўляе пасажыраў з асаблівасцямі адразу на борт.

Для камфорту пасажыраў таксама пабудавалі яшчэ адну стаянку больш чым на 1,5 тысячы месцаў, арганізавалі афіцыйны трансфер з дастаўкай па ўсёй краіне і пашырылі пункты агляду саюзнага сектара вылету 5—6.


У руках прафесіяналаў

Сёння Нацыянальны аэрапорт «Мінск» абслугоўвае на рэгулярнай аснове 19 авіякампаній, а пасажыры маюць магчымасць лятаць па 60 напрамках. Да нас большасць замежных гасцей прыбывае з Еўрасаюза і Лацінскай Амерыкі. У параўнанні з мінулым годам павялічылася колькасць рэйсаў у Рым, Парыж, Мілан, Жэневу і на іншых напрамках.

Карэнным чынам рэфарміруецца не толькі аэрапорт, але і штат установы. Па прычыне пастаяннага павелічэння пасажырапатоку павялічылася колькасць агентаў па арганізацыі абслугоўвання пасажырскіх авіяперавозак і грузчыкаў. Тут працуе каля трох тысяч чалавек. За гэты год плануюць стварыць яшчэ 50 працоўных месцаў.

Да працы ў нацыянальнай установе абы-каго не дапусцяць. Перад уладкаваннем на працу ўсе кандыдаты праходзяць комплексную псіхадыягностыку прафесійна важных якасцей і субяседаванне з кіраўніком структурнага падраздзялення. А спецыялісты са стажам рэгулярна накіроўваюцца на навучанне па пытаннях этыкі зносін, павышэння якасці абслугоўвання кліентаў і ўдасканалення валодання замежнымі мовамі.


Дарэчы, усе супрацоўнікі, якія працуюць непасрэдна з пасажырамі, валодаюць замежнымі мовамі. Толькі ў службе сэрвісу авіякампаніі на бліскучым узроўні англійскую мову ведаюць больш за 200 чалавек. Таксама спецыялісты здольны гаварыць на нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай, кітайскай і карэйскай мовах.

Апошнія метры

Пакуль што кучы пяску, якія праз год павінны ператварыцца ў адну з самых лепшых узлётна-пасадачных палос у Еўропе, зусім не падобныя на шлях, па якiм бягуць самалёты перад узлётам. Аднак праца кіпіць — засталося палажыць 600 метраў з 3700.

— Сучаснае абсталяванне дазволіць будучай узлётна-пасадачнай паласе прыняць усе тыпы паветраных суднаў, як па вазе, так і па габарытах. Не выключэнне і Airbus A380. Гэта найбуйнейшы серыйны авіялайнер у свеце, — гаворыць аб галоўных асаблiвасцях будоўлi Раміна Саматханава. — Лайнеры без цяжкасцей здолеюць садзіцца і ўзлятаць у любы час сутак і пры любым надвор’і.

Ведаеце, а знакаміты буйнагабарытны Airbus A380 можа сесці i на паласу, якая ў нас маецца сёння. А вось узляцець з яе — наўрад: не дазволіць крывізна рулявых дарожак. Ды і шырокафюзеляжныя судны надта руйнуюць паласу, пакідаючы пры пасадцы і ўзнікаючых ударах неймаверныя пашкоджанні. Новая ўзлётка будзе прадугледжваць гэтыя акалічнасці. Дзейнічаць яна будзе цалкам незалежна ад першай.

Максімальная прапускная магчымасць аэрапорта — каля 5,5 мільёна чалавек. За дзевяць месяцаў гэтага года ўстанова прыняла 3,2 мільёна пасажыраў. Маючы на ўвазе лічбы, пытанне пра будаўнiцтва другога тэрмінала пакуль з’яўляецца спрэчным. Аднак тэмпы павелічэння груза- і пасажырапатокаў насцярожваюць, таму, пагадзіцеся, прадугледзець і спраектаваць яго лепш загадзя.

ПАЗІЦЫЯ

Уладзімір КОСЦІН, дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый
:

— Усё выконваецца своечасова, і ў нас няма сёння сумненняў, што ўзлётна-пасадачная паласа будзе здадзена ў тэрмiн. Па ўказе гэта канец 2018 года, але ёсць канкрэтная дата, якая ўстаноўлена міністрам транспарту і камунікацый, — 7 лістапада 2018 года. Ужо ў гэтым годзе будзе здадзены цэх тэхнічнага абслугоўвання і рамонту новага Мінскага авіярамонтнага завода ў раёне нацыянальнага аэрапорта. Практычна ўсе работы ўжо выкананыя. У сярэдзіне 2018 года будзе здадзены цэнтр кіравання паветраным рухам у пасёлку Сокал.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter