В РНПЦ эпидемиологии и микробиологии разработали тест-систему по выявлению вируса гепатита Е

Прадухілім удар па печані

Калі вірусны гепатыт А дастаткова распаўсюджаная кішэчная інфекцыя і праяўляецца звычайнай жаўтухай, то вірусны гепатыт Е зусім новая і пакуль малавывучаная ў нашай краіне інфекцыя. Грунтоўныя навукова-даследчыя праекты па гэтай праблеме ў нас пачаліся некалькі гадоў таму. Навукоўцы абследавалі каля ста чалавек, якія адносяцца да груп павышанай рызыкі, выявілі антыцелы супраць узбуджальнікаў інфекцыі і прыступілі да распрацоўкі ўласнай ПЛР-тэст-сістэмы па вызначэнні віруса. Дарэчы, такі аналіз будзе каштаваць у дзесяць разоў менш, чым зроблены з дапамогай імпартнага ПЛР-набора, і абыдзецца пацыенту каля 15 рублёў. Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці. 

Абследаванне прайшлі каля ста чалавек, і ў выніку ва ўсіх групах выяўлены маркеры віруснага гепатыту Е.

Кроў, ежа ды вада


Навуковы праект па распрацоўцы тэст-сістэмы па выяўленні віруса гепатыту Е распачаўся ў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ў гэтым годзе. Але з чаго ўсё пачыналася? Спецыялісты абследавалі некалькі катэгорый насельніцтва — тых, хто адносіцца да груп павышанай рызыкі падчапiць гепатыт Е. Сярод іх — рэцыпіенты ныркі, цяжарныя жанчыны, пацыенты з гепатытам нявызначанай этыялогіі. Акрамя гэтых катэгорый, павышаную рызыку інфіцыравання маюць людзі, якія працуюць з мясам жывёл — жывёлаводы, паляўнічыя, мяснікі. Дарэчы, вірусны гепатыт Е распаўсюджваецца не толькі праз мяса, але і праз пітную ваду. Уявіце, наколькі такая інфекцыя можа быць пагражальнай для краін з дрэнным водазабеспячэннем.

Абследаванне прайшлі каля ста чалавек, і ў выніку ва ўсіх групах выяўлены маркеры віруснага гепатыту Е. Так у медыкаў і з’явілася задумка стварыць свой  дыягнастычны ПЛР-набор для выяўлення віруса, прычым не толькі ў клінічным матэрыяле пацыентаў — крыві ці пробе стулу, але і ў вадзе, прадуктах харчавання.  

ПЛР-набор выяўляе вірус не толькі ў клінічным матэрыяле пацыентаў — крыві ці пробе стулу, але і ў вадзе, прадуктах харчавання.

Варта нагадаць, што гепатыт Е праяўляецца стандартнымі для кішэчных гепатытаў сімптомамі: павышаная тэмпература, недамаганне, інтаксікацыя, дыярэя, пацямненне мачы, асвятленне калу і адпаведныя змены ў ферментах крыві, якія адказваюць за нармальную работу печані.

Што будзе з сябе ўяўляць?


Новая тэст-сістэма — з разраду найноўшых дасягненняў у галіне сінтэтычнай біялогіі, дзе кампаненты для дыягностыкі канструююцца штучным шляхам з выкарыстаннем самых перадавых біятэхналогій і геннай інжынерыі. ПЛР-тэст-сістэма будзе разлічана на 55 даследаванняў. Прычым яна атрымаецца мультыплекснай: у яе склад, акрамя рэагентаў на гепатыт Е, увойдуць рэагенты на гепатыт А. Між іншым, гэта два зусім розныя па ўзбуджальніках вірусы, таму для пацыентаў такая прапанова даволі выгадная. Выпускацца тэст-сістэма будзе ў двух варыянтах — як мультыплексным, так і адзінарным.

Кошт такога аналізу на гепатыт Е для жадаючых складзе каля 15 рублёў — гэта ў дзесяць разоў менш, чым прапануюць імпартныя пастаўшчыкі падобных набораў. Бясплатна аналіз па прызначэнні ўрача змогуць прайсці пацыенты, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні.  

Што ж, праект толькі распачаўся. Плануецца, што прайсці аналіз на гепатыт Е па ўласнай распрацоўцы беларусы атрымаюць магчымасць праз два-тры гады. Такая тэст-сістэма будзе запатрабавана не толькі ў клінічнай медыцыне, але і ў харчовай прамысловасці. Тым больш што ў памкненнях нашай краіны далучыцца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі вельмі важна, каб наша прадукцыя была канкурэнтаздольнай. Таксама ёй змогуць карыстацца ва ўстановах, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд і вытворчы кантроль за пітной вадой і харчовымі прадуктамі.

КАМПЕТЭНТНА

Тамара АМВРОСЬЕВА, загадчык лабараторыі інфекцый з прыродным рэзервуарам РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, доктар медыцынскіх навук, прафесар:


— У нашай лабараторыі распрацавана каля 20 разнастайных дыягнастычных набораў і тэхналогій у адносінах да кішэчных вірусных інфекцый: рота-, нора-, сапа-, энтэра-, адэнавіруснай інфекцый. Кішэчныя вірусныя інфекцыі перадаюцца кантактна-бытавым, паветрана-кропельным, а таксама водным і харчовым шляхамі, і штогод у краіне на іх хварэе каля 7—10 тысяч чалавек. Дарэчы, хутка мы атрымаем новае рэгістрацыйнае пасведчанне на мультыплексны ПЛР-набор па выяўленні ў клінічных матэрыялах людзей, вадзе і ежы адразу чатырох кішэчных вірусаў.

На тэрыторыі нашай краіны мы штогод рэалізуем каля 2 тысяч айчынных дыягнастычных набораў, а 30—35 працэнтаў ад іх ідзе на экспарт. Апошнім часам заключылі 29 дагавораў з Расіяй, некалькі — з Казахстанам, вядуцца перамовы з Украінай.

Таксама ў нашай лабараторыі даследуюцца інфекцыі, злучаныя з віруснымі ўскладненнямі ў рэцыпіентаў органаў і клетак. Напрыклад, пасля перасадкі ныркі можа ўзнікаць паліомавірусная інфекцыя, якая паражае мочапалавую сістэму. Некалькі гадоў таму мы стварылі айчынную ПЛР-тэст-сістэму па выяўленні колькаснага ўтрымання ўзбуджальніка дадзенай інфекцыі — ВК-віруса, што дае магчымасць урачам падабраць індывідуальнае лячэнне для кожнага пацыента. Сёння тэст запатрабаваны не толькі ў Мінскім гарадскім цэнтры хірургіі, трансплантацыі і гематалогіі, але і ў рэгіёнах.  

У наступным годзе пачынаем працаваць над праектам па распрацоўцы метадаў дыягностыкі і лячэння вірусных ускладненняў у дзяцей-рэцыпіентаў гемапаэтычных ствалавых клетак. Як правіла, клеткі касцявога мозгу перасаджваюцца малым з цяжкімі анкалагічнымі захворваннямі. Акрамя таго, што сама аперацыя ў цэлым каштуе каля 110—200 тысяч рублёў, клеткі донара могуць не прыжыцца з-за развіцця розных вірусных інфекцый, сярод якіх найбольш небяспечнымі з’яўляюцца герпетычныя вірусы. Па літаратурных даных, вірусныя ўскладненні ўзнікаюць у 10—40 працэнтах выпадкаў. Гэта будзе сумесны праект з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. На аснове нашых даследаванняў спецыялісты цэнтра змогуць павысіць якасць і эфектыўнасць лячэння дзяцей пасля перасадкі клетак, зменшыць тэрміны іх знаходжання ў стацыянары, а значыць, і суадносныя фінансавыя выдаткі дзяржавы.

Таксама ў наступным годзе мы плануем праект па вывучэнні новых так званых эмергентных кішэчных інфекцый, узбуджальнікі якіх дагэтуль не надта вывучаныя. У нашай краіне больш за 20 працэнтаў кішэчных інфекцый нявызначанай этыялогіі, прычым да 10 працэнтаў з іх можа быць звязана якраз з новымі, невядомымі для нашай краіны вірусамі. Мяркую, нашы распрацоўкі ў гэтай галіне стануць актуальнымі падчас II Еўрапейскiх гульняў-2019 і чэмпіянату свету па хакеі-2021.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter